Японія легалізавала казіно


Першыя адкрыюцца ў 2020-м годзе – урад спадзяецца на мільярдныя прыбыткі.

Верхняя палата японскага парламента ўслед за ніжняй ухваліла законапраект аб легалізацыі казіно, нягледзячы на пратэсты апазіцыі.

Цяпер гульнявы бізнес стаў законным – гэта можа прыцягнуць у краіну мільярды долараў інвестыцыяў.

Зрэшты, спачатку заканадаўцам спатрэбіцца распрацаваць сістэму ліцэнзавання і рэгулявання рынку, і першыя казіно наўрад ці з’явяцца ў Японіі да 2020 года, калі ў Токіа пройдуць Летнія Алімпійскія гульні.

Легалізацыі казіно ў краіне дамагаўся прэм’ер-міністр Сіндзо Абэ – ён лічыць, што развіццё гульнявога бізнесу прыцягне турыстаў і стане новым стымулам росту эканомікі. Прыхільнікі легалізацыі казіно мяркуюць, што Японія зможа скласці канкурэнцыю Макао, які зʼяўляецца цэнтрам гульнявай індустрыі ў Азіі, і куды вымушаныя ездзіць японскія аматары казіно.

Эксперты кажуць, што ігральных індустрыя апынецца ў Японіі папулярнай дзякуючы багатаму насельніцтву і блізкасці да Кітаю.

Kyodo News падае, што патэнцыял грашовага абароту гульнявай галіны ацэньваецца ў $ 30 млрд у год.

Супраць легалізацыі гульнявага бізнесу выступала парламенцкая апазіцыя – праз іх процідзеянне закон не маглі прыняць некалькі гадоў. Апаненты Абэ заяўляюць, што легалізацыя казіно прывядзе да росту злачыннасці і распаўсюджванню гульняманіі.

Пад ціскам апазіцыі ў норму закону ўнеслі, аднак, палажэнні аб абавязковым кантролі за распаўсюдам гульнявай залежнасці сярод жыхароў краіны.

ДД

Стужка навінаў