Які газ разносіўся над заводам «Горадня-Азот»? Намеснік дырэктара не ведае, лабараторыя маўчыць


Belsat.eu спрабаваў высветліць, які газ разносіўся сёння, 16 чэрвеня, над заводам «Горадня-Азот».

Над прадпрыемствам «Горадня-Азот» сёння заўважылі жоўтае воблака. Прэс-служба прадпрыемства адмаўляе, што адбылася аварыя. Прэс-служба падала, што ў выніку прыпынення працы абсталявання «ўтварылася загазаванасць некаторых вытворчых памяшканняў». Belsat.eu пазваніў на прадпрыемства, каб высветліць склад газу.

Намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Міхаіл Краўчанка паведаміў, што не зʼяўляецца адмыслоўцам-хімікам і не ведае складу газу, які разносіўся над прадпрыемствам. Выканаўца абавязкаў галоўнага інжынера заводу Алег Карповіч быў на спатканні з дэлегацыяй і не мог падаць патрэбную інфармацыю.

Начальніца санітарнай лабараторыі «Горадні-Азоту» Святлана Собаль адказала, што інфармацыя пра склад газу – канфідэнцыйная. Яе можа падаць толькі галоўны інжынер альбо генеральны дырэктар. Кіраўнік прадпрыемства Канстанцін Маянаў у сваю чаргу быў заняты і не мог даць адпаведных звестак.

У аддзеле аховы прыроды прадпрыемства паведамілі: «Калі б нешта сурʼёзнае адбылося, тут бы ўжо быў вэрхал. Нічога не здарылася. Людзі працуюць. Нікога дадому не адпусцілі».

Пакуль няма афіцыйных звестак пра склад газу, жыхарам гораду варта паўстрымацца ад шпацыраў на свежым паветры. Да прыкладу, жоўта-аранжавы колер уласцівы вельмі небяспечнаму атрутнаму газу – аксіду азоту-4. У сістэме, паралізаванай бюракратыяй і страхам чынавенства згубіць уладу, звесткі пра тэхнагенныя катастрофы могуць свядома замоўчвацца. Напрыклад, інфармацыю пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе савецкія медыі пачалі падаваць толькі на 3 дзень.

6-га чэрвеня на «Горадні-Азоце» адбылася вялікая аварыя, у выніку чаго два чалавекі загінулі, а дзве асобы былі шпіталізаваныя.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў