Якія закаткі зрабіць на зіму? Раяць вядоўцы «Белсату»


Мы не пакладаючы рук рыхтуемся да новага сезону нашага тэлешоу «Я не буду гэтага есці!»: прэм’ера ўжо ў верасні. Але зімы ніхто не адмяняў! Таму бяжым на рынак і хуценька робім закаткі.

Вось вам тры класных рэцэпты ад шэф-кухара і аднаго з вядоўцаў шоу «Я не буду гэтага есці!» Аляксандра Чыкілеўскага і той, хто гэтае шоу прыдумаў, – вядоўцы праграмы «Прасвет» і кулінарнай блогеркі Аліны Коўшык.

Шэф-кухар і вядоўца тэлешоу «Я не буду гэтага есці!» Аляксандр Чыкілеўскі. Фота Сержа Аўсяніка

Хатняя аджыка

Рэцэпт Аляксандра Чыкілеўскага

  • перац чырвоны – 0,5 кг
  • морква – 0,5 кг
  • яблыкі – 1 кг
  • памідоры – 1 кг
  • часнык – 50 г
  • востры перац чылі – 30 г
  • алей – 70 г
  • соль – 30 г
  • цукар – 100 г
  • воцат – 70 мл
Аджыка. Фота wikipedia.org

Яблыкі ды перцы ачышчаем ад насення. З яблыкаў здымаем скуру. Моркву чысцім. Яблыкі ды гародніну перакручваем на буйной мясарубцы і варым на павольным агні цягам гадзіны. Затым дадаем спецыі акрамя часныку. І варым яшчэ каля гадзіны, увесь час памешваючы. Даем астыць, дадаем здробнены часнык. Захоўваем у халадзільніку, у слоіку з пластмасавым вечкам.

Аліна Коўшык на здымках праграмы «Я не буду гэта есці!». Фота Алены Судзьінай

Хатняя нутэлла са сліў

Рэцэпт шакаладнага павідла для лянівых ад Аліны Коўшык

  • слівы
  • шакалад (на кожны кг сліваў – 100 г шакаладу)
  • какава (на кожны кг сліваў – 1 лыжка какавы)
  • цярплівасць
Нутэла са сліў. Фота Аліны Коўшык / 1000i1koushyk.blogspot.com

Слівы мыем і дастаем косткі. І гэта самая складаная частка нашай працы. Цяпер уключаем духоўку на 170 градусаў. Слівы высыпаем на вялікую бляху з высокімі бартамі (можна і ў рондаль). Дзверцы духоўкі пакідаем прыадчыненымі (можна ўставіць драўляную лыжку): нам патрэбная шчыліна, каб выпаралася вада.

Пячэм каля гадзіны, павялічваем тэмпературу да 200 градусаў і трымаем яшчэ 2 гадзіны. У працэсе слівы можна не чапаць, а можна і перамешваць раз на паўгадзіны драўлянай лыжкай, каб пякліся больш раўнамерна.

На наступны дзень яшчэ раз прыкладна на гадзіну ставім у духоўку, разагрэтую да 200 градусаў. Потым дадаем шакалад і какаву, дакладна перамешваем (можна нават у блэндэры, каб атрымаць больш далікатную кансістэнцыю), i яшчэ з паўгадзінкі пячэм у духоўцы.

Павідла павінна быць густым і цёмным. Слоікі мыем, выпарваем у духоўцы, накладаем павідла і закручваем покрыўкі.

Зялёныя памідоры

Рэцэпт Аліны Коўшык, прывезены з падарожжа да гаспадара сядзібы «Экафанія» Міколы Матрунчыка падчас здымкаў чарговага сезону шоу «Я не буду гэтага есці!».

На 3-літровы слоік спатрэбіцца:

  • зялёныя памідоры – 2 кг (можна больш, калі яны дробныя)
  • сушаны кроп (ножкі, парасоны, зеляніна)
  • хрэн – лісце і / або корань
  • часнык – 1 галоўка (калі квашу гародніну, часнык звычайна не чышчу, а проста разразаю зубок, каб скурка
  • таксама ўдзельнічала ў заквасцы)
  • чорны перац гарошкам – да 10 шт.
  • духмяны перац гарошкам – 6-8 шт.
  • гваздзік – 3-6 бутонаў
  • перац пякучы – 1 шт. (для тых, хто любіць вастрэй – парэзаць)
  • лаўровы ліст – 1-3 шт. (хто колькі любіць)
  • соль – 2 ст. л.
  • цукар– 2 ст. л.
Фота belsat.eu

Складаем усе інгрэдыенты ў слоік у любым зручным для нас парадку, заліваем вадой з-пад крана, закрываем капронавым вечкам (або закручваем вінтавым, не зацягваючы). Трымаем 1–3 дні пры пакаёвай тэмпературы, пакуль змесціва не памутнее.

Затым пераносім у склеп або ставім у халадзільнік. Праз 2 месяцы памідоры будуць гатовыя, але захоўвацца могуць і даўжэй.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на nebudu.belsat.eu, а таксама: «ВКонтакте», на Facebook, у «Одноклассниках» и в Instagram.

Стужка навінаў