«Яна паглядзела на мяне, як на вар’ята, але што ж... Вар’ятаў таксама кахаюць»


Як паэт і палітык знайшоў сваёй каханне? Чаму маленькі Валодзя Някляеў кінуўся на бацьку з сякерай? Інтэрвʼю belsat.eu з самым рамантычным з беларускіх палітыкаў.

«Адзін з вартавых, якія днявалі і начавалі ў нашым доме падчас майго хатняга арышту, на развітанне сказаў пра маю жонку: «Яна – свята»

– Чым падчас знаёмства Вас прывабіла Вашая жонка?

– Тым, што ўбачыў у вачах: на дзіва светлая, чыстая, наросхрыст адкрытая душа. І бязмежна даверлівая, якая нібы не ведае, што ў свеце ёсць бруд, цемра, мана. Такую падмануць – катастрофа. Я старэйшы быў, думаў: ну, гэта праз тое, што юная, жыцця ва ўсёй ягонай жорсткасці не спазнала, а спазнае – пройдзе. Не. Спазнала, ды так, што нікому не пажадаю, а не прайшло. Бо гэта яе сутнасць. Не дзявочая ці жаночая – чалавечая. Яно ці ў мужчыне, ці ў жанчыне – без розніцы. Гэта ці ёсць, ці гэтага няма. Зрэшты, як і іншых якасцяў: вернасці, самаахвярнасці, мужнасці.

Неяк я, калі мы толькі пазнаёміліся, вырашыў выпрабаваць яе на вернасць, мужнасць. Пайшоў цераз раку па лёдзе, які ўжо крыгамі плыў. Амаль ноч была, страшна, цёмна. Яна паглядзела на мяне, як на вар’ята, але што ж… Вар’ятаў таксама кахаюць. І пайшла за мной…Так мы з ёй і йдзем па жыцці. Па лёсе, па лёдзе, па крыгах.

– А якой сёння павінна быць жанчына: хатняй гаспадыняй ці больш арыентавацца на кар’еру, справы?

– Не думаю, што тут можа быць нейкае адно меркаванне. Кожнаму – сваё. Вось Вольга мая не арыентуецца на кар’еру, але я не магу назваць яе хатняй гаспадыняй… Хоць чакайце, што гэта я кажу?.. Зараз яна выйдзе з заявай: калі я не гаспадыня, дык сам гатуй і прыбірай. Гаспадыня, вядома. І галоўнае, што хатняя. Але яна не для таго, каб боршч варыць, – разумееце?

Мне нават адзін з вартавых, якія днявалі і начавалі ў нашым доме падчас хатняга арышту, сказаў на развітанне: «Хоць яна і строіла нас па ўсёй праграме, але яна – свята…». Паспрабуйце зрабіць свята ў доме, калі ў ім людзі з пісталетамі! Гэта не па сілах ні хатняй гаспадыні, ні карерыстцы. Толькі жанчыне, якая кахае…

Мы не ў хатніх гаспадарках, не ў карерных справах, разумееце? У свеце, у жыцці – вось мы дзе. Якія б мы баршчы ні варылі, ці якія б пасады ні займалі.

– І ўсё ж, калі сурёзна, Чым мужчына адрозніваецца ад жанчыны?

– У гіпаталамусе і гіпакампе. У мужчыны большы гіпаталамус, у жанчыны – гіпакамп. Калі ж сурёзна, любы чалавек – гэта прыродныя здольнасці, памножаныя на выхаванне і магчымасці. Выхаванне і магчымасці стварылі як Уінстана Чэрчыля, гэтак і Маргарэт Тэтчэр. І я не ўзяўся б вызначаць, у каго з іх большы інтэлект.

Увогуле мне падабаецца і жартам, і ўсурёз сказанае Джэймзам Стэфансам, адным з пачынальнікаў (разам з Толкіенам, Льюісам) жанру фэнтэзі. Ён сцвярджаў, што жанчыны разумнейшыя за мужчын, бо, ведаючы меней, разумеюць болей.

«Пад старасць, калі тая ж жанчына, на якую ў вас кулакі сціскаліся, будзе пясок, які з вас пасыплецца, падмятаць»

– Вам калісьці даводзілася ўдарыць жанчыну? Ці ёсць нейкія жанчыны (ці, можа, былі), якіх Вам гэтак хацелася пакалаціць, што аж рукі ў кулакі сціскаліся?

– Я шалею, калі б’юць жанчыну. Гэта яшчэ з дзяцінства. Я ўжо недзе пісаў, як аднойчы мой бацька, круты такі мужык, ваяка, пасля нейкага сходу, на якім не змог давесці сваё, кінуўся, каб злосць сарваць, з кулакамі на маці. І мне як нечым вочы заслала: нічога не бачыў, апроч сякеры на дрывотні, якую схапіў – і на бацьку! А я любіў яго…

Але не таму не засек, што любіў, я каго хочаш засяку за маці, за сваю жанчыну. Проста куды мне было, хлапчуку, з мужыком, які вайну прайшоў, справіцца. Толькі і ён са мной не справіўся. Ну, вырваў з рук сякеру, але не больш за тое… Аслупянеў, рукі ў яго разам з сякерай павіслі – і ён ніколі болей на маці іх не падымаў.

Толькі гэтак я стаўлюся да сітуацыі, калі б’юць жанчыну, больш ніяк. А ў выпадках, калі кулакі сціскаюцца, раю ціскаць эспандэр. Пад старасць, калі тая ж жанчына, на якую ў вас кулакі сціскаліся, будзе пясок, які з вас пасыплецца, падмятаць, у вас хоць артрозу не будзе.

– Якая якасць ёсць галоўная ў жанчыне?

– Мысленне сэрцам.

– Ці згодны Вы з меркаваннем, што амаль па-за ўсім, што робяць мужчыны, стаяць жанчыны? Што нібыта яны (маці, жонкі, каханыя, палюбоўніцы) насамрэч кіруюць мужчынамі? І калі мужчынамі кіруюць жанчыны, а большасць мужчын усё ж кіруецца вераю ў бога, дык, можа, ён таксама жанчына?

– Меркаванне, што амаль за ўсім, што робяць мужчыны, стаяць жанчыны, слушнае. І не ў тэорыі слушнае, яно сцверджанае фактамі гісторыі. Гарэмніца Неферціці кіравала фараонам Эхнатонам, Клеапатра – Цэзарам і Маркам Антоніям, Марыя Валеўская – Напалеонам… Між іншым, пад што яна саступіла яму? Пад абяцанне вярнуць незалежнасць Польшчы! Напалеон, праўда, не зусім выканаў паабяцанае, аднавіў незалежнасць Польшчы толькі часткова. То бок, аказаўся ён, як амаль кожны мужчына (ці ва ўсякім разе, як амаль кожны імператар) падманшчыкам, але тут ужо ні Марыя, ні Клеапатра не пры чым.

Тое самае, што ў палітыцы, маем мы ў мастацтве. Тут нават нешта большае, бо ў мастакоў, у паэтаў іх жанчыны не проста каханкі – музы. Гэта Лесбія ў Катула, Беатрычэ ў Дантэ, Лаўра ў Петраркі, Каміла Кладэль у Радэна, Ліля Брык у Маякоўскага, Гала ў Сальвадора Далі, пра якую ён казаў: «Без Галы я ніхто».

Што да беларускіх мастакоў, паэтаў, дык людзі яны, так скажам, больш сціплыя, сарамлівыя, музам сваім публічна ў каханні не прызнаваліся. І ўсё ж музы ў іх былі: Паўліна ў Купалы, Ганна ў Багдановіча…

З гэтага не вынікае, што Бог – жанчына. Але тое, што жанчына – багіня, з гэта вынікае.

…Я з лёсам

Біўся на нажах,

Пакуль мяне ты не любіла.

Ты мне адкрыла смерці жах.

Не,

Жах жыцця ты мне адкрыла.

На міг

На ростанях Сусвету

Любоў

Знайшла маю душу.

Я не прашу кахаць за гэта…

Я літасці тваёй

Прашу.

Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў