Як выглядае беларуская «Вёска будучыні»? (Фотарэпартаж)

Фота

Тры крамы, лазня, калгас і Цэнтр вольнага часу для людзей сталага веку. Карэспандэнты belsat.eu наведалі «Вёску будучыні», ідэю якой прасоўваюць улады Беларусі.

Паводле праекту «Вёсак будучыні», у кожнай вобласці з’явяцца «ўзорныя» аграгарадкі і вёскі, на якія павінны будуць раўняцца ўсе астатнія. Ідэю рэалізоўвае Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. У мэтах – забяспечыць годны ўзровень жыцця на сяле і прыцягнуць у глыбінку маладых спецыялістаў. У «вёсках будучыні» урад абяцае сярэдні заробак 700 рублёў.


Гэткім узорам ужо назвалі аграгарадок Верцялішкі Гарадзенскага раёну і вёску Копысь Аршанскага раёну на Віцебшчыне. «Белсат» пабываў у Верцялішках ды пабачыў «будучыню» беларускіх рэгіёнаў.

Як жывецца ў Верцялішках?

Аграгарадок Верцялішкі знаходзіцца крыху больш за 10 км ад Горадні, сюды пастаянна курсуюць аўтобусы з гораду. Тут пражывае больш за тры тысячы асобаў, у большасці – людзі пенсійнага ўзросту. Напрыканцы верасня ў Верцялішках адбылася адна з самых значных падзеяў за доўгі час: адкрыццё Цэнтру вольнага часу для сталых людзей. Пабудова цэнтру каштавала 110 тыс. долараў. У будынку арганізавалі трэнажорную залу, паставілі кампʼютары. Каб пенсіянеры атрымалі магчымасць вучыцца і цікава бавіць час, усталявалі більярдны стол і арганізаваны масажны кабінет.

Першы ў Гарадзенскай вобласці Цэнтр адпачынку сталых людей

«У більярд з напарнікам іграем. Трэнажоры, дарожка, веласіпед. Эта ўсё для пажылых людзей зроблена. Была амбулаторыя раней. Зараз новую паліклініку зрабілі. І вось вырашылі зрабіць, каб нам было чым заняцца. Нават жанчыны с канцэртамі выступаюць. Мая жонка таксама. Нават ездзілі ў Мураванку выступаць», – распавядае мясцовы жыхар Іван Андрэевіч.

Спадар Іван кажа, што ў аграгарадку жывецца добра, вось толькі дарогу трэба парамантаваць на іх вуліцы. І сапраўды дарога на вуліцы Трудавой, пасля таго, як растаў крыху снег, болей нагадвае плойму невялікіх вадаёмаў.

Дарога на вуліцы Трудавой у Верцялішках

На дрэнную дарогу паскардзілася таксама спадарыня Тамара, якая жыве на вуліцы Маладзёжнай.
«Напішыце, што трэба пад’езды і дарогу. Там во, цэнтральныя дарогі, дык яны сабе харошыя парабілі, забор і ўсё».

Спадарыня Тамара жыве ў Верцялішках ужо 43 гады. Пераехалі ў 70-х, калі ў пасёлку панавала вялікая будоўля.

«Пераехалі са Шчучынскага раёну. Тады ішла вялікая будова. Мой мужык механізатар быў, вось ён сюды і прыехаў. Сама ў канторы працавала. Тады мы маладыя былі, добра зараблялі. Пасля Шчучынскага раёну тут вельмі добра было. А цяпер не ведаю, трэба пытацца, хто працуе. У калгасе кажуць, што мала зарабляюць. Мой зяць робіць электрыкам, 350 рублёў зарабляе, а начальства можа па 1 500-1 800. Гэта шмат? Шмат. А так звычайны бухгалтар 300 рублёў мае. Магазінаў – гэтага ўсяго хапае. Па вопратку ў Горадню ездзім», – распавядае спадарыня Тамара, адначасова змятаючы пасохлую лістоту каля свайго пад’езда.

Спадарыня Тамара прыбірае лістоту каля свайго пад’езда

– Спадарыня Тамара, у Вас жа камунальная служба ёсць у пасёлку, чаму Вы прыбіраеце?

– Ёсць камунальная служба, але яна на вуліцах прыбірае, а мы каля пад’ездаў. Бачыце, лісця якога ветрам нанесла. У нас такіх і няма, якога нам лісця надула. Эта клён такі вялікі.

Жыхары Верцялішак ганарацца ўласнай камунальнай службаю, дзе працуе каля пяцідзесяці асобаў: прыбіраюць аграгарадок, займаюцца азеляненнем і добраўпарадкаваннем. Гэткая камунальная служба – адзіная ў Гарадзенскай вобласці. Акрамя таго, у Верцялішках ёсць школа, дзіцячы садок на 140 месцаў, дом культуры, амбулаторыя, банк, пошта, лазня, кавярня і тры крамы. Галоўнымі прадпрыемствамі дагэтуль з’яўляюцца СПК «Прагрэс» і торфапрадпрыемства. Верцялішкі вядомыя таксама вырабам норкавых шубаў, па якія ў фірмовую калгасную краму «Меха» зʼязджаюцца модніцы з усёй Беларусі.

«Узорнае сяло» з адгалоссем БССР

Яшчэ ў савецкія часы Верцялішкі мелі рэпутацыю ўзорнага сяла СССР. Да 50-х гг. гэта была невялічкая вёска, якая дзякуючы мадэрнізацыі ў БССР перажыла свой росквіт. Тут пабудавалі вялікі калгас «Прагрэс» і торфапрадпрыемства «Верцялішкі», якія забяспечвалі жыхароў працай. Як ні дзіўна, у савецкі час вядомым быў мясцовы ўнівермаг, на паліцах якога можна было знайсці дэфіцытныя на той час тавары. Шэры будынак універмага можна ўбачыць і зараз, дзе паўпустыя паліцы забяспечваюць мясцовых жыхароў самымі неабходнымі таварамі айчынай вытворчасці.

Асартымент універмагу ў “Вёсцы будучыні”

– Ці вам хапае тут крамаў? Месцаў, дзе можна пасядзець? – цікавімся ў маладой маці з вазком.

– Куды пасядзець? Пясочніца ёсць і добра. У прынцыпе хапае ўсяго. Тут да гораду 15 хвілін маршруткай. Таму ў прынцыпе розніцы не бачу. Калі захацеў, тады і ў горадзе. Мы самі ў горадзе працуем з мужам. Тут многія працуюць. Таму што… Ну а дзе тут?..

Глядзіце усе фота:

Паўліна Валіш, belsat.eu

Фота – Васіль Малчанаў

Глядзі таксама
Каментары