Як забівалі «Мотавела»


Ровар «Бусел» ці матацыкл «Менск» – назвы, якія калісьці былі вядомыя ва ўсіх краінах так званага савецкага блоку. Цяпер жа, «Матацыклетная кампанія Менск-Мота» на мяжы банкруцтва.

Справу аб неплацежаздольнасці распачаў Эканамічны суд Менску. Пра лёс колішняга флагмана айчыннай прамысловасці – у матэрыяле «Белсату».

Малагабарытны матацыкл на пачатку не саступаў аналагічным мадэлям «Harley-Davidson» ды «Yamaha». Гэтак у сярэдзіне мінулага стагоддзя аглядальнікі казалі пра малалітражку маркі «Менск», якую пачалі выпускаць у 1951-м годзе на трафейным абсталяванні, вывезеным у Беларусь з Нямеччыны ў апошнія дні Другой сусветнай вайны. На пачатку гэтага стагоддзя большасць прадукцыі «Мотавела» выпускалася ўсё на тых самых трафейных станках.

У 2004-м годзе італьянскі канцэрн «Cagiva» – сусветна вядомы вытворца малалітражак – запрапанаваў выкупіць «Мотавела» і даць яму новае жыццё за кошт абнаўлення абсталявання ды мадэльнага шэрагу. Афіцыйны Менск, аднак, гэтую ўгоду заблакаваў.

«Цалкам магчыма, што чыноўнік, які прымае рашэнне, пры недаглядзе ўладаў над ім, можа свае асабістыя інтарэсы зрабіць больш прыярытэтнымі, чым інтарэсы дзяржавы», – тлумачыць эканамічны аглядальнік Уладзімір Арцюгін.

Замест таго, каб прадаць прадпрыемства профільным заходнім інвестарам, улады яго спачатку нацыяналізавалі, а потым перадалі малавядомаму на той момант бізнесоўцу Аляксандру Мураўёву. Пакупку аформілі на зарэгістраваную ў Аўстрыі падкантрольную яму кампанію «ATEC Holding».

«Сітуацыя вельмі нагадвае сітуацыю з заводам «Прамень», калі, таксама, ёсць некалькі цэхаў, якія вырабляюць гадзіннікі пад маркай «Прамень», а іншыя вытворчыя і адміністратыўныя памяшканні аддадзеныя ў арэнду пад больш выгодныя на дадзены момант, накірункі», – працягвае Уладзімір Арцюгін.

Бізнес-мадэль, абраная Мураўʼёвым, была падобная на тую, паводле якой афіцыйны Менск спрабуе цяпер наладзіць вытворчасць кітайскіх аўтамабіляў «Geely». 70 % запчастак для матацыклаў прывозяць у Беларусь з Кітаю. Фактычна, тлумачаць беларускія байкеры, «Менск» стаў імпартным кітайскім матацыклам, які ўвозіцца ў Беларусь часткамі, каб пазбягаць 20-ціадсоткавага ўвознага мыта, што спаганяецца з гатовых вырабаў. Гэткая мадэль, пры адсутнасці профільнай экспертызы прывяла да таго, што беларускія матацыклы «Менск» і ровары «Бусел» страцілі сусветны рынак. Але і ўнутраны зберагчы не ўдалося.

«У мяне калісці быў ровар «Бусел». Добры быў ровар, ездзіў на ім. Але цяпер мадэляў новых няма», – кажа раварыст.

Іншы заўважае:

«Буслікі», ці як яны называюцца, яны непрыгожыя нават».

Летась, пасля арышту Аляксандра Мураўʼёва і яго топ-менеджараў – за перавод актываў заводу на падкантрольныя ім афшоры – вытворчасцю айчынных ровараў ды матацыклаў зноў занялася дзяржава. Структура, падкантрольная Менскаму гарвыканкаму, пад кіраўніцтвам былога мэра Мікалая Ладуцькі фармальна арандуе вытворчыя магчымасці ў збанкрутавалага ўласніка і просіць у бюджэту $ 10 млн на адміністратыўную мадэрнізацыю. Між тым, сваёй чаргі на банкруцтва чакае шклозавод у Елізава, таксама некалі куплены Мураўёвым у выніку непразрыстай угоды з урадоўцамі.

Адмыслоўцы падсумоўваюць: гісторыя з «Мотавела» – яскравы прыклад наменклатурнай прыватызацыі, калі, замест таго, каб прадаць актыў высокатэхналагічнаму заходняму інвестару, урадоўцы перадаюць яго малавядомым афшорным фірмам. Таму, тлумачаць яны, без незалежных судоў, парламенту ды прэсы, якія б кантралявалі гэтыя працэсы, такі лёс неўзабаве чакае і астатнюю беларускую прамысловасць.

Станіслаў Івашкевіч

Стужка навінаў