Яна стала дэпутаткаю ў Бельгіі, ён – 15 гадоў на сацыялцы. Гісторыі беларусаў замежжа

video

Чаму беларусы з’язджаюць і як яны ўладкаваліся за мяжой? Ці маральна гэта – кідаць Радзіму ў складаныя часы і што можна зрабіць, каб гэтыя людзі вярнуліся? Пра гэта – дыскусія ў ток-шоу «Форум».

Адказы на гэтыя пытанні можна паглядзець у відэа вышэй, а мы прапануем вашай увазе гісторыі беларусаў, якія вырашыліся на эміграцыю.

Kaciaryna Andreeva

Кацярына Андрэева, журналістка:

У выніку вярнулася ў Беларусь. Праблем і складанасцяў, якія б вымусілі эміграваць у Іспанію, не было. Я з’ехала ў пошуках досведу. Мне было 19 гадоў, і я хацела самастойнасці, жыць незалежна ад бацькоў. Пераехала ў Малагу. Ведала іспанскую мову, мела дакументы і працоўную візу: яе ўзялі выкладаць іспанскую мову расейскім эмігрантам і ангельскую – мясцовым іспанцам.

Калі я прыехала ў лютым, высветлілася, што трэба пачакаць да верасня. Я маю працоўную візу на год, але не маю ні месца, дзе жыць, ні грошай, аніякай падтрымкі. Даводзіцца працаваць у розных месцах – пачынаючы ад нянечкі да афіцыянткі ў рэстаране і перакладчыцы. Калі я сказала майму працадаўцу, што ў мяне сканчаецца віза, ён нічога не зрабіў, каб мне дапамагчы. Калі паскардзілася, што грошай атрымліваю менш, чым прапісана ў кантракце, мне сказалі: «Даруй, але ў нас крызіс. І ўвогуле, дзяўчынка, ты адкуль прыехала? Як твая краіна называецца? Прыднястроўе? Скажы нам «дзякуй».

Halina Matsiushyna

Галіна Мацюшына, дэпутатка гарадской рады Антвэрпэна:

Я прыехала ў Бельгію з прыватных прычынаў. За тры гады стварыла сабе працоўнае месца. Я даволі паспяховы чалавек. Цягам трох гадоў я займалася валанцёрскай працай і паралельна прыбірала чужыя кватэры. Вы павінны разумець, што вас там ніхто не чакае. Я жыву 17 гадоў, і штодня працую па 14-15 гадзін. У мяне вельмі мала выходных. Трэба ўвесь час сваю прыдатнасць пацвярджаць. Як толькі ты спатыкнуўся і ўпаў, усе па табе прайшлі – і ўсё.

Афіцыйна зарэгістраваных беларусаў у Бельгіі – на сённяшні дзень каля 2 тыс. Легалізаваць сёння шлюб – вельмі працяглая працэдура, вельмі складаная ў параўнанні з тою, што была 10-12 гадоў таму. Вы трапляеце ў асобны спіс паліцыі, ёсць закрытая платформа, куды сцякаецца інфармацыя, усё там пад кантролем.

Не люблю нашу «беларускасць»: хто сапраўдны, хто несапраўдны, хто фальшывы, хто не фальшывы. Я зыходжу з той пазіцыі, што я дэпутат, працую з мігрантамі. Прыходзіць беларус або прадстаўнік іншай нацыянальнасці і кажа: я тут жыву тры месяцы і не магу запісаць дзіця ў школу, таму што гэта можна зрабіць толькі праз інтэрнэт. Інакш нельга, хоць ідзі туды, хоць не ідзі. Я чалавеку дапамагаю.

Уладкаваных беларусаў вельмі мала. Не кожны гатовы ўкладаць велізарныя высілкі, каб рэалізаваць сябе ў прафесіі. Зрабіць кар’еру – гэта велізарная праца.

maryna vaskova

Марына Васкова, саўладальніца крамы-outlet:

Жыву з сям’ёй у Бельгіі 15 гадоў. Разам з партнёркаю трымаю краму-outlet. Спачатку было вельмі цяжка і хацелася дадому. Але калі ты пачынаеш развівацца, расці, займацца любімай справай, ты адчуваеш, што твая Радзіма – і там, і тут.

janka dziashuk

Янка Дзяшук, працаўнік фірмы «Axel Vervoordt»:

50 на 50. Камусьці з беларусаў удалося наладзіць жыццё ў Бельгіі, хтосьці стаў на пастаянных кантрактах працаваць ці свой невялікі бізнес адчыніў. А ёсць, на жаль, і такія людзі, якія атрымалі ўсе бонусы ад заходняй сацыяльнай сістэмы і загразлі ў гэтым, сядзяць на тым самым узроўні, на якім былі 10 гадоў таму.

mikola ramanau

Мікола Раманаў, жыве на сацыяльную дапамогу:

У Беларусі быў грамадскім актывістам, удзельнічаў у шматлікіх пікетах і акцыях. 15 гадоў жыву ў Бельгіі. З іх працаваў лічаныя гады, паводле сацыяльнага кантракту. Трэба мову ведаць і мець жаданне. Шмат хто з нашых эмігрантаў не вельмі імкнецца на працу. Гэта дзіўна выглядае, але мне падаецца, больш інтэграваліся людзі, якія былі несумленныя.

Ток-шоў «Форум» выходзіць на «Белсаце» па суботах а а 21:10.

Глядзець іншыя выданні Ток-шоў «Форум»

ІА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары