Як змянілася жыццё пацярпелых пасля выбуху ў метро?


У пятую гадавіну тэракта «Белсат» паразмаўляў з людзьмі, якія знаходзіліся ў той момант на станцыі «Кастрычніцкая».

«Пайшла працаваць у школу, бо мне захацелася бачыць вынікі сваёй працы»

agejczyk

«Вы сказалі, мяне ажно затрэсла, бо гэта ўсё яшчэ жывое. Гэта немагчыма забыць», – узрушана адказвае спадарыня Наталля.

Усё ж відавочца трагедыі, метадыст і педагог Наталля Агейчык пагадзілася паразмаўляць пра змены ў сваім жыцці, што наступілі праз той трагічны вечар.

11 красавіка 2011 году яна, як заўжды вярталася з працы. Гарадскі інстытут развіцця адукацыі знаходзіцца на завулку Бранявым. Ехаць трэба ў Чыжоўку. На Кастрычніцкай станцыі яна перасаджваецца на «чырвоную» лінію метро. Наталля Наваміраўна ўзгадвае, што тады па дарозе яе дагнала настаўніца, адна з групы тых, для якіх яна чытала лекцыі.

«Мы ехалі, размаўлялі. Пад’язджаем да «Кастрычніцкай». Я стаяла спінай да выхаду. Калі народу многа, я звычайна раблю крок назад на перон. А тут я замарудзілася – гэта мяне, напэўна, і выратавала», – расказвае Наталля Агейчык.

Спачатку асляпіла яркая ўспышка.

Глядзіце таксама: «Страх у краіне спакою»

https://www.youtube.com/watch?v=cg7O2bBKTDU

«Прамільгнула думка, што на станцыі кароткае замыканне, – гаворыць пацярпелая. – Потым быццам з усёй сілы ўдарылі па вушах. Я адчула, што мяне гарачым паветрам падняло і адкінула ў сярэдзіну вагона. Я ўпала на людзей. Адразу наступіла цемра і цішыня».

Калі стаў вяртацца слых, Наталля пачула: «Гэта выбух! Выходзьце з вагону!». Аварыйнае асвятленне было вельмі цьмяным, бачнасць – не больш за паўтары метры.

«Ісці першай было страшна. Я пачакала, пакуль сталі выходзіць людзі», – кажа жанчына.

Разам з калегай-настаўніцай яна стала шукаць выхад. Спадарыня Наталля апісвае падрабязнасці дарогі на паверхню са слязьмі на вачах.

Паколькі эскалатар выглядаў разваленым, прыйшлося рухацца ў бок, дзе быў выбух.

«Я не ўяўляла, што можна на свае вочы ўбачыць столькі людзей з адарванымі нагамі! – узгадвае жанчына. – Дзяўчына абапіралася на калону. Я па ейных губах прачытала: «Дапамажыце!». Мне дапамагчы хочацца, а ўнутраны голас загадвае: «Шукай выйсце!».

Да іх падбег хлопец з крыкам: «Паглядзіце, што ў мяне?!» У маладога чалавека ішла кроў з вуха.

На другім шляху паказаліся агні цягніка. «Дурная думка ўзнікла: зараз ён прыйдзе, можна будзе сесці і з’ехаць», – кажа Наталля Агейчык. Цягнік знізіў хуткасць і мінуў без прыпынку, як апошняя надзея.

«Я дастала тэлефон пазваніць маме, бо яна ведала, што ў той час я павінна ехаць. Думаю, вось зараз набяру, скажу, што ўсё ў парадку, а раптам зноў выбух?.. Выйду і тады пазваню», – прыгадвае суразмоўца.

vzryv03110411
Калі жанчыны выйшлі з падземкі, прыняліся выціраць твары вільготнымі сурвэткамі. Ад попелу чорным было ўсё.

Калега Наталлі пазваніла мужу, каб той іх забраў. Паколькі праспект ужо быў перакрыты, ён папрасіў падысці да цырка. З рэстарана побач выйшлі супрацоўнікі, запрасілі жанчын зайсці, далі сурвэткі, мыла, правялі ў прыбіральню.

«Калі я села ў машыну, пачалася гістэрыка, якая не спынялася дзён 10. Увесь час плакала», – кажа спадарыня Наталля.

У той вечар яе наведалі сяброўка з мужам-аўганцам. Калі той пачуў расповед пра трупы, людзей, у якіх ніжэй за калена няма ног, сказаў: «Ты сёння на вайне пабывала».

Наталлі Агейчык паставілі «лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не прывялі да шкоды здароўя». У вобласць скроні трапіў аскепак шкла, які яна заўважыла ўжо дома. У жанчыны змясціліся косткі ў вушах. Таксама здарыўся гіпертанічны крыз.

Месяц пацярпелая лекавалася ў Цэнтры памежных станаў.

«Як педагог, я знаёмая з псіхалогіяй. Я разумела, што сама не спраўлюся і пазваніла на гарачую лінію па дапамогу тэрапеўта. Я вельмі ўдзячна людзям за сабраныя сродкі, а таксама грашовыя выплаты», – расказвае жанчына.

Адразу пасля здарэння яна карысталася выключна наземным транспартам. На метро паехала толькі з трэцяй спробы. Праўда, тады яна апранула сонечныя акуляры, бо з вачэй каціліся слёзы.

«Першыя гады два, калі я заходзіла ў транспарт, глядзела, дзе малаткі і запасны выхад. У памяшканнях таксама звяртаю ўвагу, дзе знаходзяцца выхады. Цяпер я ведаю, што трэба рабіць, калі нешта здарыцца», – расказвае пра сумны досвед пацярпелая.

Але найважнейшыя змены ў жыцці гераіні пасля выбуху 11 красавіка былі наперадзе.

«Я пайшла працаваць у школу, бо мне захацелася бачыць вынікі сваёй працы. У любы момант можа здарыцца што заўгодна. Я разумела, калі я не зрабіла той крок на перон, што мог стаць ракавым, значыць нешта яшчэ я недарабіла», – лічыць Наталля Агейчык.

Пасля бальнічнага метадыст вышэйшай катэгорыі звольнілася з Інстытуту развіцця адукацыі, а з 1 верасня ўжо выкладала ў пачатковых класах у звычайнай гарадской школе.

«Там пасля лекцый настаўнікі дзякавалі, казалі, што карыстаюцца маймі дапаможнікамі, дзецям падабаецца, – тлумачыць настаўніца. – Пасля выходных я прыходжу ў школу, да мяне з радаснымі крыкамі бягуць другаклашкі абдымацца. Дзе яшчэ такое можа быць?.. Адчуваць, што ты нешта даеш, і можаш гэта ўбачыць…»

Пасля трагедыі ў метро наша гераіня стала вырошчваць кветкі, чаго раней у яе ўдома ніколі не было.

«Як псіхолаг мне патлумачыла, такім чынам адбылася кампенсацыя: візуальная карцінка выбуху замясцілася карцінкай прыгажосці, – дзеліцца Наталля. – Цяпер я магу ўпэўнена казаць, што ёсць жыццё «да» і «пасля».

На судзе Наталля была толькі аднойчы. З’явілася магчымасць паехаць у санаторый – жанчына напісала заяву, каб справу разглядалі без яе.

«Маё субектыўнае меркаванне: у Канавалаве я ўбачыла цынічнага чалавека. А Кавалёў выглядаў як напалоханы хлопчык, які трапіў у нешта страшнае і не разумее, чаму», – гаворыць жанчына.

Хто б гэта ні зрабіў, дараваць вінаватым было цяжка. «Каб не псіхолагі, то я з таго стану не выйшла б», – прызнаецца яна.

Жанчына расказвае, што нядаўна стаў скандаліць яе сусед-алкаголік. Дык тая хутка паставіла яго на месца. «Ён мне: «Ты што не баішся?» – «Не, не баюся. Я смерць бачыла», – падсумоўвае ўрокі жыцця жанчына.

«Пакуль ты малады і здаровы, думаеш, так будзе вечна»

20130502_192117

«Усё, што належала, мне выплацілі. Згодна са ступенню траўмы. Якой яна была, гэта ўжо драбяза», – на тым баку тэлефона бадзёры голас асілка Вячаслава Харанекі.

У ракавую хвіліну таго вечару Майстар спорту міжнароднага класу чакаў сябра на прыступках тунэлю паміж двума станцыямі.

Разам яны збіраліся ехаць на Фрунзенскую. Вячаслаў узгадвае, што ў той самы момант ён адчуў, як чамусьці падкасіліся ногі. Ён быццам бы захацеў прысесці – грымнуў выбух. Вячаславу параніла галаву. Некаторы час, аглушаны, ён сядзеў на падлозе, з галавы лілася кроў. Нейкі чалавек штурнуў яго ў кірунку выхаду. Вячаслаў самастойна выбраўся на вуліцу.

Тэлефанаванне «Белсата» заспела Вячаславу Харанеку ў інстытуце траўматалогіі, дзе спарстмен праходзіць курс рэабілітацыі пасля аперацыі.

На пачатку гэтага года ён усталяваў свой 148-ы рэкорд: гіру вагой у 24 кг за гадзіну падняў 1 410 разоў. З нагоды 25-годдзя Нацыянальнага алімпійскага камітэту ён збіраецца прадставіць свету новы вынік у пад’ёме гіры лежачы.

Вячаслаў гаворыць, што менавіта спартовая вытрымка і загартоўка дапамаглі яму адысці ад тэракту ў метро не толькі фізічна, але перадусім маральна. Тады яму нават не спатрэбілася дапамога псіхолагаў.

«Пакуль ты малады і здаровы, думаеш, так будзе вечна, – разважае Вячаслаў Харанека. – Я стаў яшчэ больш цаніць жыццё. Трэба старацца жыць для сябе і родных. Дапамагаць людзям, хоць трошачку. Няважна, ты бедны ці багаты, кіраўнік ці падначалены. Такое можа здарыцца з кожным».

«Ні пра што не шкадую і нікога не абвінавачваю»

Студэнтка-завочніца з Дзятлава Юлія Баярская ў той вечар вярталася з заняткаў. Зайшла ў трэці вагон – на станцыі нешта выбухнула.

Юлія атрымала лёгкае сатрасенне і баратраўму вуха. Месяц дзяўчына лячылася ў шпіталі ў Менску і яшчэ тры гады праходзіла курс рэабілітацыі.

Праз год яна скончыла ўніверсітэт і цяпер працуе эканамістам у родным Дзятлаве. Яна кажа, што першы час баялася ездзіць на метро, але цяпер, калі бывае ў сталіцы, падземным транспартам усё ж карыстаецца.

«Я не шкадую ні пра што. Няма такога, каб я кагосьці абвінавачвала. Проста гэта нейкі ўрок, – разважае Юлія. – Я стала больш радасна ставіцца да жыцця».

«Чалавек, што быў у тую хвіліну побач, стаў маім мужам»

Таняакулич

«Некаторыя не хочуць узгадваць, а я лічу, чым больш расказваеш, тым табе самой лягчэй», – пачынае размову Таццяна, зграбная брунетка з эфектнай знешнасцю.

Пяць год таму яна працавала ў фірме, што знаходзілася на вуліцы Смалячкова. Рабочы дзень скончыўся а 17.30. Разам з дзяўчынай-калегай па дарозе да метро яны забеглі ў «Еўраопт». На станцыі «Плошча Якуба Коласа» яны заскочылі ў першыя дзверы трэцяга вагона: калега спяшалася забраць дзіця з садку.

«Першае, што помню: разарваўся навушнік у вухе, – гаворыць Таццяна. – У вагоне лопнула лямпа. Засыпала шклом. Пах расплаўленых правадоў, пластыку, гары. Усюды туман. Спрацавала нейкая сірэна, ці гэта проста ў маіх вушах завыла».

Дзверы вагона заклініла. Іх сталі адчыняць уручную. Як толькі яны паддаліся, людзі павалілі з вагона. Відавочца ўзгадвае, што нехта ўпаў. Адзін мужчына падняў таго чалавека і выштурхнуў, інакш яго проста затапталі б.

Таццяна расказвае, што звычайна яе стыль – джынсава-спартовы. Але ў той дзень яна апранула новыя сукенку і туфлі, якія разношвала, бо рыхтавалася ў хуткім часе да юбілею.

«Я памятаю, як было некамфортна ў той вопратцы!– кажа Таццяна. – Уся падэшва, абцасы, замш былі ў крыві. Сваёй ці чужой?.. Потым рэчы апісалі, папрасілі ацаніць матэрыяльныя страты. Як гэта можна падлічыць?.. Я ўказала прыблізны кошт і спаліла тое ўбранне за горадам. Нават не перажываю з-за гэтага».

На пероне яна згубіла калегу. Стала шукаць выхад адна.

«Я адчувала, што ішла па чымсьці мяккім. Трупы? Рэчы? Раскіданыя сумкі? Праз дымавую заслону відаць не было. Выходзіць на верх было страшна. Раптам там яшчэ горш…» – кажа Таццяна.

Дзяўчына абматала твар паланцінам і пайшла праз тунэль паміж станцыямі. Трымаючыся за сцяну, яна выйшла на Купалаўскай.
Таццяна ўсё яшчэ нічога не чула, але вырашыла пазваніць сястры.

«Мы былі пасвараныя, але чамусьці ёй я набрала першай, – узгадвае пацярпелая. – Я сама нават не думала, што ў стрэсавай сітуацыі павяду сябе даволі рашуча. Мая калега была ў паніцы: яна адна дзіця выхоўвае. Я больш за яе перажывала».

Таццяна вырашыла ехаць да бацькоў, у раён Аўтазавода.

«Мяне ніхто не хацеў браць у таксі, бо я была брудная! Я не ведаю, чаму потым казалі, што ўсе ўсім дапамагалі! Адзін таксіст пагадзіўся і садраў з мяне 200 тысяч. Нешта ён казаў увесь час, але я ўсё яшчэ не чула», – гаворыць жанчына.

Ўдома яе мылі бацькі. Паколькі слых не вяртаўся, вырашылі ехаць у шпіталь. Туды Таццяну адвёз стары знаёмы. У той час цяжкі час сваёй увагай і падтрыманнем ён заваяваў сэрца дзяўчыны і пасля стаў ейным мужам.

У шпіталі расчэсвацца не дазвалялі: аскепкі шкла засталіся ў валасах. Усё ж Таццяне прыйшлося пастрыгчыся: чарнявыя локаны пераўтварыліся ў клочча.

«Адразу прыйшоў псіхолаг, – гаворыць пацярпелая. – Ён малайчына – быў на пазітыве. У першую ноч далі прэпараты. Людзей усё прывозілі і прывозілі…»

5 дзён яна праляжала ў хірургіі, затым месяц – у рэабілітацыйным аддзяленні. За той час Таццяну наведала мора людзей: даўно забытыя аднакласнікі, аднакурснікі, старыя знаёмыя, калегі. Нават прыязджалі ейныя вучні з Фаніпаля, якіх дзяўчына калісьці вучыла ангельскай мове.

«Мяне абцяжарвалі тыя візіты, – прызнаецца Таццяна. – Мне падавалася, гэта пачуццё шкадавання. Я самадастковы чалавек, не люблю, калі шкадуюць, нават калі сапраўды цяжка. Прыемна было, што прыехаў адзін хлопчык, які ў школе быў жудасна праблемны».

Першы раз пасля выпіскі, калі Таццяна вырашыла праехаць на метро, ад стрэсу яе званітавала проста на платформе. Толькі летам 2012 году ёй удалося пераадолець неабходную адлегласць пад зямлёй, выходзячы на кожнай станцыі «падыхаць паветрам». Цяпер, калі ў цягніка нейкая замінка ці ў вагоне пагасае святло, у яе пачынаецца паніка.

«Штогод 11 красавіка я купляю кветкі ды іду на «Кастрычніцкую». Адна баюся – прашу схадзіць са мной каго-небудзь. Для мяне гэта як другі дзень народзінаў. Толькі вельмі страшны», – кажа Таццяна.

Як і ў гісторыях іншых пацярпелых, той дзень шмат што перайначыў у яе жыцці.

«Не скажу, што я была мяккай, аднак з таго часу я стала больш замкнутай. Прыбрала з жыцця непатрэбных людзей. Пазбавілася ад шкоднай звычкі. Змяніла працу. Стала цікавіцца псіхалогіяй», – пералічвае Таццяна.

Жанчына ўдзельнічае ў танцавальным калектыве. Часта яны ладзяць дабрачынныя выступы ў дзіцячых дамах.

Па справе выбуху Таццяна наведала першыя 5 судовых паседжанняў.

terror03150911

«Для мяне гэта выглядала, як лялечны тэатр. Тыя два загнаныя хлопчыкі… Не ў мяне адной такое меркаванне засталося, – кажа Таццяна і дадае: – Не маю пачуцця крыўды на вінаватых, Бог ім суддзя».

Наша суразмоўца гаворыць, што не хоча жыць з азлобленасцю, а таксама будаваць доўгія планы, якія могуць разбурыцца ў любы дзень.

«Я памятаю, як я радавалася, што я проста жыву! – на вачах Таццяны з’явіліся слёзы. – Я кладуся спаць і разумею, што яшчэ адзін дзень я пражыла. Менавіта пражыла, а не праіснавала!»

«Стаў цаніць кожную сваю хвіліну»

szuszpannikau

У той дзень пары ў студэнта Аляксея Шушпаннікава скончыліся а 15.30. Аднак хлопец чамусьці не хацеў дадому. З універсітэту, што ў раёне Плошчы перамогі, ён выйшаў бліжэй 18-й гадзіны. На Кастрычніцкай ён як заўжды рабіў перасадку на Аўтазавадскую лінію. Калі прагрымеў выбух, Аляксей быў эскалатары.

«Я такі чалавек, у мяне панікі ніколі няма, – стрымана расказвае хлопец. – Не было відаць нічога. Я ўпаў, ўдарыўся каленам. Стаў выбірацца на паверхню».

Першае, што ён зрабіў, пазваніў маці. На правае вуха ён зусім не чуў. На наступны дзень яму стала горш і звярнуўся ў шпіталь. Паўтары месяцы Аляксей правёў на стацыянары. У хлопца была баратраўма ІІ ступені з левага боку, з правага – ІІІ ступені.

«Пашанцавала, што слых увогуле аднавіўся. Калі надвор’е мяняецца, баляць вушы, калі вецер – таксама. Таму я ўвесь час у навушніках», – кажа Аляксей.

Як і шмат хто з іншых пацярпелых, першы час хлопец карыстаўся выключна наземным транспартам. У нейкі момант проста прымусіў сябе паехаць на метро. Дзякуючы хлапечай загартоўцы зрабіць гэта ўдалося з першага разу.

Хлопец кажа, што да судовых паседжанняў у яго інтарэсу не было.

«Пасля гэтага я стаў больш цаніць кожны дзень і кожную гадзіну, – падводзіць высновы Аляксей. – Я спакойна паставіўся да ўсяго. Здарылася і здарылася. Значыць, так трэба было».

«Дзякуй, што памятаеце»

terror02190411

Працуючы над матэрыялам, belsat.eu абтэлефанаваў два дзясяткі пацярпелых ад выбуху 11 красавіка. Шмат асобаў адмаўлялася ўзгадваць падзеі таго вечару або казалі, што ўжо нічога не памятаюць.

«Дзякуй Богу, жывыя. Здароўе ўжо не тое, але з гэтым можна жыць. Я штодзень езджу ў метро і ўзгадваю. Ні разу не было, каб не ўспомніла. Дзякуй, што памятаеце, але размаўляць пра гэта не хачу», – адказала нам жанчына.

ХМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары