Як здушвалі Дзень Волі ў Менску


Міліцыя і спецслужбы не далі магчымасці адзначыць Дзень Волі ў Менску. На вуліцы вывелі спецтэхніку і міліцыянтаў у рыштунку для разгону дэманстрацыяў. Belsat.eu аднаўляе хроніку падзеяў 25 сакавіка.

Не даць людзям сабрацца

Ад самай раніцы ў цэнтры Менску назіралася павышаная канцэнтрацыя сілаў правапарадку. Акрамя міліцыі, АМПАу і ўнутраных войскаў паведамлялася пра ўзброеных аўтаматамі людзей са спецпадраздзяленняў, але без апазнавальных нашывак.

Мітынгоўцы збіраліся сабрацца ля будынку Акадэміі навук, але месца збору было заблакаванае. Сюды ж прыгналі больш за дзясятак аўтазакаў, аўтобусы з байцамі АМАПу і ўнутраных войскаў. Прылеглыя вуліцы блакавалі працаўнікі ДАІ. А 12 гадзіне міліцыя перакрыла станцыі метро «Парк Чалюскінцаў», «Акадэмія навук» і «Плошча Якуба Коласа».

Папярэднія зачысткі

А 13 гадзіне ў офіс праваабарончага цэнтру «Вясна» уварваўся АМАП. Супрацоўнік «Вясны» Сяргей Сыс напісаў у «Фэйсбуку»: «АМАП уварваўся ў офіс »Вясны«. Усіх паклалі на падлогу» – паведамляе агенцыя БелаПАН. Агулам там затрымалі 60 асобаў, у тым ліку лідар «Вясны» Алесь Бяляцкі, праваабаронца Наста Лойка і старшыня РГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» (БХК) Алег Гулак

Напярэдадні адбыліся «прэвентыўныя» арышты палітыкаў і актывістаў. Гэтак па дарозе з Варшавы ў Менск быў затрыманы палітык Уладзімір Някляеў, арыштаваны сустаршыня БХД Дзяніс Садоўскі.

Масавыя затрыманні

Збор маніфестантаў быў запланаваны на 14 гадзіну. У гэты час АМАП і ўнутраныя войскі распачалі затрымліваць людзей, якім удалося прайсці да месца збору – Акадэміі навук. Міліцыянты прымяняючы сілу зацягвалі людзей у аўтобусы, не робячы выняткаў для жанчын ці людзей сталага ўзросту.

Іншая група людзей сабралася на плошчы Якуба Коласа. Там жа знаходзіліся міліцыянты ў шлемах са шчытамі і дручкамі. Яны пачалі рассякаць групу людзей. Затрыманні адбываліся выбарачныя. Міліцыянты са шчытамі блакавалі праход людзям.

Масавыя затрыманні распачаліся на праспекце Незалежнасці з боку Якуба Коласу. Тут маніфестантаў сілаю пачалі зацягваць у аўтазакі і аўтобусы, у тым ліку журналістаў. Агульная колькасць затрыманых перавысіла сто асобаў. Пазней «хапун» распаўсюдзіўся і на плошчу Якуба Коласа. Цяпер колькасць арыштаваных ідзе на сотні.

Каля чатырох дзясяткаў асобаў АМАП затрымаў на Кастрычніцкай плошчы. Людзей кінулі ў аўтазакі.

Фактычна ўсіх маніфестантаў раздзялілі на некалькі групаў і затрыманні пачаліся адначасова – у раёне Акадэміі Навук, на Плошчы Якуба Коласа, Праспекце Незалежнасці і на Кастрычніцкай Плошчы.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў