Якія асацыяцыі з Беларуссю мае Сандра Насіч? Нямецкая рок-зорка дала інтэрв’ю «Белсату»


Нядаўна ў Менску ўпершыню адбыўся канцэрт нямецкага гурта «Guano Apes». Журналіст Belsat.eu Яўген Балінскі даведаўся ад вакалісткі гурта Сандры Насіч (Sandra Nasić), чаму «Guano Apes» менш папулярны за «Rammstein» і з якой прычыны спявачцы не падабаецца конкурс «Еўрабачанне».

– Па-першае, вядома, мы хацелі б павіншаваць Вас з Днём нараджэння, які быў не так даўно…

– Вялікі дзякуй!

– Ведаеце, калі чалавек сталее на адзін год, іншы раз яго адольвае пачуццё, што ён чагосьці не паспеў… У Вас ёсць гэта пачуццё?

– Не зусім. Вы ведаеце, я заўсёды старалася рабіць тое, што важна для мяне, і таму я проста не спяшаюся, а раблю тое, што мне трэба.

– У Дзень нараджэння прынята падводзіць некаторыя вынікі – вы задаволеныя сваёй карерай?

– Так, напэўна. Я вельмі люблю сваю працу. А той факт, што гэта робіць шчаслівымі і іншых людзей, робіць любую працу яшчэ лепшай. Што ж да майго жыцця, то яно заўсёды была прыгодай.

– Ці Вы можаце сказаць, што Дзень нараджэння падчас канцэртнага тура – гэта ідэальна для Вас?

– Ну, на самай справе, – не. Дзень нараджэння на гастролях – гэта не ідэальна. Вядома ж, лепш, калі ты святкуеш дома, з сям’ёй і сябрамі. Але бывае так, што Дзень нараджэння прыпадае на тур. У мяне было некалькі добрых Дзён нараджэння падчас тура, з пірожнымі на сцэне, з падарункамі ад прыхільнікаў, і іншымі прыемнымі момантамі пасля. У гэтым жа годзе мне ўдалося адсвяткаваць яго ўдома, у коле дарагіх мне людзей.

– У 1996 годзе ваш гурт перамог у буйным песенным конкурсе «Local Heroes» у Нямеччыне, што стала трамплінам для вас. Ці Вы можаце ўзгадаць той момант?

– Нічога дзіўнага – мы былі вельмі шчаслівыя і скакалі, як вар’яты, як дзеці. Гэта сапраўды быў уваходны квіток у свет стварэння нашага брэнду, у свет тэлевізара, выдаўцоў. І тады мы выйгралі нашыя першыя грошы, якія пасля паспяхова выкарысталі для запісу дэбютнага альбома. Тады я сапраўды зразумела, што гэта старт нашага вялікага шляху.

– Што наагул азначае «Guano Apes»? Як вы гэта прыдумалі?

– Мы хацелі прыдумаць нейкую незвычайную назву, штосьці, што пачыналася б з галосных «a», «e», «і», «u», «o». Побач з «i» мы і знайшлі ўсе астатнія літары і атрымалі гэтую назву. Гэта адмысловы гатунак спецый. Наагул, гэта досыць іранічна, я думаю.

– Калі мы чуем словазлучэнне «нямецкая музыка», то першыя асацыяцыі, – гэта «Rammstein», калі мы гаворым пра гурты, якія пачалі прыкладна ў адзін час з вамі. Чаму гэты гурт, а не «Guano Apes»?

– Розніца ў тым, што я заўсёды спявала на англійскай. Іншае – гэта тое, што «Rammstein» – гэта заўсёды правакацыйныя, выбуховыя тэмы – гэта добра тым, што пачынаюцца дыскусіі вакол цябе і тваёй групы. Яшчэ адзін момант – іх шоу. Калі я ўпершыню ўбачыла гэта, мне гэта падалося нейкім гіганцкім мюзіклам. Я добра разумею, чым яны ўзялі сваю публіку. Але ў нас ёсць яшчэ некалькі маладых нямецкіх гуртоў, якія заваёўваюць папулярнасць у Еўропе, напрыклад, «Beatsteaks» ці «Toten Hosen».

– Што пераважае ў Вас: жанчына ці рок-герой?

– Вы ведаеце, я не раблю вялікай розніцы паміж гэтымі паняццямі. Калі вы прыходзіце на імпрэзу, вы проста робіце гэта з пэўным настроем. Калі я выходжу на сцэну, я проста знаходжуся ў рэжыме «вечарынка».

– Пра ваш апошні альбом «Offline». Мінуў ужо год ад моманту яго выхаду. Ці Вы можаце сказаць, што там ёсць песні, якія публіка ўспрымае так, як хіты з вашых мінулых альбомаў?

– Наагул, мне здаецца, у нас атрымаўся добры альбом з выдатнымі песнямі. Але ўсё ж гэта больш нейкія дыджэйскія танцавальныя хіты, як, напрыклад, «Close to the sun» ці «Hey last beautiful». І, мне здаецца, нашым прыхільнікам гэта падабаецца.

– Аднойчы ў інтэрвю Вы сказалі, што гэты альбом быў напісаны ў «складаныя часы«. Гэта мае дачыненне толькі да Вас ці ў больш глабальным сэнсе? І якія тады часы цяпер?

– Гэта і былі, і працягваюцца цяжкія, але цікавыя часы. Ёсць вельмі шмат рэчаў, у якіх мы павінны разабрацца: вялізарныя патокі інфармацыі, тэхналогіі не стаяць на месцы, і мы мусім дайсці да некага балансу паміж развіццём, прагрэсам і адаптацыяй усяго гэтага. Важна, каб спажывец не ўспрымаў сурёзна кожную новую »рэч« толькі таму, што яна даступная. Наагул, я не супраць інтэрнэту, але гэта не вельмі добра, калі мы занадта ад яго залежым – ад яго цяпер залежыць усё, і сувязь, і нашае здароўе, і харчаванне, і транспартныя зносіны. І мне не падабаецца ідэя тэхналагічнай сінгулярнасці, імклівай тэхнічнай рэвалюцыі. Наагул, альбом «Offline» шмат у чым пра гэта.

– Першая асацыяцыя, калі я кажу «Беларусь»…

– Мне здаецца, маладыя людзі ў Беларусі, як, напэўна, і ўсюды вельмі клапоцяцца і хвалююцца пра сваю будучыню. А наагул я спадзяюся, яны нядрэнна бавілі з намі час. Мне захацелася вярнуцца.

– А Вы ведаеце што-небудзь пра беларускую музыку?

– На жаль, не. Я нічога не чула пра яе.

– Што Вы думаеце пра конкурс «Еўрабачанне»? Як Вы ставіцеся да гэтай імпрэзы?

– Шчыра кажучы, я не вялікі прыхільнік гэтага конкурсу, таму што, мне здаецца, кожная песня там гучыць амаль аднолькава. Але мне вельмі падабаецца ідэя імпрэзаў, якія аб’ядноўваюць Еўропу, і музычныя або спартыўныя падыходзяць для гэтага лепш за ўсё. Наагул, пераможца, вядома ж, у парадку, а яшчэ мне спадабалася песня з Латвіі – гэта было смела і незвычайна. Мы яшчэ вернемся!

Размаўляў Яўген Балінскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары