Яна ёсць! 10 брэндаў беларускай fashion-індустрыі

photo

Калі пасля пытання пра беларускіх дызайнераў вопраткі ў галаву прыходзіць толькі Айплатаў – артыкул для вас. Воля Жарнасек піша пра 10 творцаў, якія могуць уцерці нос не аднаму замежнаму мадэльеру.

SAMOSCHENKO

Шырокая публіка, можа, і не ведаць імя Вольгі Самошчанкі, але гэтая дызайнерка стаяла ў самых вытокаў беларускае моды. Ейны першы паказ адбыўся роўна 20 гадоў таму на конкурсе «Мамант», але ў 2000-х Самошчанка больш сканцэнтравалася на кар’еры ў Маскве (зрэшты, паспяхова). Апошнія гады, аднак, можна назваць трыумфальным вяртаннем дызайнеркі з замежным досведам на беларускі рынак.

DOFAMINE

Яшчэ адно вяртанне, якое падняло статус айчыннай fashion-індустрыі, належыць да Веранікі Харашун. Выпускніца Cambridge School of Visual and Performing Arts вярнулася на радзіму пасля 7 гадоў у Брытаніі ды Італіі, каб стварыць уласны брэнд пад назваю DOFAMINE. Днямі Вераніка прэзентавала капсульную навагоднюю калекцыю, натхнёную Японіяй, чым значна падняла планку для калег па цэху.

TSU RAN

Адзенне ад Наташы Цуран – гэта мода высокага ўзроўні па дэмакратычным кошце. Дызайнерка характарызуе свой брэнд перадусім як вопратку з характарам для моцных і свабодных духам людзей. Настолькі свабодных, што натхненнем для адной з апошніх ейных калекцыяў стаў украінскі бомж Славік.

IVORY by Mila Ignatik

Гісторыя Мілы Ігнацік – пра тое, як звычайны хэндмэйд з гліны ператварыць у вытворчасць эксклюзіўных упрыгожанняў з уласнай філасофіяй.

Новая калекцыя «Кактусы», са словаў самой Мілы, паказвае вобраз сучаснай жанчыны. Бо з намі, як з кактусам: хочацца падыйсці і дакрануцца, але страх укалоцца часта перамагае.

Tanya TUR

Калі вам па дарозе з іроніяй, то асаблівую ўвагу варта звярнуць на творчасць Тані Тур. Ейная апошняя калекцыя «КоКо» была прэзентаваная на Беларускім тыдні моды па-за асноўнымі паказамі, але на галаву біла паказы некаторых «топавых» дызайнераў. Перадусім – яркімі і небанальнымі аплікацыямі, якія даўно сталі распазнавальным знакам брэнду.

Kardash

Птушыная тэматыка была ключавой і ў новай калекцыі брэнда Kardash. Хоць тут не было ані кроплі іроніі. Дызайнерка Вольга Кардаш да моды падыходзіць сур’ёзна, а сімвалам ейнага адзення на наступны сезон стаў бусел – вольналюбівая птушка, якая не ведае межаў.

Julia Babiy

Дызайнерка Юлія Бабій – архітэктар паводле адукацыі. Што зрэшты нельга не заўважыць у ейных калекцыяй, якія зачароўваюць дасканалымі прапорцыямі і незвычайнымі формамі. А таксама гэта той прыклад, калі адзенне можа быць выгодным і адначасова элегантным, што асабліва ацэняць працаўнікі офісаў.

Max Mironov

Падобныя якасці – выгода і якасны дызайн – характэрныя для вырабаў Макса Міронава. Першыя торбы ён ствараў, каб пацешыць сваю дзяўчыну, а ў выніку прыносіць радасць шматлікім жанчынам не толькі ў Беларусі, але і за межамі.

Tikota Unique

Адным з самых паспяховых праектаў беларускага дызайну апошніх гадоў можна і варта назваць брэнд «Tikota Unique». Як кажа назва, многія з рэчаў выконваюцца ў адзіным экзэмпляры. Новая калекцыя «Novel with cocain» стала адною з самых смелых не толькі на апошнім Тыдні моды ў Менску, але і наагул за ўсю – хоць і кароткую – гісторыю беларускай моды.

Fur Garden

Гісторыя, хоць і кароткая, але б не была поўнай без брэнду Fur Garden. Гэта прадуманае і «дарослае» адзенне, адным з галоўных плюсаў якога з’яўляецца выкарыстанне натуральных тканінаў. Вельмі б хацелася, каб з часам, спалучэнне «беларускі трыкатаж» асацыявалася менавіта з такою вопраткай.

Глядзі таксама
Каментары