«Яна небяспечная, бо жывая і будзе працягваць пісаць»

video

https://youtu.be/Mr9uSs2XLCw

 Яна здабыла Нобэля для краіны, але адзінае, што атрымала ад дзяржавы – сціплыя віншаванні, а пазней і крытыку.

Дзяржаўныя тэлеканалы паказалі некалькі рэпартажаў пра творчасць пісьменніцы, але адмовіліся трансляваць урачыстую цырымонію ўручэння Святлане Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

Чаму ўлады не хочуць прызнаваць найвышэйшай літаратурнай узнагароды нашай суайчынніцы? І чаму дзяржава працягвае ігнараваць сваю першую нобэлеўскую лаўрэатку?

Стасункі Святланы Алексіевіч з дзяржаваю ніколі не былі простымі. З пачатку дзвюхтысячных гадоў сёлетняя нобэлеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры была вымушаная жыць у эміграцыі на знак пратэсту супраць усяго, што адбывалася ў краіне.

«Беларуская ўлада робіць выгляд, што мяне няма, мяне нідзе не друкуюць», – зазначае Святлана Алексіевіч.

Вось і цяпер, ужо пасля таго, як стала вядома пра ўзнагароджанне Алексіевіч нобэлем, кіраўнік краіны павіншаваў літаратарку адным з апошніх і прызнаўся, што ейную апазіцыйнасць можна перажыць, але пазней, падчас канцэрту расейскага прадзюсара Віктара Дробыша, назваў яе «кепскім сынам» Беларусі.

«Нават лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія яшчэ не паспелі атрымаць яе, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну. Гэта няправільна, гэта не апазіцыйнасць, абсалютна няправільна» – мяркуе кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Талент Алексіевіч не можа быць ацэнены ўладамі яшчэ і таму, што сапраўдная творчасць можа моцна ўдарыць па іміджы Аляксандра Лукашэнкі, мяркуе рэжысёр Юрый Хашчавацкі.

«Яна для іх небяспечна, таму што яна жывая, яна дзейнічае, яна піша і яна будзе працягваць пісаць. А цяпер пасля таго, як яна ўзмацнілася, бо Нобэль дае гэтае ўзмацненне, бо дае ўзмацненне і ў плане іміджу», – тлумачыць рэжысёр Юрый Хашчавацкі.

Але не толькі з гэтае прычыны стаўленне дзяржавы да Алексіевіч склалася такім, мяркуе першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Бо ўлады не здольныя прымаць крытыкі на свой адрас і ўзнагароджваюць паводле савецкай традыцыі толькі тых, хто спявае ёй салодкія гімны.

«Адзначаныя дзяржавай могуць быць толькі тыя, хто дагаджае ёй, хто прынізіўся да страты чалавечай годнасці, дагаджаючы прымітыву і абсалютна недапушчальным выхадкам, бескультурʼю – сямейнаму і дзяржаўнаму», – выказваецца Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Стасункі пісьменнікаў і ўладаў Беларусі ніколі не былі ідэальнымі. Калісьці ігнараванне дзяржаваю зазналі Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў. Але сапраўдны талент наўрад ці патрабуе гэткага прызнання.

Віталь Бабін, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары