Якім будзе «Чарнобыльскі шлях-2018»? Стрым


Publiée par «Белсат» sur lundi 9 avril 2018

Заяўнікі «Чарнобыльскага шляху» праводзяць у Менску прэс-канферэнцыю, дзе распавядуць, у якім фармаце пройдзе акцыю сёлета. Belsat.eu будзе весці стрым.

Сёлета плануецца правесці мітынг на прыступках Акадэміі навук (пачатак збору – а 18-й), а потым прайсці шэсцем да Чарнобыльскай капліцы, дзе адбудзецца мітынг-рэквіем.

Юрась Губарэвіч прагназуе, што «Чарнобыльскі шлях» сёлета можа стаць больш масавым, чым у папярэднія гады.

«Я перакананы, што людзей будзе болей, чым збіралася ў мінулым і па-за мінулым годзе на «Чарнобыльскі шлях», – распавёў ён «Белсату».

Як распавёў Павел Севярынец, «Чарнобыльскі шлях-2018» мусіць стаць пачаткам наступнай кампаніі – «Астравецкі шлях». Пачынаючы з 26 красавіка апазіцыя плануе праводзіць круглыя сталы, зборы подпісаў, а таксама падаваць заяўкі на пікеты ў гарадах, якія ляжаць паміж Менскам і Астраўцом – Заслаўе, Радашковічы, Вілейка, Маладзечна, Смаргонь, Ашмяны і сам Астравец. Мэта новай кампаніі – спыніць будаўніцтва і ўвядзенне ў эксплуатацыю Астравецкай АЭС.

Аляксей Янукевіч заявіў, што апазіцыя імкнецца да змены фармату «Чарнобыльскага шляха». Канцэрт-рэквіям, ідэя правядзення якога нядаўна з’явілася сярод актывістаў, сёлета правесці не атрымаецца, але ў будучыя гады Янукевіч не выключае магчымасці яго правядзення.

Заяўка аб правядзенні «Чарнобыльскага шляху-2018» 2 красавіка была пададзеная ў Менгарвыканкам. Заяўку падпісалі прадстаўнікі сямі арганізацыяў, якія ўвайшлі ў аргкамітэт: партыі «Зялёныя», руху «За Свабоду», руху салідарнасці «Разам», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

«Чарнобыльскі шлях» – традыцыйная вулічная акцыя, якую штогод 26 красавіка праводзіць апазіцыя. Першая акцыя адбылася ў 1988 годзе.

ІІ, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары