Пракурор Януковічу: «Ці бачылі вы, як забівалі людзей?». Януковіч: «Так. Я глядзеў»

video

Былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч падчас судовага паседжання па справе аб забойстве дэманстрантаў на Майдане ў 2014 годзе папрасіў прабачэння ў сваякоў загінулых.

«Я хачу звярнуцца да пацярпелых або тых, хто прадстаўляе іхныя інтарэсы цяпер у зале. Я хачу папрасіць у вас прабачэння, каб вы зразумелі і ведалі, што я рабіў усё, каб гэтай трагедыі не было», – сказаў Януковіч падчас відэадопыту, які ўжо доўжыцца 7 гадзінаў.

Януковіч дадаў, што «гатовы адказаць на ўсе пытанні, каб «знайсці ісціну».

«Ці глядзелі вы тэлевізар? Ці бачылі вы, як забівалі людзей?», – запытаўся падчас слуханняў у экс-кіраўніка Украіны пракурор. «Так. Я глядзеў», – адказаў Януковіч.

У судовым працэсе Віктар Януковіч выступае ў якасці сведкі, пытанні яму зачытваюць з Святошынскага раённага суду Кіева, дзе ўжо паўтары гады ідуць слуханні па справе аб расстрэле на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве 20 лютага 2014 года. На лаве падсудных – пяцёра былых байцоў кіеўскага спецпадраздзялення «Беркут». У выніку супрацьстаяння на Майдане Незалежнасці ў Кіеве загінула больш за 100 асобаў.

Першая спроба дапытаць Януковіча праз відэасувязь была зробленая 25 лістапада, але допыт не адбыўся, бо ў залу паседжанняў не даставілі абвінавачаных – актывісты заблакавалі іх у будынку Лукʼянаўскага следчага ізалятару ў Кіеве.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары