Як жывуць людзі, якія перажылі землятрус моцаю 10 атамных бомбаў?

video

Беларусы перажылі чарнобыльскую катастрофу, а армяне спітакскі землятрус 1988 года. Тады пацярпела амаль палова Арменіі. Эксперты ацанілі моц землятрусу на 10 атамных бомбаў, якія выбухнулі ў Хірасіме.

Аднаўляць рэспубліку дапамагалі ў тым ліку і беларусы. Аднак ніхто не дапаможа, калі не дапаможаш сабе сам. Да сённяшняга дня тысячы сем’яў жывуць у жахлівых умовах у вагончыках і самаробных доміках, без працы і надзеі на змены.

Цягам 30 секундаў уся Паўночная Арменія пераўтварылася ў пекла. 27 год назад адбыўся жудасны Спітакскі землятрус. У трагедыі загінулі да 150 тыс. асобаў. Больш паўмільёна засталося без дахаў над галовамі. Да сённяшняга дня не ўсе здолелі збудаваць сабе новыя дамы. У горадзе Спітак, які землятрус знішчыў цалкам, у памяць пра тыя жудасныя падзеі армяне паставілі жалезную царкву.

Царква стаіць на гары з могілкамі, што дамінуюць над горадам. Сотні, калі не тысячы помнікаў – магілы дарослых і дзяцей.

На ўсіх адна дата смерці – 7 снежня 1988 года. Тады а 11:21 адбыўся землятрус магнітудай да 7,2 балаў. 40 % прамысловасці былі знішчаныя. Эканамічныя страты ацанілі на больш чым $ 16 млрд. Спітак збудавалі нанова. Але цяпер тут жыве менш людзей, чым да трагедыі.

На могілках бязлюдна. Пад горным ветрам хістаюцца кветкі над горадам, які перажыў уласную смерць.

Парадаксальна, але прырода не толькі нішчыць. А можа і абараніць. 50 км на поўнач ад Спітаку ляжыць сяло Агарак. На поўдзень ад яго землятрус знішчыў сотні вёсак. Агарак – выжыў. У мясцовых жыхароў свая версія.

Гаворыць Акоп Акапян, сацыёлаг: «Гэта цясніна дапамагла. Спыніла хвалю падчас землятрусу. Былі разбурэнне, але такіх разбурэнняў, як па той бок цясніны, ужо не было. Дзіцячы садок разбурыўся. Старыя дамы выстаялі, а вось адносна новы садок разбурыўся».

Мясцовыя прызнаюцца таксама, што калі пачало трэсці, то першая думка была – бамбяць туркі. Туркамі яны называюць азербайджанцаў, з якімі тады ўжо пачынаўся канфлікт за Нагорны Карабах. Але гэта былі не туркі.

Настаўнік з сяла Агарак Давід Закар’ян адзначае: «Тады мы жылі ў Кіравакане. Але менавіта ў той дзень мы пераехалі ў вёску і ўжо 27 год тут жывем. Цяпер я хачу, каб пераехалі назад у Кіравакан. Дачцэ ўжо 6 гадоў, і я хачу каб яна там пайшла ў школу. Праз 27 гадоў пасля землятрусу хачу вярнуцца назад».

Кіравакан, цяперашні Ванадзор і асабліва Ленінакан – сённяшні Гюмры, пацярпелі менш, чым Спітак. Але як і ў знішчаным цалкам горадзе, у якім мы былі на пачатку, у сённяшнім Гюмры жыве ўдвая менш людзей, чым да трагедыі. Нават у цэнтры гораду засталіся яе сляды. Дагэтуль разбуранымі стаяць інтэрнат тэкстыльнай фабрыкі, а на зямлі ляжаць царкоўныя купалы, якія ўпалі падчас землятрусу.

Падчас Спітакскага землятрусу пацярпела не толькі культурная спадчына ці жыллёвы фонд краіны – была разбураная, зруйнаваная амаль палова прамысловасці Арменіі. Да сёння яе не ўдалося аднавіць. У выніку ў Гюмры, другім пасля Ерэвану горадзе Арменіі, вельмі цяжка знайсці працу. Беспрацоўе тут складае 52 %.

Без працы і Мануш. Яе даўно кінуў муж, а сама яна з 1990 года жыве з сынам у вагончыку.

Жытло без вады. Ёсць толькі электрычнасць. Ежу даводзіцца ўвесь час хаваць ад пацукоў. Як яны перажывуць зіму – страшна сабе ўявіць. На шчасце сын атрымлівае пенсію па інваліднасці. Ды яшчэ дапамагае дабрачынны «Caritas». Такіх вагончыкаў тут цэлая вуліца.

Неўзабаве пасля землятрусу пачалася вайна з Азербайджанам. Потым разваліўся Савецкі Саюз разваліўся. У незалежнай Арменіі перадзялілі ўласнасць. Аказалася, што не засталося грошай, каб самастойна аднавіць эканоміку ды ліквідаваць наступствы землятрусу. Для гэтага патрэбныя інвестыцыі, якія не пойдуць у нестабільную, недэмакратычную дзяржаву, у якой кіраўніцтву важней захаваць сваю ўладу, чым дапамагчы людзям.

Сюжэт праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:40. У поўным выданні: фестываль «Нобэля», інтэрв’ю былога пасла Швецыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана, Менск губляе плацдарм у Лацінскай Амерыцы ды іншае.

https://www.youtube.com/watch?v=QgoRd_qOflc

Сяргей Пеляса, «ПраСвет»

Глядзі таксама
Каментары