«Яму прыгразілі, каб маўчаў». Новыя дэталі справы кантрактніка, падазраванага ў гандлі зброяй


У 8-й радыётэхнічнай брыгадзе (супрацьпаветраныя войскі), імаверна, адзін са служачых выносіў зброю на продаж. Разам з ім падазраюць яшчэ дваіх – прапаршчыка і міліцыянта з Баранавіцкага райаддзелу ўнутраных спраў. Belsat.eu даведаўся імя галоўнага падазраванага і тое, што незадоўга да арышту яму пагражалі невядомыя.

Напярэдадні «Наша Ніва» са спасылкай на ананімныя крыніцы паведаміла, што 24-гадовы прапаршчык Дзмітрый К., які служыў у роце матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння на пасадзе загадчыка складам, з мінулай восені вынес з в/ч 29969 сорак адзінак зброі – аўтаматы, пісталеты Макарава, гранаты, патроны. Падазраваны нібыта проста клаў аўтамат у заплечнік і праходзіў праз КПП. Яго ніхто не правяраў, хоць склад знаходзіцца на тэрыторыі 61-й авіябазы, важнага аб’екту беларускай арміі.

«Дзіма стаўся пешкай у чужой бруднай гульні»

Карэспандэнтка belsat.eu даведалася, што галоўнага падазраванага завуць Дзмітрый Кульжык (1994 г.н), ён родам з Кобрына. Як паведамілі сваякі Кульжыка, ён быў затрыманы ў канцы чэрвеня, аднак маці даведалася толькі праз пяць дзён, калі ў яе кобрынскую кватэру прыйшлі з ператрусам сілавікі. Хлопцу інкрымінуюць злачынства паводле ч. 3 арт. 294 КК («Крадзёж зброі групай асобаў з мэтай збыту»).

Дзмітрый Кульжык, фота са старонкі ВК

«Прыехалі, сунулі нейкае пасведчанне. Тады мне зрабілася блага, перадінфарктны стан, выклікалі «хуткую», – кажа маці.

Жанчына сцвярджае: падчас ператрусу ні ў яе, ні ў службовай кватэры сына ў ваенным гарадку ў Баранавічах нічога не знайшлі. Блізкія Дзмітрыя ўпэўненыя, што ён не вінаваты.

«Калі б ён сапраўды гандляваў зброяй, то меў бы грошы. А так я, працуючы на двух працах, дапамагала яму сплачваць крэдыты. Дзіма нават прадаў свой ноўтбук. Ужо пасля затрымання я прыйшла ў тую кватэру і не ўбачыла ніводнай новай рэчы», – працягвае маці вайскоўца.

«Мы ў шоку. На маю думку, Дзіма проста стаўся пешкай у чужой бруднай гульні, адказнасць ляжыць на высокіх чынах. Ну як звычайны прапаршчык мог вынесці зброю з часткі і тым больш яе незаўважна прадаваць?!», – абураецца цётка Кульжыка.

Сваякі: Яму паступалі пагрозы

Апошнім часам сям’я Кульжыка заўважыла ягоныя дзіўныя паводзіны. Прыязджаючы дадому, ён часта быў у нервовым стане, а калі яму тэлефанавалі – заўжды выходзіў у іншы пакой.

«Вясною Дзіма прыехаў да дзядзькі ў госці. Было бачна, што ён нервуецца, чакае чагосьці… Раптам патэлефанавалі. Дзіма, як звычайна, выйшаў, а я вырашыла паслухаць размову. Ад яго прагучала наступная фраза: «Лепш так, чым у мяне граната пад нагамі выпадкова разарвецца». Такім чынам мы зразумелі, што яму паступалі пагрозы», – кажа цётка.

Цяпер Кульжык знаходзіцца ў Баранавіцкім СІЗА. Пасля затрымання яго спачатку даставалі ў ваенную камендатуру. Праз некалькі дзён маці прыйшла туды на спатканне з сынам.

«Ён сказаў: «Мама, лепш я буду тут, але жывы». Яму прыгразілі, каб маўчаў, разумееце?»

Паводле інфармацыі ад блізкіх Кульжыка, па справе затрыманыя больш за 3 асобы, прычым частка з іх – у Менску.

«У гандлі замяшаныя людзі з КДБ. Гэта мне ў камендатуры распавяла жанчына, чый муж таксама праходзіць па гэтай справе», – тлумачыць маці.

Адвакат сказаў ёй, што суду варта чакаць не раней, чым праз 3-4 месяцы. Імя абаронцы ёсць у рэдакцыі belsat.eu, але не разгалошваецца ў мэтах бяспекі. Пакуль невядома, дзе менавіта адбудзецца суд: у Баранавічах ці ў Менску. Наша крыніца кажа, што падазраваны супрацоўнічае са следствам. Па звестках «Нашай Нівы», ён даў паказанні яшчэ на аднаго прапаршчыка 8-й брыгады і на высокапастаўленага супрацоўніка Баранавіцкага РУУС.

Дзмітрый Кульжык, фота са старонкі ВК

«Сам па сабе Кульжык да такога б не дадумаўся»

Belsat.eu звязаўся з былымі саслужбоўцамі Дзмітрыя Кульжыка. Салдат Р., які нядаўна праходзіў тэрміновую службу ў 8-й брыгадзе і ведаў яго асабіста, выказвае здагадку:

«Сам па сабе Кульжык да такога б не дадумаўся. Хутчэй за ўсё, яго на гэта падбіў хтосьці з роты матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Сам ён – чалавек сярэдняга розуму. Стасункі ў яго ні з кім асабліва не складаліся».

Р. мяркуе, што тыя, хто стаіць за продажам зброі, не панеслі адказнасці.

Цікавы факт: у лістападзе 2015 года газета Мінабароны «Во славу Родины» станоўча адгукалася пра кантрактніка Кульжыка. «Дзіма малады, але гэта спецыяліст у пагонах, які добра ведае сваю справу», – пісала армейскае выданне. Яшчэ ў званні старэйшага сяржанта ён быў прызначаны адказным за захоўванне табельнай зброі.

Раней Міністэрства абароны пацвердзіла «Intex-Press», што ў адной з баранавіцкіх частак адбылося надзвычайнае здарэнне, але адмовілася даваць падрабязнасці.

***

Гісторыя 8-й радыётэхнічнай брыгады СПА налічвае 77 гадоў. У 1998 годзе «за поспехі ў баявой падрыхтоўцы, навучанні і выхаванне асабістага складу, узорнае нясенне баявога дзяжурства, забеспячэнне надзейнай аховы паветраных межаў Рэспублікі Беларусь» брыгада ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

У 2002 годзе 8-я брыгада ўвайшла ў склад войскаў Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА.

Сёння асабісты склад 8-й брыгады ўдзельнічае ва ўсіх маштабных вучэннях Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама тактычных вучэннях з баявой стральбой на палігоне «Ашулук» у Расеі.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў