Як жанчына вярнула знойдзены тэлефон і за гэта трапіла ў ізалятар


Для былой жонкі кіраўніка гарадзенскага БХД паход у басейн скончыўся крымінальнай справай.

Неймаверная, на першы погляд, гісторыя здарылася з Інай Верамеенка 28 лютага 2016 году. 47-гадовая жанчына пайшла ў гарадзенскі аквапарк на Горкага. У пустой шафцы для пераапранання яна знайшла тэлефон. Паколькі час, адведзены на плаванне, жанчына губляць не хацела, то вырашыла спачатку акунуцца, а пасля ўжо разбірацца са знаходкай.

Дарэчы, раней гераіня працавала ў таксі, таму не раз вяртала кліентам і тэлефоны ды іншыя забытыя рэчы. Таму і знаходка не аказалася для яе нечым неардынарным – звычайная справа.

«Калі зайшлі ўсярэдзіну, мяне ўжо чакала следчая група…»

Калі я выйшла з басейну на вуліцу, то адразу набрала апошні нумар сярод «прапушчаных», – распавядае Іна, – Падняла дзяўчына, якая і апынулася ўладальніцай тэлефону. Аказалася, што яна сама яшчэ ў аквапарку, таму я прапанавала ёй выйсці на прыступкі. Добра, думаю, ісці нікуды не трэба, каб вяртаць. Аддаю, а яна кажа, што трэба прайсці ўсярэдзіну. А там нас ужо чакала следчая група…

Спачатку ўсё было добра. Прэтэнзіяў, нібыта, ніхто ні да каго не меў: тэлефон на месцы, а іншых рэчаў у шафцы не было. На выхадзе, аднак, следчы Юры Біч прапанаваў жанчынам паехаць у аддзяленне, хоць і была ўжо дзявятая вечару. Тут жа Іна Верамеенка даведалася, што капітан Біч збіраецца ўзбуджаць супраць яе крымінальную справу.[/vc_column_text][vc_single_image image=”226629″ img_size=”large”][vc_column_text]

«Баяцца мы цябе прымусім»

Я яму кажу, маўляў, нічога дрэннага не зрабіла і пужаць мяне не варта, – працягвае жанчына, – Пасля гэтага следчы раз’юшыўся і намякнуў, маўляў, баяцца мы цябе прымусім. Павезлі ў аддзяленне на Дубко, дзе я і прасядзела прыкладна да другой ночы.

Пакуль Іна чакала ў пустым кабінеце, следчы размаўляў з дзяўчынай, якая згубіла тэлефон. Паводле «пацярпелай» 20-гадовай Ульяны Луферавай, заяву следчы напісаў сам, а ёй даў толькі падпісаць. Падпісала, бо хацела хутчэй пайсці дадому. Гэтыя ж словы з вуснаў дзяўчыны прагучалі і на судзе.

Далей – цікавей. Да шостай ранку Іну дапытвалі, а пасля павезлі дадому рабіць вобшук. Вядома, без аніякіх пракурорскіх санкцыяў. Паводле працаўнікоў МУС яны шукалі выбуховыя рэчывы ды наркотыкі. Якім чынам гэта стасуецца да справы пра «зніклы тэлефон», ніхто так і не патлумачыў.

У ізалятары таблетак няма, а на прагулкі не выпускаюць

Дзяжурны адвакат, якога накіравалі да жанчыны, парадаваў навіной пра яе затрыманне на трое сутак. Улічваючы хранічныя захворванні суставаў, і адвакат, і спн. Іна прасілі следчага адпусціць яе, але…

На нашыя просьбы ён сказаў: «Нічога не ведаю, яна пойдзе па-поўнай», – тлумачыць Іна, – Хаця на судзе сп. Біч сцвярджаў, нібыта двойчы прапаноўваў мне выклікаць хуткую і я двойчы адмовілася. Ды і хуткая тут нічым не дапамагла б: гэта ж хранічныя захворванні.

Сэнсу ў такім затрыманні, паводле жанчыны, не было ніякага. «Гэта наўпрост пакаранне за тое, што не баюся», – лічыць яна. У выніку тры дні ў ізалятары ператварыліся ў сапраўднае катаванне. Адсутнасць свежага паветра, прагулак, смурод ды інш. стала для жанчыны шокам.

Мне галава разбалелася страшэнна. Магчыма яшчэ і ад таго, што суседка па камеры паліла кожныя тры хвіліны, прычым «цяжкія» цыгарэты. На ранішняй праверцы я двойчы прасіла выпусціць на прагулку, але рэакцыі не было ніякай. А таблетак жа ў іх няма ніякіх, акрамя анальгіну. Боль галавы быў невыносны, думала, што памру. І гэта не кажучы пра болі ў спіне ды ў нагах.[/vc_column_text][vc_single_image image=”226645″ img_size=”large”][vc_column_text]

«Не прызнаеш віны – на два месяцы ў турму…»

На трэція содні да Іны прыйшоў следчы ў кампаніі з новым адвакатам. Службовец прапанаваў жанчыне два магчымыя сцэнары: або яна прызнае віну і выходзіць на свабоду з тым, каб на судзе атрымаць штраф у шэсць мільёнаў, або, калі віна не будзе прызнаная, жанчыну чакае два месяцы ў турме, а пасля зноў жа штраф, толькі ўжо дзесяць мільёнаў.

Я гляджу на адваката, пытаюся, што мне рабіць? – працягвае Іна, – Я ж не юрыст, не разбіраюся ў такіх рэчах. Адвакат Кісялевіч разводзіць рукамі, маўляў, вырашайце самі. Ну, а я ў такім стане была, адзінае жаданне было – выйсці як мага хутчэй. Таму і падпісала…

Турэмнае зняволенне на два месяцы «свяціла» Іне яшчэ і стратай працы: жанчына працуе масажыстам, штомесяц падпісваючы дамову. Адвакат пры гэтым не патлумачыў, што следчы не мае паўнамоцтваў самастойна вырашаць пытанне ўтрымання асобы пад вартай у дадзеным выпадку – патрэбнае рашэнне пракурора.

Тэлефон ці планшэт? Верамеенка ці Верамеева?

У выніку Іну Вреамеенка абавязалі сплаціць штраф – Br 6 млн. Да ўсіх іншых выпрабаванняў дадалася яшчэ і судзімасць па частцы 1 арт. 205.

Усе мае хадайніцтвы на судзе былі адхіленыя. Я хацела запытацца, напрыклад, пра час перасоўвання пацярпелай. Пра тое, чаму ў справе ў адным месцы напісана тэлефон, у іншым планшэт, у адным Верамеенка, у іншым – Верамеева… Суддзя спісаў усе недакладнасці на «чалавечы фактар» ды і наагул, маўляў, справа супраць мяне вядзецца, таму пытанні не я маю задаваць.[/vc_column_text][vc_single_image image=”226633″ img_size=”large”][vc_column_text]

Дык як я давяду сваю невінаватасць?

Жанчына падала апеляцыю ў абласны суд, таму зараз чакае рашэння, якое мае прыйсці на працягу месяца. Штраф не сплачвала, чакаючы канчатковага рашэння. У Следчы камітэт таксама была пададзеная скарга, але ў адказе ідзецца пра тое, што ў дзеяннях следчага Біча няма аніякіх парушэнняў.

Юрыст: «угаворы» следчага і вобшук – грубыя парушэнні

Праваабаронцы пры гэтым трымаюцца іншага меркавання. Юрыст БХК Раман Юргель бачыць цэлы шэраг парушэнняў. Сярод іх – «угаворы» следчага наконт прызнання віны, каб падняць асабістыя паказнікі ды паказнікі свайго ведамства. З вобшукам на кватэры – таксама не ўсё «чыста»: Сапраўды, згодна прававым новаўвядзенням, вобшук без санкцыі пракурора магчымы, – тлумачыць Юргель, – але для гэтага ўсё адно патрэбныя істотныя прычыны. Напрыклад, суседзі б паскардзіліся, што ў кватэры страляюць або тэрарыст хаваецца. Тады можна і без санкцыі, прадставіўшы яе ўжо пасля, на судзе. У любым выпадку – фармат іншы.[/vc_column_text][vc_single_image image=”226617″ img_size=”large”][vc_column_text]Жанчына, якая ніколі не сутыкалася з падобнымі сітуацыямі, дагэтуль у шоку. Маральна ды юрыдычна ёй зараз дапамагае былы муж – старшыня гарадзенскай філіі БХД Сяргей Верамеенка. Незалежна ад таго, ці звязаная справа з палітычнай актыўнасцю былога мужа, высновы спн. Іна для сябе зрабіла: Хацелася б, каб нашы людзі ведалі, што можна трапіць у такую сітуацыю… Бо каб мне калі сказалі, што можна знайсці тэлефон, вярнуць і сесці ў турму – я б не паверыла, што такое можа быць. Аказалася – можа.

Тым не менш, жанчына не губляе надзею давесці сваю правату ды ісці са скаргамі вышэй па дзяржраўных структурах. Адмысловы зварот неўзабаве будзе падрыхтаваны і ў БХК.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў