Як выглядаў крымінальны свет у XVI і XIX стагоддзях


Беларуская гістарычная навука на сёння толькі пачынае вывучаць гісторыю крыміналітэту. На гэты момант у Беларусі няма ніводнай кнігі, якая б распавядала пра крымінальнікаў і злачыннасць у папярэднія гістарычныя эпохі. Адным з першых, хто пачаў раскрываць гэтыя белыя плямы ў нашай гісторыі, – кандыдат гістарычных навук Віталь Галубовіч, які займаўся вывучэннем рабаўнікоў і забойцаў 16 стагоддзя.

[vc_single_image image=”368040″ img_size=”large”]

Раскажыце, калі ласка, як увогуле ўзнікла ідэя займацца даследаваннямі злачыннасці?

Падчас сваіх даследаванняў праглядаў актавыя і магістрацкія кнігі, а таксама іншыя гістарычныя крыніцы ды заўважыў, што ў 16 стагоддзі, таксама, як і ў сучаснасці, была вялікая колькасць учынкаў, якія былі па-за нормамі закону. Гісторыка тэма зацікавіла тым, што звычайна гісторыя надае грамадству своеасаблівы рамантызм, нацыянальных герояў і прыгожыя ўяўленні аб мінуўшчыне. Высветлілася, што і ў тую гістарычную эпоху жылі такія ж людзі, як і цяпер.

Што цікавага для Вас і грамадства ёсць у гэтай тэме даследавання?

Сёння амаль кожны дзень мы сутыкаемся з крымінальнымі хронікамі, і так жа было раней. Былі забойствы, крадзяжы, рабаўніцтва, гвалтаванне і г.д.

У большасці займаюся даследаваннямі гісторыі баярства Полацку, і першы артыкул быў прысвечаны злачыннасці Полацку. Але потым свой досвед перанёс на даследаванне гісторыі злачыннасці ў Горадні. Увогуле падобны досвед можна перакласці на любы горад у Беларусі і распачаць даследаванні гісторыі злачыннасці. Нядаўна выйшла чарговая публікацыі пра злачыннасць у Горадні ў чарговым зборніку «Гарадзенскі соцыум». Злачыннасць можна даследаваць з розных ракурсаў: якія былі злачынствы, як за іх каралі злачынцаў, якая была рэакцыя грамадства і шмат іншага.

Якія пакаранні былі ў той час за злачынствы?

Напрыклад, на гэты момант вядома, што за розныя злачынствы, як і сёння, былі розныя пакаранні: за цяжкія злачынствы маглі чвартаваць, спаліць на вогнішчы або прымяняць іншыя віды смяротных пакаранняў.

Цікавы факт: у Горадні, як і ў іншых гарадах, былі свае ганебныя слупы, куды прывязвалі злачынца, і пакуль ён не сазнаецца або пакуль не будзе даказаная ягоная віна, ён быў там. Ёсць цікавыя сведчанні, што на ўедзе ў Горадню былі шыбеніцы, на якіх хісталіся павешаныя злачынцы, і кожны, хто іх бачыў, мог адразу зразумець, што бывае за парушэнне закону.

Глядзіце таксама >>> Горадня за апошнія 600 гадоў: гісторыкі прэзентавалі новую кнігу

[vc_single_image image=”368044″ img_size=”large”]

Яшчэ адзін гарадзенскі гісторык – кандыдат гістарычных навук Аляксандр Радзюк – вывучае свет крыміналу 19 стагоддзя.

Скажыце, чым адметна была злачыннасць у перыяд Вашых навуковых інтарэсаў?

Калі нашыя землі былі ў складзе Расейскай імперыі, шмат якія дзеянні, за якія сёння няма ніякай адказнасці, лічыліся крымінальнымі.

Вось, напрыклад, за самазабойства можна было панесці крымінальную адказнасць, калі спроба была няўдалаю. Няўдалага самагубцу маглі выслаць у Сібір на нейкі тэрмін на працы. Цікавым фактам з’яўляецца адсутнасць справаў па згвалтаваннях, магчыма, таму, што жанчыны баяліся ганьбы з боку грамадства. Ёсць інфармацыя толькі наконт згвалтавання няпоўнагадовых асобаў.

Якія злачынствы здараліся найчасцей?

Былі вельмі частымі факты, калі маці забівалі сваіх жа дзяцей. З аднаго боку, аргументуецца тым, што цяжка было гадаваць, але такім чынам маглі пазбаўляцца і пазашлюбных дзяцей. Частымі былі выпадкі, калі дзяцей наўпрост тапілі ў прыбіральнях.

19 стагоддзе – нейкі пераломны этап для злачыннасці?

У 19 стагоддзі пераломным момантам для злачынцаў стала адмена прыгоннага права – менавіта тады злачынцы ў вялікай колькасці перамясціліся ў гарадскую прастору. Раней жа разбой ажыццяўляўся звычайна на дарогах. У 1870-я гады ў Горадні адбылося найбуйнейшае злачынства, калі прыезджы Шаноўны гараджанін з Вільні зрабіў падкоп пад банк і вынес капітальную суму грошай.

А што часцей за ўсё абкрадалі?

Абрабаваць маглі што заўгодна. Напрыклад, частымі выпадкамі было, калі злачынцы рабавалі храмы – выносілі свечкі, абразы, вокладкі і срэбныя кубкі. Але за раскраданне храмаў судзілі за святатацтва, а не за рабаўніцтва.

Ці ёсць нейкія адметныя рысы гарадзенскай злачыннасці?

Небяспечнымі месцамі ў Горадні, паводле сцвярджэння гісторыка, былі вакзал і лес. Часам крыміналітэт быў міжнацыянальны і, нават, міжнародны. Часта горад наведвалі злачынцы-гастралёры з іншых краін, напрыклад з Аўстрыі, цікава, што вялікая колькасць з такіх злачынцаў былі габрэі.

Высокім фактарам злачыннасці ў Горадні былі прыезджыя вайскоўцы з расейскай глыбінкі, якія пастаянна чынілі п’яны дэбош у публічных ці пітных дамах, збівалі мясцовых жыхароў. Сярод тых жа вайскоўцаў быў вельмі пашыраны антысемітызм: габрэі пастаянна былі пад ціскам вайскоўцаў, якія маглі проста так пабіць або разнесці рамесніцкую ці пітны дом. Гэта выклікала вялікую незадаволенасць сярод жыхароў Горадні ў 19 стагоддзі. Часам гараджане розных канфесіяў і нацыянальнасцяў аб’ядноўваліся, каб бараніцца супраць сваволля расейскіх вайскоўцаў.

Ці было свавольства і хабарніцтва сярод прадстаўнікоў праваахоўных органаў?

Не была бязгрэшнай і гарадская паліцыя, сярод якой былі распаўсюджаныя недазволеныя метады ціску на падследных, хабарніцтва таксама было распаўсюджана вельмі моцна. Гараджане проста завальвалі гарадское начальства скаргамі на сваволле гарадской паліцыі. Найцікавейшы выпадак хабарніцтва ў гісторыі Горадні, на думку даследніка, – сітуацыя з незамярзаннем Нёмну. Раней сталага моста не было, і гарадскія ўлады кожны год здавалі ў арэнду прадпрымальнікам, праз аўкцыён, права на перавозку гараджан на пароме з аднаго боку гораду на іншы.

Зімой жа Нёман, звычайна, замярзаў, і людзі маглі хадзіць праз раку пешшу. Аднак здарылася сітуацыя, калі дзве зімы запар Нёман ніяк не мог замерзнуць і гараджанам даводзілася плаціць за пераправу на пароме па 10 капеек. Высветлілася, што прадпрымальнік, які арандаваў права на пераправу, быў у змове з гарадзенскім паліцмейстрам і праплаціў сялянам з вёскі Салы, што каля Горадні, каб яны нацягнулі ў рэчцы вяроўку і такім чынам стрымлівалі лёд.

belsat.eu

Стужка навінаў