Як вялі «ў светлую будучыню» ды забівалі голадам – «Белсат» пакажа сёння фільм «Галадамор. Жывыя»


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGOWo0NklvLXJlcW8lMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]У Дзень памяці ахвяраў Галадамору ва Украіне «Белсат» згадае пакутнікаў, якіх савецкія ўлады замарылі голадам ва Украіне ў 1932-1933 гадах.

У суботу 28 лістапада на «Белсаце» а 18:40 глядзіце фільм «Галадамор. Жывыя» рэжысёра Сяргея Букоўскага.

Героі стужкі былі дзецьмі, калі ў іхных бацькоў аднялі ўсё. Саветы асудзілі сялянаў, якія жылі ды працавалі на самых урадлівых глебах у свеце, на галодную смерць. Толькі цяпер ацалелыя распавядаюць пра перажытае: пра тое, як іхных бацькоў цягнулі ў «светлую будучыню», як у іх адбіралі апошняе, як выміралі іхныя вёскі.

І як ім – насуперак усяму – удалося выжыць. «Лепш бы мы не нараджаліся…» – кажа адзін са сведкаў…

У 1932–1933 гадах савецкая Украіна перажыла найбуйнейшую трагедыю ў сваёй гісторыі – Галадамор. Камуністычны рэжым хацеў пакараць непакорных украінскіх сялянаў і такім чынам канчаткова «развязаць украінскае нацыянальнае пытанне». У адрозненне ад іншых савецкіх рэспублік, тут гвалтам забіралі ўсё: не толькі запасы збожжа ды насенны фонд, але ўсё ядомае. Дарогі ў гарады, дзе можна было набыць хоць што-небудзь, блакаваліся, гандляваць ежаю і прамысловымі таварамі забаранялася. У той час ва Украіне ад голаду паміралі штохвіліны 17 чалавек… Пры гэтым савецкія ўлады мелі значныя запасы збожжа ў рэзервах і прадавалі яго за мяжу…

Своеасаблівым правадніком падарожжа ў пекле гісторыі выступае брытанскі журналіст Гарэт Джонс, чыя праўда пра трагедыю ўкраінцаў не была пачутая на Захадзе. Урады шматлікіх краін засталіся абыякавымі да чужой бяды. Хоць сітуацыю ва Украіне ведалі добра – пра гэта сведчаць апублікаваныя ў фільме дакументы. Сведчанні людзей, якія перажылі галодны змрок, пераплятаюцца ў фільме з дзённікавымі запісамі, якія рабіў Джонс падчас паездкі ва Украіну ў сакавіку 1933-га.

У выніку Галадамору ва Украіне загінула каля 4 млн чалавек. Украіна і яшчэ 24 краіны свету афіцыйна прызналі Галадамор генацыдам украінскага народу. Затое ў Расеі не прызнаюць Галадамор генацыдам, сцвярджаючы, што ад голаду людзі паміралі ў розных рэгіёнах СССР і ён не быў накіраваны супраць украінскага народу. Прычыны гэтага масавага злачынства ніколі ў СССР не расследаваліся і ніхто з прадстаўнікоў улады не панёс пакарання, хоць найвышэйшае кіраўніцтва СССР, уключаючы Сталіна, ведала пра масавую гібель людзей ад голаду.

Цягам дзесяцігоддзяў масавае забойства людзей штучным голадам наўмысна замоўчвалася савецкімі ўладамі, згадкі пра Галадамор былі забароненыя.

МЯ, belsat.eu[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў