Як жывуць у вёсках, побач з якімі вырабляюць радыеактыўнае малако


https://www.youtube.com/watch?v=Id2frckkLf4

Вёска Стралічава, што ў Хойніцкім раёне Гомельшчыны, на першы погляд, анічым ад іншых падобных паселішчаў не адрозніваецца: тыя ж дагледжаныя падворкі, тыя ж гаспадарлівыя жыхары…

«Вунь, бачыце, кураняты, індыкі. Былі гусі, кураў трымаем…» – распавядае Іван Мароз, жыхар вёскі Стралічава.
«Белсат»: «Дзе вырошчваеце тое, чым свіней корміце?»
«Вунь, бачыце, збожжа расце. Вунь у гародзе ў мяне пшаніца пасаджаная, бульба там – вось гэта ўсё капаем і вось гэтым кормім», – дзеліцца Іван Мароз.

І ўсё б добра, толькі пасля Чарнобыльскай катастрофы Стралічава трапіла ў зону наступнага адсялення з забруджанасцю ад 5 да 15 кюры дый сёння мае статус забруджанай тэрыторыі. Між тым знайсці таго, хто б баяўся тут радыяцыі, не атрымалася.

«Збожжа садзім, і бульбу, і буракі, і моркву, і капусту, і кавунчыкі, гарбузы, памідоры, баклажаны, перац – усё!» – пералічвае Паліна Радчук, жыхарка Стралічава.
«Белсат»: «А не баіцеся? Радыяцыя ж, кажуць…».

«А чаго баяцца? Хто яе ўжо… Дзе яе няма? Ну, тут, канешне, зона яшчэ не знятая», – кажа Паліна Радчук.

Спадарыня Паліна не адная, хто мяркуе падобным чынам.

«А што тут страшнага? Яшчэ, на маю думку, людзі зʼязджаюць – і ім там яшчэ горш робіцца, чым тут тым, хто прасяк ужо ўсім гэтым», – упэўненая Ірына Габава, жыхарка Стралічава.

Зрэшты, пасля адмены ільготаў і выплатаў чарнобыльцам, пра асаблівы статус наваколля нагадваюць, бадай, толькі правяранні харчоў, рыхтаваных на продаж.

«Калі прадавалі, то здавалі ў санстанцыю: усё нармальна! І ніколі не было праблемаў», – даводзіць Людміла Шпакава, мясцовая жыхарка.
«Белсат»: «А як здароўе ў бацькоў?»
«Таксама нармальна. З Менску прыязджаюць, правяраюць шчытападобную залозу: усё нармальна!» – дадае Людміла.
Нават у навакольных азёрах, прызнаюцца некаторыя, лавілі б рыбу, калі б не… вялікія штрафы. Зрэшты, і тут смельчакі знаходзяцца.

«Не баюся радыяцыі. Усё ж такі 30 гадоў мінула, так што не такая ўжо і вялікая доза», – дадае малады хлопец Даніла Сержан.

«Часам трапляецца дрэнная рыба, але мы яе не ямо – выкідваем. Да прыкладу, ловім, а яна напаўжывая. Вось калі злавілі нармальную, тады мы яе пасмажым ці зварым юшку. А калі, да прыкладу, зловім напаўжывую, то не ямо яе, а аддаем катам ці сабакам», – дадае Даніла.

Падобны спакой – і ў суседніх Губарэвічах, што месцяцца літаральна на ўскрайку чарнобыльскай зоны. Днямі Губарэвічы праславіліся літаральна на ўвесь свет – пасля рэпартажу агенцыі «Аssociated Press» пра тутэйшую ферму, якая вырабляе і прадае на гомельскі малаказавод малако з утрыманнем стронцыю-90, у дзесяць разоў большым за максімальна дапушчальную норму. Улады, вядома ж, інфармацыю журналістаў абверглі, аднак вынікаў уласных правяранняў не агучылі. І, на ўсялякі выпадак, забаранілі фермерам даваць камусьці іншаму сваю прадукцыю для аналізаў.

«Хаця б паўлітра малака – не. Гэта ўсё – з дазволу санстанцыі. Загад гарвыканкаму: нікому нічога не даваць!» – абрывае размову з намі Аляксандр, працаўнік фермы, вёска Губарэвічы.

Зрэшты, а чаму б не даць? Чаго баяцца, калі няма чаго баяцца?

Валер Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары