У Берасці працягваюцца судовыя працэсы над незалежнымі журналістамі


У Берасці працягваюцца судовыя працэсы над незалежнымі журналістамі. Цягам мінулага тыдня разглядаліся справы трох журналістаў і ні ў адным выпадку правасуддзе не стала на бок медыяў.

Алесю Ляўчуку суд адмовіў двойчы. Упершыню за супрацу з «Белсатам» журналіста судзілі яшчэ ў снежні 2014 г. – на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі»). Тады працэс адбыўся са шматлікімі парушэннямі. Журналіст даказаў, што ён з’ўяўляецца супрацоўнікам кампаніі БелаПАН, якая мае акрэдытацыю ў Беларусі. Але гэта не дапамагло – суд аштрафаваў незалежнага журналіста на 40 базавых велічыняў (тады 6 мільёнаў рублёў). Нічога не далі і звароты ў абласны суд.

А 30 красавіка суддзя берасцейскага абласнога суда Андрэй Васілюк адмовіў Ляўчуку ў скарзе на рашэнне Маскоўскага суда Берасця. Па тым жа «журналісцкім» артыкуле суд аштрафаваў Алеся Ляўчука на 21 базавую велічыню (3 мільёны 780 тысяч бел. рублёў). Журналіст даведаўся пра вынік судовага паседжання па тэлефоне.

«Мне было цікава, якім чынам суд будзе даказваць, што ананімны артыкул напісаў менавіта я», – сказаў Ляўчук у размове з belsat.eu – Аказваецца яны нічога даказваць не збіраюцца. Гэтае абуральнае парушэнне законаў ўваходзяць у супярэчнасць са здаровым сэнсам. Часам увесь гэты спектакль выглядае смешна і абсурдна, а людзі, якія выконваюць гэтыя палітычныя замовы – супрацоўнікі міліцыі і суддзі. Яны паводзяць сябе нізка. Я даўно не ўспрымаю гэты балаган сурезна, але займаюся гэтым працэсам, каб давесці справу да міжнародных структураў і паказаць, што з правамі чалавека ў нас усё вельмі кепска», – кажа журналіст.

Журналістку Тамару Шчапёткіну асудзілі паўторна

Спачатку ёй далі штраф 40 базавых велічыняў. Журналістка падала скаргу ў абласны суд, які не задаволіў яе, справа вярнулася з суд першай інстанцыі, які зноў прысудзіў Шчапёткінай штраф – 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў.

«Выходзіць, што я 8 студзеня 2015 году зрабіла інтэрвю з міліцыянтам, а апублікавала гэтае інтэрвю ў лістападзе 2014 году. Гэта ж абсурд! Гэты суд верыць у існаванне машыны часу, так атрымліваецца» – кажа Тамара Шчапёткіна.

Нагадаем, што сёлета беларускіх журналістаў ужо 12 разоў прызнавалі вінаватымі ў парушэнні артыкула 22.9 КаАП, а агульная сума штрафаў па гэтым артыкуле ўжо перасягнула суму ў 60 мільёнаў рублёў.

І гэта яшчэ, на жаль, не канец. За супрацу з «Белсатам» чакае суд менскага журналіста Сяргея Краўчука.

СА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары