Якая частка Беларусі найменш давярае расейскай прапагандзе?


Украінскі сацыёлаг Уладзімір Паніотта пра новыя мэты Расеі ў рэгіёне і тое, чым украінская прапаганда адрозніваецца ад расейскай.

Уладзімір Паніотта стварыў новы індэкс дзейнасці расейскай прапаганды. Вынік даследавання дазволіў зразумець, якія рэгіёны Украіны і Беларусі больш за ўсё падтрымліваюць прапаганду Масквы, а таксама выявіць цікавыя тэндэнцыі.

Згодна з дадзенымі ўкраінскага сацыёлага, 70% беларусаў прытрымліваюцца пазіцыі расейскіх СМІ, а самая апазіцыйная крамлёўскай прапагандзе – Берасцейшчына, заўважна адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў краіны, бо тут толькі 60% жыхароў знаходзяцца пад уплывам расейскай прапаганды.

Доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі тлумачыць такое адрозненне тым, што Берасцейшчына – «самая блізкая да Украіны, бо яе з паўднёвым суседам звязвае актыўны транспартны і пасажырскі трафік, што даволі заўважна ўплывае на настроі людзей».

Аднак беларускі сацыёлаг не пагаджаецца з калегам адносна лічбаў уплыву расейскай прапаганды на беларусаў. «Я лічу, што гэтая лічба на 10% ніжэйшая, бо бяру за аснову дадзеныя падтрымання беларусамі анексіі Крыму», – зазначае суразмоўца.

Прарасейскія сепаратысты нападуць на Адэсу і Харкаў?

Згодна з дадзенымі ўкраінскага сацыёлага, акрамя Данецкай і Луганскай, найбольшая падтрымка расейскай прапаганды ў Адэскай (42%, ) і Харкаўскай (50%) вобласці. «Задача была паказаць, дзе найбольш небяспечныя часткі Украіны, якія Расея захоча дэстабілізаваць у першую чаргу». – распавёў Уладзімір Паніотта.

«У гэтых абласцях ідзе найбольшая канцэнтрацыя прапаганды, там адбываецца найбольшая колькасць тэрарыстычных актаў». – дадаў спадар Уладзімір. Сацыёлаг сцвярджае, што 80% сродкаў, якія ідуць з расейскага бюджэту на ўкраінскі канфлікт, выдаткоўваюцца на інфармацыйную вайну. Таму наступны ўдар Расея можа нанесці там, дзе больш паспяховая яе прапаганда.

Беларусы прыглядаюцца да Украіны

У размове з «Белсатам» Уладзімір Паніотта падкрэслівае, што Беларусь дэ-факта знаходзіцца ў сферы ўплыву расейскіх медыяў.

– Расейскія СМІ ўплываюць больш за ўсё. Украінскія належаць розным алігархам, якія змагаюцца паміж сабой і даюць супярэчлівую інфармацыю. Нават канал самога прэзідэнта Парашэнкі (5 канал – рэд) яго крытыкуе. Таму расейскія СМІ, якія кіруюцца з аднаго цэнтру, і даюць не супярэчлівую інфармацыю, напэўна будуць больш моцна ўздзейнічаць.

Чым адрозніваецца ўкраінская прапаганда ад расейскай?

Украінскія СМІ вельмі разнастайныя. Яны не аб’ектыўныя, калі казаць пра той ці іншы канал. Ёсць інфармацыя якая замоўчваецца. Напрыклад, калі абстрэльваецца Данецк і кажуць, што вінаватыя толькі сепаратысты. Але знайсці нейкую інфармацыю, якая ва ўсіх СМІ будзе аб’ектыўнай падаецца немагчымым. У пэўных СМІ абавязкова выкрываюць хлусню.

Як за апошнія гады змянілася ўспрыманне беларусамі СМІ?

Падзеі ва Украіне прымусілі беларусаў больш асцярожна падыйсці да адносінаў з Расеяй. Мне здаецца, што ад далейшых падзеяў ва Украіне вельмі моцна залежыць сітуацыя ў Беларусі. Калі Украіна зможа пабудаваць нармальную еўрапейскую дзяржаву і пазбавіцца ад татальнага кантролю Расеі, тады і ў Беларусі з’явіцца шанец на правядзенне самастойнай палітыкі.

Падрыхтаваў Гарась Валатовіч, belsat.eu

Стужка навінаў