Як ваююць... дзеці. Прамова-споведзь у ААН


«Каб зрабіць нас больш дасканалымі ў бруднай працы, нашыя рэкруцёры імкнуліся абудзіць у нас жывёльныя інстынкты» – былы жаўнер, які трапіў на фронт у 12 гадоў. У ААН ён распавёў пра тое, як змушаюць дзяцей браць зброю і забіваць.

Былы жаўнер выступіў перад Саветам Бяспекі ААН. Нзіта Нсуамі трапіў на вайну ў 12 гадоў – яго забралі ў «добраахвотнікі» разам з іншымі хлопчыкамі проста са школы ў Конга. Хоць гэтая краіна багатая рэсурсамі, дзесяцігоддзямі насельніцтва пакутуе ад нястачы, лакальных канфліктаў, барацьбы за ўладу ды бязмежжа ўзброеных груповак.

«Я прамаўляю перад вамі сёння, таму што я на сабе адчуў гэтыя пакуты. І мне па-ранейшаму цяжка знайсці адпаведныя словы, каб апісаць гэтае выпрабаванне, што скрала ў мяне дзяцінства – распавёў былы жаўнер у ААН. –  Я быў ахвяраю вербавання ўзброенай групоўкі пад назваю Альянс Дэмакратычных Сілаў за Вызваленне Конга, якая была створаная ў Паўночным Ківу (рэгіён Конга – belsat.eu) дзеля таго, каб зрынуць дыктатарскі рэжым прэзідэнта Мабуту. Мне было 12 гадоў. Мяне і некалькі маіх сяброў рэкрутавалі ў нашай школе. І мы самааддана ваявалі, каб скінуць рэжым Мабуту.

Вербоўшчыкі далі нам хуткае навучанне. Яны паслалі нас на фронт. Мы забівалі, мы рабавалі і разбуралі карысную інфраструктуру для насельніцтва. Мы рабілі ўсё, што нам казалі, парушаючы ўсе нормы міжнароднага гуманітарнага права. Мы перавозілі боепрыпасы і праходзілі тысячы кіламетраў з адным перакананнем: мы павінны страляць па ўсім, што рухаецца, пад страхам таго, што самі трапім пад агонь. Нявінныя жыцці былі знішчаныя без прычыны. Калі ласка, дазвольце мне яшчэ раз прынесці прабачэнні за ўсё зло, што мы здзейснілі нашым субратам. Я па-ранейшаму шкадую пра гэта.

 

Каб зрабіць нас больш дасканалымі ў гэтай бруднай працы, нашыя рэкруцёры імкнуліся абудзіць у нас спячыя жывёльныя інстынкты. Падчас чароўнай цырымоніі яны пераконвалі нас, што мы непераможныя, але рэальнасць кожны раз паказвала нам адваротнае.

 

Шмат каго з маіх братоў па зброі ўжо няма з намі. Яны былі забітыя пасля таго, як падняліся занадта высока па лесвіцы гвалту. Я быў звязаны з гэтай групаю цягам 10 гадоў і я ваяваў цягам 3 гадоў. І цяжэй за ўсё было бачыць дзяцей майго ўзросту, што гуляюць у футбол непадалёк ад таго месца, дзе я стаяў на варце. Ноччу, калі я стаяў на варце ў холадзе, я бачыў вобраз гэтых дзяцей, якія гулялі і маё сэрца разрывалася. Мае вочы былі поўны слёз і я пытаў: Божа, што я такога зрабіў, што не магу быць як яны».

 

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў