Як я спрабавала ўладкавацца на грамадскія працы, што абяцалі ўсім «дармаедам»


Напрыканцы сакавіка ў беларускіх беспрацоўных нібыта з’явілася дадатковая магчымасць заробку: Камітэт па працы і сацыяльнай ахове насельніцтва прапанаваў так званым дармаедам уладкоўвацца на грамадскія працы. Заробак абяцалі невялікі – да 10-12 BYN на дзень, але ва ўмовах беспрацоўя і гэтыя грошы маглі б стаць для многіх паратункам. Аднак, уладкавацца апынулася не так проста.

У Першамайскім цэнтры занятасці ад ранку атмасфера сапраўды дармаедская. Каля кожнага кабінета спецыялістаў па прыёме грамадзянаў – чарга ў некалькі асобаў, але ўсё рухаецца вельмі марудна. Пасля шпацыру ў ранішнім працоўным настроі па Лагойскім тракце, дзе грукаюць трамваі, лятуць машыны і людзі маршыруюць у рытме «па справах», тут, здаецца, на ўваходзе ўключаецца запаволены запіс.

Агулам у памяшканні цэнтра каля 20 асобаў. Сядзім у чэргах, нехта нерухома, гледзячы ў падлогу, нехта чытае кнігу, іншыя корпаюцца ў тэлефонах. Некалькі чалавек сядзяць за кампʼютарамі з банкам вакансіяў, але не больш за 15 хвілінаў, бо больш нельга, так пазначана на маніторах.

За камп’ютарам можна таксама паглядзець вакансіі. Там існуе адмысловы каталаг.

Людзі тут розныя, моладзі няшмат. Вось хлопец гадоў дваццаці, з кіпай паперак, нецярпліва грукае каблуком па падлозе, відаць, спяшаецца, а тут такая нудота. Вось сівы мужчына, уважліва і рупліва ўглядаецца ў кампютар. У асноўным тут – мужчыны і жанчыны больш сталага ўзросту, выглядаюць акуратна, добра, стомлена.

У чаканні прыёму людзі займаюцца хто чым. Размаўляюць мала.

Есць і іншы кантынгент – са спітымі, памятымі тварамі, у вопратцы, сабранай абы-як, бруднай і не па сезону. Яны збіраюцца адзін каля аднаго, аб нечым гутараць. Але іх няшмат.

Побач жанчыны абмяркоўваюць, што працу зараз знайсці вельмі цяжка, прапановаў мала. А калі звяртацца да агенцыяў па пошуку працы, то гэта вельмі дорага.

«90 рублёў трэба заплаціць адразу і ніякіх гарантыяў» – «90 рублёў? Гэта 900 тысячаў на старыя?»

Павольным шырокім крокам у памяшканне заходзіць высокі мужчына гадоў 40, у скураной куртцы і джынсах. Знутры мужчыны грае музыка: «ой, ой, ты будешь мой», – ці то плэер ці то тэлефон уключаны проста на гучную сувязь, без навушнікаў. Ён пагрукаў у дзверы, каля якіх нікога не было, папіхаў іх плячом, не паддаліся, пайшоў, «все равно ты будешь мой».

Газета аб’яваў аб вакансіях у Менску. Апоўдні прынеслі кіпку свежых нумароў.

За дзве гадзіны, што заставалася да абеду, да спецыяліста трапілі трое чалавек, у тым ліку і я.

-Добры дзень, я хачу ўладкавацца на грамадскія працы. Я чытала ў навінах, што зараз гэта можна зрабіць, не становячыся на ўлік як беспрацоўны. 

Спецыялістка па прыёме грамадзянаў стала ўглядацца ў мяне, быццам я не існую, а мроюся ёй.

-Дзе гэта вы такое прачыталі? Ведаеце, у інтэрнэце шмат што пішуць. Як гэта вы хочаце ўладкавацца на грамадскія працы?

Тлумачу спецыялісту па прыёму грамадзянаў, што Камітэт па працы і сацыяльнай ахове паабяцаў усім дармаедам, што можна папрацаваць на грамадскіх працах па тэрміновых дамовах у галінах сельскай гаспадаркі, добраўпарадкавання тэрыторый, будаўніцтве, сартыроўцы смецця ды іншых. Дзеля гэтага дастаткова прыйсці ў свой цэнтр занятасці з пашпартам, дзе павінны выдаць накіраванне на працу і можна ехаць. Загадзя станавіцца на ўлік у цэнтры занятасці неабавязкова. Прынамсі, так расказвала напрыканцы сакавіка супрацоўніца Камітэту на гарачай лініі менгарвыканкаму + 375173698829.

-Пайду ўдакладню ў калегаў, – кажа спецыялістка па прыёму грамадзянаў.

Праз некалькі хвілінаў яна вярнулася.

– Не, вы ведаеце, вось нашыя спецыялісты таксама чыталі такое на сайце, але насамрэч такога няма. Нават калі б было, усё роўна гэта рабіць праз рэгістрацыю.

З грамадскіх працаў, якія прапануе Першамайскі цэнтр занятасці праз рэгістрацыю, есць толькі цяжкая фізічная праца –«Рэмаўтадор», бяруць туды толькі мужчынаў, больш таго, толькі з кваліфікацыяй. Што адносна сельскагаспадарчых працаў, то была набрана адна брыгада ў сакавіку – яны збіралі камяні, рыхтавалі палі да засеву. І тое, туды ўзялі людзей са спісаў беспрацоўных, што стаяць на ўліку. Іншых накірункаў абяцаных грамадскіх працаў тут не прапануецца.

Цэнтр занятасці Першамайскага району. Дошкі аб’яваў, пра грамадскія працы для дармаедаў інфармацыі няма.

Мой прыём, відаць, быў самым хуткім за ўсю гэтую марудную раніцу: да абеду заставалася яшчэ хвілінаў дзесяць, і хлопец з кіпай паперак безнадзейна глядзеў мне ўслед, калі я заходзіла ў кабінет, а тут схамянуўся і паспеў ускочыць туды да абеду. Усе астатнія засталіся чакаць.

Ніякіх абвестак пра магчымасці заробку для дармаедаў на стэндах цэнтру занятасці. У «Рэмаўтадор»  мяне не возьмуць. На новы запыт на гарачай лініі Менгарвыканкаму паўтарылі тую ж інфармацыю, што і месяц таму:

«Так, можна ўладкавацца на грамадскія працы, звяртайцеся ў аддзел працаўладкавання па месцы свайго жыхарства, вам дадуць накіраванне. Станавіцца на ўлік непатрэбна. Вас зарэгіструюць, калі вы звернецеся, ваш зварот», – тлумачаць на гарачай лініі.

Пасля паведамлення, што ў цэнтры занятасці сказалі, што гэта немагчыма, супрацоўніца Камітэту паведаміла:

«Я не магу сказаць вам па вашым раёне, значыць, больш працоўнай сілы незапатрабавана. Усё можа быць, бо банк вакансіяў фарміруюць яны, і яны лепш ведаюць, ёсць месцы ці няма. Пайшло шырокае інфармаванне, з гэтай прычыны пайшлі людзі і няма месцаў».

Але ад ранку ў Першамайскім цэнтры занятасці мне прызналіся, што з такой просьбай да іх за ўвесь гэты час я звярнулася першая.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Стужка навінаў