Якім чынам звязаныя суд над Пальчысам і абраза Барадуліна ў БДУ?


Гісторыя першая. Любоў да Радзімы – экстрэмізм

Эдуард Пальчыс, па мянушцы Джон Сільвер не любіць вайну, агрэсію Расеі ва Украіне і расейскія войскі ля беларускіх межаў. Ён любіць Беларусь і незалежнасць. За стварэнне інтэрнэт-старонкі 1863x.com і апублікаваныя там артыкулы Эдуарда цяпер судзяць у зачыненым рэжыме ў Менскім гарадскім судзе. За 9 месяцаў арышту Пальчыса бачыла толькі адвакатка, жонку падсуднага не пускаюць нават у залю суда.

«Я калі сядзела каля залі суда, проста чула, што яго дапытваюць. Кажа адвакат, што добра ўсё, што ёсць надзея», – зазначыла Вікторыя Пальчыс, жонка падсуднага.

Праваабаронцы правялі экспертызу і не знайшлі ў публікацыях, за якія судзяць Эдуарда Пальчыса, прыкметаў «распальвання нацыянальнай варожасці» і «распаўсюджвання парнаграфіі», пра якія кажуць на судзе пракуроры. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Пальчыса палітвязням. Пад вокнамі суда працягваюцца акцыі ў падтрымку, нягледзячы на міліцэйскія пратаколы.

«Для Эдуарда гэта вялікая падтрымка. Я памятаю, як мяне судзілі закрытым судом, калі здаецца, што ты адзін на адзін з гэтай злачыннай сістэмай, а пад вокнамі скандуюць у тваю падтрымку – гэта вельмі падтрымлівае. І гэта вельмі напружвае суддзю з пракурорам, гэтых зладзеяў, якія ўчыняюць расправу», – патлумачыў Зміцер Дашкевіч, сустаршыня «Маладога Фронту».

Гісторыя другая. «Русский мир» ад выкладчыка БДУ

Аляксандр Гарашчэня, кіраўнік агенцыі нерухомасці «Квадратны метр Акадэмічная». Аляксандр Гарашчэня выкладае ў Дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогіяў пры БДУ, любіць прагулкі па лесе, зброю, каратэ, грошы і так званы «русскій мір». Таксама Гарашчэня праводзіць семінары ў школе асабовага росту «Сверхчеловек».

Аляксандр ненавідзіць міліцыю, падатковую інспекцыю і беларускую мову. Гэта і зрабіла яго знакамітым далей за рыэлтарскія колы, калі ў сваім Фэйсбуку Гарашчэня даволі груба паскардзіўся: сыну ў школе задаюць на памяць вершы Рыгора Барадуліна – Народнага паэта Беларусі.

«Рыгор Барадулін – сябра партыі БНФ, то бок перакананая нацысцкая свалата, цяпер ужо здохлая. Грэка-каталік, натуральна, і як паэт дрэнь», – упэўнены спадар Гарашчэня.

Публічная абраза Барадуліна «выбухнула» праз год пасля публікацыі і выклікала абурэнне не толькі сярод нацыянальна свядомых беларусаў.

«Можа нейкая тут беларускафобнасць. Не ведаю, чаму так можна не любіць сваю краіну»,

«Чалавеку галава патрэбная, каб думаць, а не каб смецце ў яе запіхваць»,

«Асабіста мне сорамна за тых, хто такія гіпотэзы выстаўляе напаказ»,

– мяркуюць мінакі менскіх вуліцаў.

Гарашчэня ад сваіх словаў не адмаўляецца, толькі ад грубай фармулёўкі. Размаўляць з тэлебачаннем не хоча, а свой Фэйсбук амаль цалкам схаваў пад замок. На кафедры кіравання нерухомасцю ў БДУ кажуць, што ім тэлефануе шмат абураных людзей. Кіраўніцтва кафедры асудзіла грубасць свайго пазаштатнага выкладчыка.

«Русский мир»? Рэагаваць! Як рэагаваць?

І грамадскасць, і ўлады абавязкова мусяць рэагаваць на праявы «русского мира» і беларусафобіі ў дзяржаўных установах, лічыць публіцыст Севярын Квяткоўскі, які і прыцягнуў шырокую ўвагу да выказвання Гарашчэні.

«З найбольш яскравых прыкладаў я памятаю беларусафобскія выказванні чыноўніка віцебскага гарвыканкаму, здаецца, прозвішча Герашчанка, пасля якіх гэтых выказванняў, ён быў звольнены з пасады», – узгадаў Севярын Квяткоўскі.

Але пакуль што маем суд над Эдуардам Пальчысам за абарону незалежнасці Беларусі ды беспакаранасць Аляксандра Гарашчэні за прасоўванне «русского мира».

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота – beljav.com

Стужка навінаў