Як жыць з тэрарызмам у 2017-ым?

video

Жалоба, смутак і слёзы. З вясёлай вечарыны ў адным з найлепшых начных клубаў турэцкай сталіцы па розных краінах свету развозяць труны забітых. Яшчэ больш – параненых кулямі. Ці змогуць яшчэ калісьці спакойна адсвяткаваць Новы год тыя, хто перажыў напад?

«Больш ніякіх клубаў. І справа не ў Турцыі. Гэта можа здарыцца дзе заўгодна, таму праблема не ў Стамбуле ці Турцыі. Тэрарызм – вялікая праблема для ўсяго свету», – распавядае ўкраінка, якая выжыла ў тэракце ў Стамбуле.

Гэта раней, у XX-ым ст, для тэрарызму трэба была разбудаваная арганізацыя і шмат грошай, а праціўнікам была дзяржава: сілавікі, бізнесоўцы, палітыкі і чыноўнікі. Цяпер тая ж Ісламская дзяржава пашыраецца па ўсім свеце хутчэй і прасцей: назваўся воўк-адзіночка джыхадыстам Халіфату – і вось ён прыняты. Звычайна праз інтэрнэт і пасмяротна. А мэтамі нападаў сталі звычайныя людзі.

«Тэрарызм – гэта перадусім метад палітычнай барацьбы, і так сканструяваны, каб наносіць доўгатэрміновыя псіхалагічныя наступствы. А тэрарысты дасягаюць відовішчнасці сваёй атакі або колькасцю ахвяраў, або спосабам правядзення тэрактаў», – тлумачыць дырэктар Цэнтру даследаванняў тэрарызму «Collegium Civitas» Кшыштаф Ледэль.

Не кожны выбух – гэта тэракт. І не кожны тэракт патрабуе бомбы. Напрыклад, палестынскі «Хамас» тэрарызуе Ізраіль нажамі ці тымі ж грузавікамі. Праз інтэрнэт і ўласнае тэлебачанне яны вярбуюць новых смяротнікаў, услаўляючы атакі на любога сустрэчнага габрэя.

«Тэрарысты вельмі прафесійна выкарыстоўваюць у сваіх дзеяннях нашыя дасягненні: свабоду слова, свабодны доступ да інфармацыі. І прафесійна выкарыстоўваюць медыі. Напрыклад, навіннае тэлебачанне сёння ўмеюць паказваць тэракты ў жывым эфіры. І тэрарысты так плануюць і арганізоўваюць свае атакі, каб зацікавіць медыі», – мяркуе Кшыштаф Ледэль.

І медыі, і палітыкі часта блытаюць тэрарызм і тэрор, хоць гэта і розныя рэчы. Напрыклад, чырвоны тэрор бальшавікоў быў актам гвалту з боку ўладаў, каб застрашыць насельніцтва і зламіць прагу да свабоды. А тэрарызм ісламістаў – гэта, напрыклад, калі шахід узрывае сябе ў натоўпе, каб еўрапейцы патрабавалі ад сваіх уладаў вываду войскаў з Афганістану.

І справа не толькі ў джыхадзе. Найбольшую маральную траўму Нарвегіі нанёс мясцовы нацыст Андэрс Брэйвік. Воўк-адзіночка забіў дзясяткі суайчыннікаў назло мультыкультурнасці.

Тэракты ва Украіне – выбухі ў Адэсе, Харкаве ды іншых мірных гарадах – на пачатку гібрыднай вайны ладзілі прарасейскія баевікі з дапамогай расейскіх інструктараў. Мэта – прымусіць народ патрабаваць ад уладаў замірэння з Масквой на маскоўскіх умовах. Не атрымалася, хоць крамлёўская прапаганда тады не саступала ісламісцкай.

«Калі рукамі саміх украінцаў, якія думаюць пад уздзеяннем расейскага тэлебачання, зрабіць гэтую федэралізацыю Украіны, то кожную асобную вобласць можна будзе ўзяць голымі рукамі», – упэўнены ўкраінскі вайсковы аналітык Яўгеній Лаўэр.

Задача спецслужбаў зразумелая: пільнаваць і перадухіляць, страляць і арыштоўваць. А што рабіць звычайным людзям?

«Мяркую, сёння мы мусім навучыцца жыць з тэрарызмам, мусім ведаць, што гэта такое, як распазнаваць гэтыя пагрозы, што рабіць, калі дойдзе да тэракту. І так, як тэрарысты праводзяць прапаганду праз медыі, мы мусім паказваць і рабіць націск найперш на крымінальны элемент іх дзейнасці», – кажа дырэктар Цэнтру даследаванняў тэрарызму «Collegium Civitas».

Задача комплексная: аслабіць эфект ад тэрактаў, але захаваць свабоду і дэмакратыю. І тут пачынаецца асабістая адказнасць кожнага чалавека. Не распаўсюджваць страх. Не патрабаваць простых рашэнняў. Жыць, думаць, разумець. Не баяцца.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Новы турэцкі нацыяналізм і сучасная ядравая гонка ўзбраенняў – у першым выпуску новага года «ПраСвет» распавядае, што нас чакае ў 2017-ым.

Глядзі таксама
Каментары