Якім запомняць сёлетняе «Басовішча» (ВІДЭА)


Беларуская музыка ў незалежным фармаце – у польскім мястэчку Гарадок на Падляшшы прайшоў 27-ы фестываль маладой беларускай музыкі «Басовішча».

Фэст традыцыйна ладзіць Беларускае аб’яднанне студэнтаў у Польшчы, а сёлетнія зоркі – «Крамбамбуля», «Brutto», «Dzieciuki», «Re1ikt» ды адкрыцці мінулага года – гурты «Наві» і «Тонкіход» – не далі засумаваць ды нават прысесці шматлікай публіцы.

Традыцыйны характар фэсту дадае яму вагі і сярод музыкаў, мяркуе Уладзь Лянкевіч з гурта «TONQIXOD»:

«Рэч, якая трывае 27 гадоў, мае такую сталую гісторыю, сама сабою заслугоўвае ўвагі, гэта такая знакавая рэч, пра яго ведаюць усе, немагчыма не ведаць, што такое «Басовішча».

Сёлета прыз маладых выканаўцаў узяў Яўген Кучмейка, бард, чалавек-аркестр і заснавальнік праекту «.К». Ягоную творчасць музычныя крытыкі параўноваюць з раннімі матывамі расейскіх гуртоў «Сплін» і «Пікнік», хоць гучанне «.К» далёкае ад тыповай рок-стылістыкі.

Песні Яўген выконвае па-беларуску і па-расейску, галоўнае для яго – унутраны рэзананс:

«Я стараюся, каб адна мова была, але ўсё ж клапаны калі адчыняюцца, то ў мяне лезуць усе мовы, у мяне цэнзуры такой няма, галоўнае, каб усё гэта было шчыра».

Стылістыка «Басовішча» паступова змяняецца – калі раней лаўрэатамі моладзевага конкурсу станавіліся тыпова альтэрнатыўныя гурты кшталту «B:N:» або «Mauzer», то летась першае месца ўзялі эксперыментальны псіхадэл «TONQIXOD» і поп-рок дуэт «Наві». Арганізатарка фэсту Ганна Пякарская тлумачыць гэта тым, што твар беларускай музыкі змяняецца, і «Басовішча» імкнецца ісці ў нагу з тэндэнцыямі.

Так што – нават тыя, хто цэлы год не наведваў беларускіх канцэртаў, штогод у ліпені могуць атрымаць усю палітру новае беларускае музыкі – у адным флаконе, а дакладней – на адной паляне.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

Галоўны менскі арт-пікнік «Freaky Summer Party»: шмат музыкі, ежы, ўоркшопаў ды танцаў для модных гараджанаў.

Мастацтва і хрысціянства ў пары: другі мастацкі пленэр у Друі сабраў удвая больш удзельнікаў.

Вольнасць і годнасць. Кітайскі мастак і праваабаронца Ай Ўэй Ўэй з турэмнаю інсталяцыяй у Іспаніі.

Настасся Храловіч, Аляксандра Дорская, Вольга Гардзейчык

Стужка навінаў