Як ваюе сусед, што стукае па батарэях? Амерыканец зняў ролік пра ўкраінскіх байцоў


Прома-ролік, на здымкі якога пайшло каля 2 млн грыўняў, зрабілі 60 чалавек за свае грошы. Міністэрства абароны Украіны мае намер замовіць поўнаметражны мастацкі фільм аб антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны.

«Праект распавядае аб звычайных мужчынах, якія штодня сумленна і самааддана выконваюць свой ​​воінскі абавязак перад Украінаю. Кожнага з іх вы маглі калісьці бачыць у парку, сустрэць у чарзе ў краме або банку, бо не існуе чалавека, які быў бы адмыслова народжаны для вайны, і ўсе мы вымушаныя сёння абараняць родную краіну», – адзначаюць аўтары відэа.

Відэа ў падтрыманне ўкраінскіх вайскоўцаў зняў амерыканскі рэжысёр, лаўрэат Канскага фестывалю рэкламы Марк Рэйманд Ўілкінс з дапамогаю агенцтва «Banda Agency» і «Radioaktive Film». Здымачная група з 60 чалавек працавала цягам 2-ух месяцаў на дабрачыннай аснове – тэхніку для здымак стваральнікі нанялі за ўласныя грошы ды самі ж аплацілі іншыя выдаткі, падае gordonua.com.

Міністэрства абароны Украіны збіраецца даручыць Рэйманду Ўілкінсу зняць поўнаметражтую стужку пра барацьбу з тэрарыстамі на Данбасе.

«Пасля таго, як шэраг рэжысёраў і галівудскіх фондаў убачылі гэты ролік (аб украінскай арміі), разглядаецца наагул варыянт таго, што, можа, будзе зняты фільм аб гэтай вайне… Я думаю, гэта пытанне бліжэйшага месяца. Цяпер будуць ісці перамовы, і калі атрымаецца знайсці пад гэта адпаведны бюджэт… то мы зможам убачыць нешта новае для Украіны», – паведаміў дарадца міністра абароны Украіны Аляксандр Данілюк.

МЯ, belsat.eu, паводле un.ua, gordonua.com

Стужка навінаў