Яны зарабляюць, як могуць. Пенсіянеры-«нелегалы» на рынку


Чаму пенсіянеры вымушаныя займацца нелегальным гандлем на гарадзенскім рынку?

Хіба каля кожнага рынку можна ўбачыць пенсіянераў, якія «нібыта» нелегальна гандлююць старымі рэчамі, садавінай, гароднінай ды закаткамі. Аднак пры першым з’яўленні міліцыянтаў, такія гандляры вельмі хутка сыходзяць. Наш рэпартаж – пра тое, чаму пенсіянеры вымушаныя так зарабляць сабе на жыццё.

«Зарабіла на праезд»

На гарадзенскім цэнтральным рэчава-харчовым рынку «Скідальскі» такой з’яве ўжо хіба каля 20 год. Звычайна пенсіянеры гандлююць старымі кнігамі, посудам, вопраткай. Дзядулі звычайна выстаўляюць на продаж тронкі для сякер ці рыдлёвак, або самаробныя кухонныя лапаткі ды лыжкі. Некаторыя прадаюць дзіцячыя цацкі, упрыгожванні. Бывае, можна купіць закаткі ці садавіну з гароднінай у сезон.

Ёсць і тыя, хто мае візу ды можа нешта танней прывезці з Польшчы, а тут прадаць на рынку ды трошкі зарабіць. Такія гандляры спецыялізуюцца на каве, пральных парашках, ці на таннай вопратцы, што можна набыць у польскіх гіпермаркетах па зніжках.

Выходзяць жа на рынак гандляры ў асноўным па выходных, бо ў будні зарабіць нерэальна: «Як жыць? Вось так толькі па выходных і гандлюем. Сёння толькі 4 рублі зарабіла, на талоны на праезд. А бывае па нулях, за сваё ездзіш, з пенсіі «адкрайваеш» на праязны. Нават на талоны не хапае. Прашу людзей купіце вазачку за 2 рублі, мне хоць бы на талоны выручыць», – распавядае сваю гісторыю пенсіянерка Галіна.

Размову адразу падхопліваюць суседкі па «бізнэсу». Фактычна ў кожнай такая ж сітуацыя. Кожная стараецца зарабіць, каб неяк больш прыстойна жыць ці дапамагчы блізкім. Пенсіянерка працягвае: «Я адна жыву, то гэта вельмі цяжка. Усё хочацца ўнукам дапамагчы. Сама ўжо на хлеб і ваду пераходжу. 250 рублёў пенсіі, 40 – за кватэру. А я ветэран працы, 39 гадоў прапрацавала на заводзе кухарам, і вось так стаю цярплю».

15–20 рублёў – значны заробак на месяц

Бываюць і іншыя варыянты. Пенсіянер, які назваўся дзедам Валерам шчыра прызнаецца, што хоча купіць бутэльку гарэлкі, прапаноўваючы мінакам стары дыскавы тэлефон. Аднак, такіх толькі адзінкі.

Іншы мужчына-пенсіянер прадае розныя лямпачкі, драты, цокалі, старыя платы ды сцвярджае, што для старой электратэхнікі ў яго можна знайсці ўсё: «Хаджу па сметніках, шукаю старую сапсаваную электратэхніку, разбіраю яе затым, а потым вось прадаю. Пенсіі не хапае – 210 рублёў. А мне і за камуналку заплаціць, і жыгулька заправіць, каб на лецішча дабрацца. Для мяне 15-20 рублёў заробку на месяц – значная сума».

Некаторыя прадаюць нават ужыванае адзенне ды бытавую тэхніку савецкіх часаў ці 1990-х гадоў. Можна сустрэць фены ды плойкі для валасоў, радыё, сокавыціскалкі, электрабрытвы, настольныя лямпы ды нават «тэтрысы» і шмат чаго іншага.

«Прадаем усё, што не з’яўляецца неабходным у хаце. Можа і рэчы ў нас старыя, але яны працуюць ды людзям трэба. Зараз не такі час, што кожны можа сабе дазволіць новы кухонны камбайн, вось і купляюць то сокавыціскалку, то электратарку. Праўда рэдка, але купляюць», – кажа сямейная пара пенсіянераў. Пры гэтым запэўніваюць, што стараюцца жыць сціпла, большая частка пенсіяў ідзе на дапамогу дзецям ды ўнукам, а самі перабіваюцца, як могуць.

Чаму ніхто не хоча гандляваць афіцыйна?

На рынку «Скідальскі» усе «нелегальныя гандляры» праводзяць гандаль з зямлі. Пасцялілі цырату на зямлю, расклалі тавар, а ў дождж накрылі празрыстай цыратай яшчэ і зверху. Калі з’яўляецца патруль міліцыі, дык гандляры вельмі шпарка зварочваюцца ды ўцякаюць. Чаму так? За незаконны гандаль пагражае папярэджаннем ці штрафам. У асноўным – штрафам у 3 базавыя велічыні, як сцвярджаюць пенсіянеры.

Кіраўніцтва рынку ды падатковая ўзмучаюцца, чаму яны не карыстаюцца гандлёвымі месцамі? На рынку прадугледжаныя 120 гандлёвых месцаў!

Аказваецца, што пенсіянерам гандлёвыя месцы выдзяляюцца бясплатна, астатнім трэба заплаціць за дзень Br 1,61. Але ахвотных тут гандляваць амаль няма. Бо на гандлёвых месцах нельга прадаваць прадукцыю ўласнай вытворчасці, як закаткі ці мёд, або вяндліну, будзь то сала ці рыба. Нельга прадаваць вопратку, тэхніку і іншыя рэчы без адмысловай дакументацыі, якую на такі тавар наўрад ці можна атрымаць, а калі і можна, то за вялікія грошы, як пераконвалі шматлікія гандляры-пенсіянеры.

Але вось усё, што вырасла на ўласным агародзе прадаваць можна. Са словаў некаторых гандлярак морквай, бульбай ды буракамі, што з дазволеным гандлем не так усё проста. У любы дзень могуць з’явіцца супрацоўнікі санстанцыі ды калі ім нешта не спадабаецца ў тавары, то могуць даць штраф: «Людцы мілыя! Я засталася адна з сынам-інвалідам. Пенсіі ў нас з ім мізэрныя, а лекі яму дарагія. Ці то зрабіла я каму крыўду, што тут моркву ды бурак прадаю, які сваймі рукамі вырасціла, а мяне штрафуюць?», – выціраючы рукой слёзы падсумоўвае Зінаіда Мікалаеўна, пенсіянерка, што атрымала штраф месяц таму.

Большую ж колькасць пенсіянераў вымушае ісці на рынак ды пад пагрозай штрафу весці гандаль малая пенсія. Для некаторых гэта невялічкі бізнес, калі нешта прывезенае з Польшчы, прадаваць тут «з наварам». Аднак, і тыя, і тыя з’яўляюцца ахвярамі нежыццяздольнай дзяржаўнай эканомікі, якая нават не можа забяспечыць дастойную старасць сваім грамадзянам.

Мікола Дзямідаў

Глядзі таксама
Каментары