Японцы збіраюцца страляць з лазеру ў космасе


Сакрэтная зброя будучыні з дапамогаю лазеру будзе адстрэльваць ад станцыі касмічнае смецце.

У 1983 годзе пясчынка памерам менш за міліметр урэзалася ў ілюмінатар шатлу і пакінула на ім сурёзную расколіну, якая пагражала экіпажу. Аднак самым вядомым выпадкам стала сутыкненне ў 2009 годзе працоўнага амерыканскага спадарожніка «Iridium 33» з непрацоўным расейскім спадарожнікам «Космос», які на той момант ужо афіцыйна лічыўся смеццем, падае abcnews.go.com.

Вучоныя з вылічальнай астрафізічнай лабараторыі інстытуту фізічна-хімічных даследаванняў «Рыкен» у Японіі прапаноўваюць лазерную сістэму абароны для ўсталявання на Міжнароднай касмічнай станцыі. Мэта – знішчэнне касмічнага смецця, якое ўяўляе пагрозу для станцыі.

Новая зброя зможа дапамагаць вызначаць патэнцыйна небяспечныя пагрозы. Галоўныя інструменты – тэлескоп для знаходжання смецця і лазерная сістэма з ультрафіялетавым лазерам, каб адстрэльваць непажаданыя кавалкі фізічных аб’ектаў.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Вучоныя лічаць, што іхная прапанова адрозніваецца ад традыцыйных аперацыяў, якімі кіруюць з Зямлі, дзеля змянення становішча станцыі ў Космасе. Сістэма стане больш дакладная, хуткая і танная, адзначаюць стваральнікі высокатэхналагічнага вынаходніцтва.

Калі ўсё будзе ісці паводле плану, лазерныя імпульсы змогуць награваць сваім выпраменьваннем непажаданыя аб’екты падалей ад Міжнароднай станцыі і дапамогуць небяспечным кавалкам скіравацца ў атмасферу Зямлі, каб згарэць там.

Каманда вучоных спачатку паспрабуе разгарнуць на МКС пробны малы варыянт новай зброі. Калі ўсё спрацуе, пазней з’явіцца паўнавартасная версія страхоўкі ад касмічнай трагедыі на арбіце Зямлі.

Касмічнае смецце стала вялікаю праблемаю для чалавецтва за апошнія дзесяцігоддзі. З 1957 года адных спадарожнікаў запусцілі ажно больш за 7,5 тысяч.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Нават самыя маленькія аб’екты, якія засталіся пасля эксплуатацыі на арбіце Зямлі, пагражаюць працоўным станцыям і спадарожнікам. Яшчэ адная праблема – некіруемыя часткі, якія хаатычна сутыкаюцца і ствараюць гэткім чынам яшчэ больш аскепкаў, кожны з якіх можа нанесці шкоду каляземнай касмічнай інфраструктуры.

Вучоныя даўно шукаюць спосабы знішчэння непатрэбных элементаў на арбіце планеты: ад адмысловых касмічных транспарцёраў і арбітальных пыласосаў да спадарожнікаў, якія будуць аўтаматычна збіраць з выкарыстаных спадарожнікаў ды іншых аб’ектаў прыдатныя да выкарыстання новыя механізмы. Аднак здаецца, што гэтым разам з’явілася рэальная магчымасць развітацца з праблемаю касмічнага смецця назаўсёды.

Гарась Валатовіч, belsat.eu, паводле abcnews.go.com

Стужка навінаў