Якую прадукцыю прапаноўваюць прадаваць ІП?


У Гомлі бізнесоўцаў спрабуюць зацікавіць продажам прадукцыі беларускага легпрама. Але фасоны, колеры і асартымент шмат у каго з прадпрымальнікаў выклікалі, мякка кажучы, расчараванне.

Аптовыя цэны – як на рынку адпускныя і небагаты асартымент. Дыялог паміж індывідуальнымі прадпрымальнікамі ды прадстаўнікамі акцыянернага таварыства «Дыялог-Гомель», чыя мэта – наладзіць супрацу былых ІП з айчыннымі вытворцамі, выйшаў эмацыйны.

«У вас тут асартымент – я не бяру якасць матэрыялаў: нешта ў Кітаі закуплена, нешта ў Турцыі. Нармальны матэрыял, нармальны. Але мадэлі пакідаюць жадаць лепшага. Асартымент тут набярэцца на 3-4 пункты на рынку. Усё! У вас тут нічога няма! Пуста!» – абураецца прадпрымальнік Аляксей Байкін.

Прадстаўнікі «Дыялог-Гомлю» кажуць, што выдаюць сертыфікаты і на імпартную прадукцыю. Аднак на вешалках пераважна беларускія начныя кашулі, халаты і сукенкі на выхад. Таго ж, пра што найчасцей пытаюць пакупнікі ў гэты сезон, няма. Ніводнай курткі, ніводных, нават імпартных, джынсаў. У Беларусі джынсаў наагул не шыюць. Але і тыя беларускія тавары, што ёсць, гандляроў не пераконваюць:

«За два гады я спрабавала працаваць з Беларуссю. Я даю пакупніку штаны – калі яму не падабаецца і ён сыходзіць, я даю польскія – яна апранае і ідэальна! У іх белая тканіна – я кажу – «мне, калі ласка, карычневы» – яны перафарбоўваюць».

Палова прадпрымальнікаў, пабачыўшы асартымент на вешалках, з выставы сышлі адразу.

«Гэта вось сёння яны так актыўна пачалі гаварыць нам трэба тое, тое і тое. Але канкрэтна якая прадукцыя, у якой коштавай катэгорыі, нам ніводны прадпрымальнік не сказаў: Нам трэба світак з закупкай  сто тысячаў, і каб ён быў з якаснага палатна. Апроч эмацыйных прамоваў мы нічога не чулі», – кажа дырэктарка ААТ «Дыялог-Гомель» Ірына Шэвелева.

Прадпрымальнікі ж кажуць, што разумеюць – беларускай лёгкай прамысловасці пакуль да Кітаю далёка:

«Я вам проста распавядаю, як працуюць кітайцы. Два разы за сезон яны мяняюць увесь мадэльны шэраг: як што не пайшло – на смецце, шыюць новае. Вы так працаваць пакуль не зможаце».

На шыльдзе адкрытага акцыянернага таварыства «Дыялог-Гомель» значыцца «Тавары галоўных прадпрыемстваў за кошты вытворцаў». На справе ж тавары галоўных прадпрыемстваў аказваюцца нямоднымі, а «кошты вытворцаў» – неканкурэнтаздольнымі.

МВ, belsat.eu

Стужка навінаў