Як жыхарам Берасця навязваюць чужую памяць пра 1941 год

Сёння ў Берасцейскай фартэцыі адбываецца гістарычная рэканструкцыя – аматары ваеннай гісторыі пры падтрымцы мясцовых уладаў, Міністэрства абароны Беларусі і асобных вайсковых частак будуць паказваць публіцы эпізоды баёў 1941 года.

Аднак якая была роля беларусаў у гэтых падзеях, ці мае абарона Берасцейскай фартэцыі дачыненне да беларускай вайсковай гісторыі, і што адбывалася насамрэч не толькі ў фартэцыі, але і ў горадзе?

«Апошні мірны вечар»

21 чэрвеня ў горадзе адбылася першая «рэканструкцыя». Яна называлася «Заўтра была вайна» і паказвала прыгожы, мірны, амаль ідэальны і сусальна-цукарны «апошні мірны вечар у Берасці». Па горадзе хадзілі людзі ў гімнасцёрках Чырвонай Арміі і НКУС, абдымаліся і фоткаліся з дзяўчатамі. Паглядзіце, берасцейцы, як шчасліва жылося ў вашым горадзе за некалькі гадзінаў да вайны.

Аднак радасным гэты дзень быў хіба для партыйна-чэкісцкага начальства, а зусім не для мясцовых жыхароў. Менавіта ў гэты дзень з гораду ў Сібір адправіўся чарговы эшалон з рэпрэсаванымі мясцовымі жыхарамі.

«Калі на запасных шляхах станцыі з’яўляліся эшалоны таварных вагонаў з закратаванымі вокнамі, усе ведалі, што хутка будуць чарговыя арышты і вываз. Сістэма была такая: прыкладна а першай гадзіне ночы ў дзверы грукалі… Праводзілі хуткі вобшук, пасля чаго арыштоўвалі і выводзілі мужчын. Жанчын і дзяцей у перапоўненых вагонах адпраўлялі ў невядомым для іх кірунку. Некаторыя, асабліва сталыя, не вытрымлівалі цяжкасцяў гэтага шляху. Іхныя целы ахова выкідвала з вагонаў на станцыях»,распавядаў жыхар Берасця Святазар Сінкевіч.

Дэпартацыі пачаліся яшчэ ў лютым 1940 года, і спрычыніліся сапраўды да салодкага жыцця чэкістаў, камуністычных чыноўнікаў і іхных семʼяў – ад «здабытых» у дамах рэпрэсаваных раскошных гарнітураў да кілаграмаў ювелірных упрыгожанняў і дзясяткаў залатых гадзіннікаў. Гэтае шчаслівае мірнае жыццё новых акупантаў было пабудавана на рабаванні, забойствах і катаваннях продкаў сучасных жыхароў Берасця.

Толькі ў лютым 1940 году камуністы адправілі ў ГУЛАГ больш за 50 тысячаў жыхароў Заходняй Беларусі. Да вясны з іх загінула больш за 11 500 асобаў, у асноўным дзеці і старыя. Другая дэпартацыя адбылася 13 красавіка 1940 году, падчас якой з Заходняй Беларусі было выселеныя 26 777 чалавек. Трэцяя хваля дэпартацыі адбылася 29 чэрвеня 1940 году, у Сібір вывезлі 22 879 асобаў. У часе чацвёртай дэпартацыі ў чэрвені 1941 г. вывезлі 22 353 асобаў.

Бітва за крэпасць – міфалогія і рэчаіснасць

Гледачы, якія сабраліся паглядзець на ваенна-гістарычную рэканструкцыю, убачылі стандартна савецкае апісанне падзеяў 22 чэрвеня 1941 года – атакі немцаў, контратакі савецкіх жаўнераў, фрагменты баёў на мяжы.

Зараз ужо не таямніца, што Берасцейскую фартэцыю штурмавала адна нямецкая пяхотная дывізія з дадатковай артылерыяй. Пры гэтым атакавала яна значна больш колькасныя сілы СССР – там былі падраздзяленні дзвюх дывізіяў савецкай арміі, Берасцейскага памежнага атраду, асобнага інжынернага палка, штабы, падраздзяленні 132-га асобнага батальёну канвойных войск НКУС.

Ужо ў першыя гадзіны баёў немцы ўварваліся ў крэпасць і забяспечылі сваім галоўным сілам рух углыб занятай СССР тэрыторыі Беларусі. Фактычна, пасля гэтага ўся «абарона Берасцейскай фартэцыі» – гэта дзеянні немцаў па дабіванні савецкіх войск і спробы асобных групаў савецкіх войск вырвацца з крэпасці.

Нямецкія жаўнеры выкарыстоўваюць супрацьтанкавыя пушкі на тэрыторыі крэпасці, знішчаючы апошнія кропкі савецкага супраціву. Фота liveinternet.ru.

«Фактычна заўсёды і ўсюды – падчас усяго бою за Берасцейскую фартэцыю і ва ўсіх кропках бітвы – штурмуючыя значна (часта ў дзясяткі разоў) саступалі абаронцам у колькасці асабістага складу… Толькі пасля канчатковай зачысткі фартэцыі 45-й дывізіі стала зразумела, з якой сілай ёй прышлося сутыкнуцца», – піша самы вядомы сучасны расейскі даследчык тых падзеяў Расціслаў Аліеў.

З іншага боку, колькасць – не значыць якасць, адзначае ён. Чырвонаармейцы былі агаломшаныя нечаканай атакай хоць нешматлікіх, але дасведчаных, добра арганізаваных і навучаных немцаў.

У выніку падчас штурму і зачыстак у шматлікіх умацаваннях, якія зацягнуліся на дні, загінула 429 немцаў і каля 2000 чырвонаармейцаў. Асноўная частка савецкага гарнізону, які перавышаў 10.000 чалавек, здалася ў палон.

Дзякуй дзед, што спаліў камітэт

Да таго ж сярод саміх савецкіх жаўнераў не было еднасці – і перш за ўсё не хацелі ваяваць за Сталіна як раз прызваныя жыхары Заходняй Беларусі. У нашым выпадку – гэта жыхары Берасця і Берасцейшчыны.

«Нягледзячы на тое, што прадстаўнікі тых ці іншых савецкіх народаў маглі па-рознаму ставіцца да СССР і Савецкай улады – выпадкаў якіх-небудзь арганізаваных выступленняў з іх боку невядома. Выключэнне – гэтак званы прыпісны склад (»заходнікі«), які быў пакліканы на навучальныя зборы… Аўтары шматлікіх успамінаў згадваюць як мінімум пра павальную здачу заходнікаў у палон, часам – пра сутычкі з абаронцамі, якія настойвалі на працягу абароны», – піша Аліеў.

Трафейны сцяг 132 канвойнага батальёна НКУС – яны таксама абаранялі Берасцейскую крэпасць. Цікава, што хлопец, які стаіць злева, былы чырвонаармеец. Звёў свае рахункі з вертухаямі з НКУС?

Менавіта з таго, што забраныя ў Чырвоную Армію мясцовыя жыхары варожа ставіліся да камуністаў, растуць ногі аповедаў пра «немцаў, якія пераапрануліся ў савецкую форму» у савецкіх успамінах.

«Інакш нельга было пісаць у “стары добры час”. Хоць людзі, якія пачалі страляць у Фаміна [камісар аднаго з савецкіх палкоў] і іншых камандзіраў і камісараў, сапраўды насілі чырвонаармейскую форму, гэта былі зусім не немцы, а перш за ўсё байцы прыпіснога складу, фактычна – [мясцовыя] цывільныя», – піша гісторык.

Улічваючы савецкі тэрор у Беларусі, масавае жаданне продкаў сучасных жыхароў Берасця і ваколіцаў адпомсціць чырвоным выглядае абсалютна лагічна.

Стыхійнае антысавецкае паўстанне ў горадзе

У Берасці немцы пачалі ўваходзіць недзе ў 8.30 раніцы 22 чэрвеня, аднак не спяшаліся заняць увесь горад – гэта было не настолькі важна для іх напачатку маланкавага наступу ўглыб занятай Саветамі тэрыторыі.

Пачатак вайны аднак не прывёў да таго, што берасцейцы пабеглі запісвацца ў Чырвоную Армію. Хутчэй наадварот.

Жыхары Берасця на другі тыдзень вайны. Каляровае фота нямецкага жаўнера

Паводзіны мясцовага насельніцтва адносна Чырвонай Арміі ў большасці варожае. Гэтак у горадзе Берасце яно аказвае ўзброены супраціў, страляе з вокнаў, кідаецца камянямі, цытуе расейскі даследчык Міхаіл Мельцюхоў дакументы савецкіх спецслужбаў пра пачатак вайны ў Беларусі.

З Берасця адразу пачалі бегчы савецкія чыноўнікі. Па легкавых машынах з вінтовак і кулямётаў стралялі мясцовыя паўстанцы.

«Адусюль прыходзяць трывожныя паведамленні. У горадзе пачынаецца хаос – невядомыя страляюць з гарышчаў і балконаў… Банды намагаюцца нападаць і на тых, хто выходзіць з гораду. Іх цікавяць ня толькі каштоўнасці, але і надзея сустрэць знаёмыя ненавісныя твары», – піша Аліеў.

Людзі кінуліся да турмы НКУС і вызвалілі адтуль сваіх сяброў, знаёмых, сваякоў.

Малады Казімір Свёнтэк. Фота realbrest.by

«22 чэрвеня я выйшаў на свабоду – дзякуючы нападу гітлераўскай арміі на Савецкі Саюз. Гітлераўцы ўратавалі мяне ад расстрэлу чэкістамі. Пачаў служэнне, якое працягваў да 1944 года, калі зноў прыйшла савецкая армія. У гэты час гестапаўцы збіраліся вывезці мяне ў лес на расстрэл. Але гэтым разам Саветы ўратавалі мяне ад смерці ад рук гестапа. Я зноў пачаў служэнне ў Пружанах, аднак праз паўгады з таго ж парафіяльнага дому КДБ зноў арыштавала мяне, і пасля допытаў у турме ў 1945 годзе мяне асудзілі на 10 год катаргі ў лагерах Гулага», – распавядаў кардынал Казімір Свёнтэк, які 22 чэрвеня 1941 году быў маладым каталіцкім святаром і вязнем турмы НКУС у Берасці.

Падобныя падзеі адбываліся па ўсёй Заходняй Беларусі – у Горадні, Беластоку (Сталін аддаў яго Польшчы толькі пасля вайны), Вілейцы, Баранавічах.

Падробленая памяць

Нічога з таго, што адчувалі і перажывалі 22 чэрвеня 1941 года жыхары Берасця і Берасцейшчыны сёння іх нашчадкам не паказалі.

Ім (і нам – усім беларусам) навязваюць у якасці нашай гісторыі гісторыю іншых людзей – чырвоных камандзіраў, камуністычных функцыянераў і іхных семʼяў, якія ў падаўляючай большасці не мелі нічога агульнага з мясцовымі жыхарамі і Беларуссю.

22 верасня 1939 года ў Берасце. «Нямецка-расейскі парад перамогі» – тады камуністы і нацысты зноў дзялілі Беларусь і яшчэ сябравалі

Больш за тое, берасцейцы ў масе лічылі гэтых камуністаў, чэкістаў, чырвоных камандзіраў сваймі ворагамі, і мелі для гэтага ўсе прычыны.

Можа прыйшоў ужо час жыць сваім жыццём, памятаць сваю гісторыю і парваць навязаную нам звонку савецкую ментальную матрыцу?

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў