Януковіч хоча вярнуцца ва Украіну


Адвакат Віктара Януковіча распавёў пра тое, што былы прэзідэнт хоча вярнуцца ва Украіну.

Заява адваката Віталя Сярдзюка была зроблена ў інтэрв’ю выданню «Главком».

Паводле інфармацыі Сярдзюка, справа супраць Януковіча спыненая, расследаванне не вядзецца. Пры гэтым былы прэзідэнт гатовы даваць сведчанні, але не на тэрыторыі Украіны, бо «баіцца за сваю бяспеку», адзначыў адвакат.

«У яго (Януковіча) ёсць намер вярнуцца ва Украіну і для гэтага будуць рабіцца прававыя крокі. Януковіч з сябе паўнамоцтваў не складаў і не самаўхіляўся ад кіраўніцтва краінай. Працэдура адхілення кліента ад пасады была праведзеная з грубым парушэннем Канстытуцыі Украіны. Нельга было праводзіць дадзеную працэдуру не ў форме імпічменту, а пастановай Вярхоўнай Рады», – заявіў Сярдзюк.

Віктар Януковіч быў прэзідэнтам Украіны з 25 лютага 2010 года. 22 лютага 2014 года пасля трох месяцаў пратэстаў на Майдане Вярхоўная Рада прызнала, што ён “самаўхіліўся» ад пасады і не выконваў сваіх абавязкаў, пасля чаго былі абвешчаныя новыя прэзідэнцкія выбары. У лютым мінулага года Януковіч пакінуў Украіну, цяпер з сям’ёй пражывае ў Расеі.

НМ, belsat.eu, паводле «Главком»

Стужка навінаў