Як журналісты спраўджвалі берасцейскія сталоўкі


Цягам пяці месяцаў берасцейскія журналісты Максім Хлябец і Вольга Малафеечава тэсцілі гарадскія сталовыя. Журналісты паспелі паесці і ацанілі інтэрʼер ды ўмовы ў шаснаццаці берасцейскіх сталовых.

На адну з рэвізіяў разам з Максімам і Воляй выправіліся і журналісты «Белсату». Гэтым разам для тэсту абралі сталовую на берасцейскім вяслярным канале. Макс і Воля дзейнічаюць па традыцыйнай схеме: спачатку з дапамогаю гульні «камень, нажніцы, папера» вызначаюць, хто бярэ самае таннае з меню, а хто – дарагое. Шанцуе Максіму, які можа выбіраць найбольш дарагія стравы: а гэта – халаднік, салата «Чайка», грэчка і ялавічны язык, кампот і два кавалкі хлебу.

У выніку абед Максіму каштаваў у 6,5 рублёў. Вользе шанцуе менш і яе абед каштуе 2 рублі 30 капеек. А гэта суп з фасолі, макароны з тэфтэляй, салата з свежых агуркоў, кампот і хлеб. Заўважым, што ўвесь эксперымент журналісты аплачваюць за ўласныя сродкі. У канцы абеду зʼяўляецца кіраўніцтва сталовай і цікавіцца ці спадабаўся наведнікам абед.

Максім кажа, што такая ўвага да іх прыйшла не адразу, але цяпер іх часцяком пазнаюць у сталовых.

– Цяжка сказаць як нас пачалі пазнаваць. Але было прыемна, калі ў Волі запыталіся «А чаму Максім салат не даеў? Няўжо не смачны?»

– Першы раз нас пазналі ў сталовай на Рэчыцы (раён Берасця), – кажа Воля – калі я заносіла паднос, каля мяне з’явілася жанчына і запытала, ці смачны быў абед? Пры чым яна назвала мяне па імені! Я была здзіўлена, але было прыемна, што наш праект чытаюць, а значыць, магчыма, стараюцца працаваць лепш.

Максім дадае, што калі вандруеш па іншых гарадах ці краінах важным пытаннем становіцца, дзе можна паесці. Часта шукаеш танныя і добрыя месцы. «Мы ведалі, што ў Берасці ёсць сталовыя, але не змаглі адшукаць ні коштаў, ні меню, нічога на розных сайтах. Таму і вырашылі самі заняцца гэтым. Шчыра кажучы, агульнае ўражанне не самае добрае. Мала сталовых, якія можна прапанаваць гасцям гораду», – кажа журналіст.

На сваім сайце журналісты зрабілі мапу сталовых і своеасаблівы рэйтынг, што спрасціць жыццё берасцейцам і гасцям гораду.

Максім з Воляй прызнаюцца, што ніхто не прапаноўваў ім рабіць замоўных матэрыялаў.

– Мы ў кожнай сталовай стараемся быць аб’ектыўнымі. Бо сэнс не ў тым, каб разрэкламаваць нейкае месца, а сапраўды пахваліць тых, у каго добра, і паказаць тых, у каго кепска. Прапановаў на замоўныя матэрыялы не было, толькі часам у некаторых месцах, дзе нас пазналі, просяць не пісаць пра негатыўныя моманты. – кажа Воля.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў