Янка Запруднік – у Беларусі


Пасля доўгага перапынку ў Менск прыехаў адзін са стаўпоў беларускай эміграцыі, дзеяч замежжа доктар Янка Запруднік. У жніўні навукоўцу споўніцца 90 гадоў. І своеасаблівым падарункам стаў выхад кнігі «Кантакты» ў серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны».

Кнігу ўклалі вядомыя даследчыкі замежжа Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч. Яна пабудаваная на шматлікіх лістах, якія Янка Запруднік цягам дзесяцігоддзяў атрымліваў у Нью-Ёрку ад людзей з Беларусі.

«Кантакты для нас у эміграцыі, на выгнанні, вельмі важныя з людзьмі з Бацькаўшчыны, таму што яны дапамагалі захоўваць веру ў Бацькаўшчыну, веру ў нашую нацыянальную справу», – кажа Янка Запруднік.

Янка Запруднік, які жыве ў эмiграцыі з 17 гадоў, стаў сапраўдным правадніком паміж беларусамі на радзіме і за акіянам. Таму ў гэтай кнізе ён не проста адрасат, але і галоўны герой.

«Ён быў рэдактарам газеты «Беларус», дзе мог публікаваць тыя самыя лісты-звароты ад сваіх суродзічаў з Беларусі. І актыўна гэта выкарыстоўваў, таму да яго звярталіся. Ён быў вельмі актыўны грамадскі дзеяч, гісторык, кантактаваў і з творчымі асобамі тут у Беларусі, і з грамадскімі дзеячамі. І гэта ўсё адлюстравана ў гэтай кнізе», – кажа ўкладальніца кнігі Наталля Гардзіенка.

На сустрэчу з Янкам Запруднікам і ягонаю жонкаю Надзеяй у Пушкінскую бібліятэку прыйшло шмат вядомых асобаў – сярод іх пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Вольга Іпатава, мастак Алесь Марачкін, палітык Станіслаў Шушкевіч ды многія іншыя з тых, хто якраз ліставаўся з навукоўцам. У сваёй прамове ён сказаў, што ўражанне ад наведвання Беларусі дваістае – гэта і боль, бо тут не пачуеш роднай мовы з вуснаў малых дзетак, але і надзея на тое, што праца на карысць Бацькаўшчыны не марная.

Глядзіце рэпартаж з сустрэчы ў выданні праграмы «Культура»

[/vc_column_text][vc_video link=”https://youtu.be/WtoWPQVHqns?t=1m34s”][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў