«Яны не зрабілі ніякіх высноваў». Пра дыскваліфікацыю РФ інтэрв’ю з рэдактарам «Tribuna.com»

Wideo

Міністр спорту Расеі Павел Калабкоў. Фота Vladimir Gerdo/TASS

Беларусь не пакаралі гэтак, як Расею, якую адхілілі ад удзелу ў Зімовых алімпійскіх гульнях. Але скандал падзяліў беларусаў: адныя з дыскваліфікацыяй пагадзіліся, а іншыя супраць. Якою была афіцыйная рэакцыя Менску на гэту афёру? Інтэрв’ю Ігара Кулея з Алегам Гаруновічам, галоўным рэдактарам спартовага парталу «Tribuna.com».

Расейскую зборную адхілілі ад удзелу ў Алімпіядзе, але вядома, што спартоўцам пад нейтральным сцягам усё ж такі дазволілі выступаць. Усе чакалі рашэння Пуціна – ці ён дазволіць ім паехаць на Алімпіяду. На Вашую думку, будуць расейскія спартоўцы браць масавы ўдзел у Алімпіядзе ці будуць байкатаваць?

Шмат каго з тых, хто выступае на расейскім ТВ, можна назваць кароткім словам «флюгеры». Дастаткова паглядзець на Авечкіна. Так, ён выступаў не на ТВ, а проста выказваўся ў медыях. Спачатку ён быў супраць паездкі, пасля яго нібыта не так зразумелі, і ён ужо быў за паездку. Галоўны крытэрый – што скажа Пуцін. Скажа ехаць – паедуць, скажа не ехаць – не паедуць.

Большасць пякельных праграмаў, дзе ставілі выбар: ці ты патрыёт ці едзеш на Алімпіяду – выйшлі да заявы Пуціна. Заява зробленая, Пуцін не супраць паездкі. Хакеісты расейскія хочуць ехаць, і змянілася рыторыка. Плюс па шмат якіх спартсменах бачна, што яны хочуць ехаць. У асноўным «бла-бла» з непаездкай дазваляюць сабе людзі, якія завяршылі кар’еру. Дзейныя спартсмены хочуць ехаць, і мне падаецца, татальнага байкоту з боку Расеі не будзе. Усе, каго пусціць МАК, паедуць на Алімпіяду, у тым ліку і хакейная зборная.

А як беларускі нацыянальны камітэт адрэагаваў на гэта? Усё ж такі быў шанец хакейнай камандзе паехаць у Карэю, але, можа, ён споўніцца, і расейцы туды паедуць. Ці была нейкая афіцыйная рэакцыя беларускага боку?

Беларускія чыноўнікі павялі сябе даволі стрымана і не хацелі будаваць шчасця на чужых касцях. Яны прытрымліваліся добрасуседскай рыторыкі, і гэтая рыторыка вельмі асцярожная. Ніхто не адмаўляўся ад магчымасці скіраваць хакейную зборную на турнір, але пры гэтым былі стрыманыя. Адзін чыноўнік выказаў занепакоенасць, сказаў, што ён у шоку ад рашэння, але ўсё гэта сяброўскія словы на публіку, мне падаецца.

Ці можна чакаць нейкіх правакацыяў ад беларускай зборнай на Алімпіядзе? Падобна, як было на Паралімпійскіх гульнях, калі беларусы вынеслі сцяг. Дыскваліфікавалі аднаго з нашых удзельнікаў. Ці можа такое паўтарыцца?

Можна чакаць усяго. У складзе некаторых камандаў ёсць натуралізаваныя расейцы. Плюс той жа Фомачкін – расеец, і даведаецца, ці ў склад беларускай алімпійскай дэлегацыі будуць уключаныя іншыя натуралізаваныя чыноўнікі-расейцы. І нельга выключаць факту, што некаторыя беларускія чыноўнікі могуць нешта такое адчыбучыць. Хаця, думаю, у фрыстайле такога не будзе, бо там Ала Цупер – украінка, Кушнер – украінец. І калі яны яшчэ атрымаюць расейскія сцягі, гэта будзе забаўна. Але я не думаю, што нешта такое можа здарыцца.

Скажыце, як аўдыторыя вашага парталу зрэагавала на скандал у Расеі? На чыім баку яны былі і каго вінавацяць у допінгавым скандале – Расею ці заангажаванасць МАК?

Нечакана, але ў каментарах было шмат тых, хто абараняў Расею. Гаварылі пра тое, што гэта была правакацыя, што Расею прынізілі. Але шмат людзей, палова, лічаць, што пакаранне для Расеі адэкватнае, і не бачаць нічога кепскага ў рашэнні МАК.

А калі адсоткава паглядзець на гэта?

Цяжка назваць адэкватныя лічбы, паводле маіх адчуванняў 50/50, але гэта праз тое, што ў каментарах счапляюцца самыя актыўныя, разбіваюцца на пары, кучкі. Ёсць тры-чатыры актыўныя прыхільнікі адной пазіцыі і другой, і яны адно аднаго мочаць. Іншыя глядзяць і плюсуюць ды мінусуюць іхныя каментары.

У Расеі гэтае рашэнне МАК успрымаюць як палітычнае. Ці можна так казаць, ці гэта больш звязана са спортам?

Мне падаецца, гэта звычайная напалову крымінальная гісторыя з боку расейцаў. У кожным выпадку Расея не спрабавала нічога давесці сусветнай грамадскасці. У сваёй невінаватасці ўсё абмяжоўвалася нейкімі лозунгамі, агульнымі заявамі. І рэакцыя МАК на сённяшні момант, мне падаецца, абгрунтаваная. Проста ў Расеі не прызвычаіліся да такой рэакцыі. У Расеі на ўнутранай арэне могуць гаварыць пра тое, што ў прэмʼер-міністра купа грошай, і невядома, адкуль яны ўзяліся. І на гэта ніяк не рэагуюць.

Могуць гаварыць, што сын генпракурора будуе дзіўны бізнес і гінуць людзі. І на гэта ніяк не рэагуюць. Могуць гаварыць пра сябра прэзідэнта, у якога бяруцца мільярды долараў, і ніяк не рэагуюць. І калі справа дайшла да спартовага складніка, і Расея ніяк не адрэагавала на тое, што пры Мутко ўтварыўся такі балаган. І Мутко як быў міністрам спорту, так і застаўся міністрам спорту пасля Сочы.

Ці можна ўспрымаць ягонае павышэнне да віцэ-прэмʼера як знак таго, што яго прамаваў Пуцін?

Гэта прыкладнае тое, да чаго я вяду. Што Расея не зрабіла ніякіх высноваў. Ніякай рэакцыі, хаця б ветлівай. Хаця б карціннай рэакцыі, што мы будзем намагацца разабрацца, адхіліць вінаватых. Яе няма, таму МАК разабраўся прыкладна паводле закону.
То бок Расея не зробіць з гэтага ніякіх высноваў.

Штосьці будзе змяняцца ў спорце з улікам таго, што вы сказалі? Ці будуць нейкія наступствы? Ці калі вы лічыце, што Расея не пакаялася, то не будзе ніякай рэакцыі і не зменяць нічога ў сістэме свайго допінгавага кантролю ў спорце?

Нехта сказаў цікавую цытату на пачатку ХХ ст., што ў Расеі ўсё змяняецца штогод, але калі паглядзець на сто гадоў, то ў Расеі нічога не змяняецца. Я думаю, са спортам будзе прыкладна тое самае. І ніякіх высноваў не зрабілі, ніякіх крокаў у барацьбе з допінгам не ўжылі. У іх Родчанкаў ува ўсім вінаваты, а яны ні пры чым. Людзі, якія трапіліся на допінгу, сядзяць у Думе, кіруюць спортам, не зрабіліся ізгоямі. Пазіцыя Расеі зразумелая і наўрад ці яна зменіцца.

Беларусь была на другім месцы паводле колькасці медалёў, якія адабралі ў нас пасля Зімовай алімпіяды ў Сочы. Чаму да Беларусі не было такога самага стаўлення, як да Расеі? Чаму Беларусь асобна, і Расея асобна? Ці гэта не падвойныя стандарты ў дачыненні краінаў, якія ўжываюць допінг?

Усё ж такі Расея лідаруе з вялікім адрывам у дыскваліфікацыях, таму ў Беларусі дакладна ніколі не было вялікай сістэмы спажывання допінгу. Беларусь не спрабавала падмяніць пробы ці штосьці яшчэ. Расею пакаралі не проста за допінгавыя парушэнні, але за спробу махінацыяў, за спробу паўкрымінальных дзеянняў падмены тэстаў. У большай ступені гэта быў падман, чымся прыём допінгу.

Інтэрв’ю паказалі 8 снежня ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Іншыя тэмы праграмы:

  • Беларусь – упершыню на армію будзе больш грошай чым на абарону
  • Эканаміст: Паўдзікую Прыпяць хочуць пераўтварыць у канал
  • Ці беларусы – за абмежаванне нядзельнага шопінгу ў Польшчы?
Глядзі таксама
Каментары