Як уратаваць дзіця-забойцу, якое завербавалі баевікі

video

Дзякуючы прагрэсу і глабалізацыі ўзброеныя канфлікты ў XXI стагоддзі становяцца ўсё складанейшыя і бліжэйшыя да нас. А новыя ўзбраенні ды спосабы вядзення вайны пакуль не могуць цалкам перадухіліць ваенных злачынстваў. У тым ліку выкарыстанне на вайне дзяцей як баевікоў. Гэта практыкуе і «Ісламская дзяржава», і расейскія гібрыдныя сілы на Данбасе. Навошта яны гэта робяць і як ратаваць дзяцей, пацярпелых ад вайны?

«Ісламская дзяржава» не змагла пабудаваць жыццяздольнага Халіфату, аднак гэтая тэрарыстычная групоўка застаецца небяспечнай і ў мясцовым, і ў міжнародным маштабе.

«Гэтак званая «Ісламская дзяржава» рознымі спосабамі адаптоўваецца да ваеннага ціску, ужывае ўсё больш схаваныя камунікацыйныя і рэкруцкія метады, у тым ліку глыбокі інтэрнэт, шыфраванне і мэсэнжэры», – кажа намеснік генсека ААН у палітычных пытаннях Джэфры Фэлтмэн.

Паводле еўрапейскіх спецслужбаў, на Захадзе «Ісламская дзяржава» актыўна выкарыстоўвае падлеткаў для вербавання прыхільнікаў праз сацыяльныя сеткі. Сярод іхных брутальных і высакаякасных відэаролікаў усё больш відэа з дзіцячых лагераў джыхаду. Зусім малых дзяцей тут вучаць браць штурмам умацаваныя будынкі. Сярод манекенаў ставяць звязаных жывых людзей.

Вітальд Рэпетовіч, які нядаўна быў каля іракскага Масулу, кажа, што мэта гэткага відэа – шакаваць сваякоў забітага і грамадства ў цэлым. А дзяцей вучаць забіваць, каб адключыць іхныя пачуцці і здольнасць бачыць чалавека ў ахвяры. І тут ісламісты не вынаходнікі.

«У Афрыцы ва ўзброеных групоўках часта дзяцей прымушаюць забіваць сваіх бацькоў, сваякоў. Гэта вялізарнае перажыванне для дзіцяці, і яно мусіць неяк даваць рады з гэтаю траўмай. Так робяць, каб уключыліся абарончыя псіхалагічныя механізмы, каб зрабіць робата з гэтага дзіцяці», – тлумачыць эксперт у бяспецы, «Defence24.pl» Вітальд Рэпетовіч.

Паслухмяны і агрэсіўны маленькі баявік – гэта таксама ахвяра вайны. Ад перажытага стрэсу жыццё такіх дзяцей ператвараецца ў жах.

«Яны не могуць фармаваць устойлівай сувязі, устойлівай прыхільнасці да іншых людзей, і паказваюць свае эмоцыі і пачуцці не цывілізаваным чынам, а так, як прывучаныя падчас баявых дзеянняў», – мяркуе дырэктар у міжнародных сувязях МГА «Разуменне» Андрэй Маханько.

«Армія супраціву Госпада» ва Угандзе, «Армія Бога» ў М’янме, ісламісты ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе – гэтыя злачынныя групоўкі ў рознай ступені займаліся ідэалагічным прамываннем дзіцячых мазгоў. Але самастойных тэрарыстаў з дзяцей пакуль не атрымлівалася.

«Боко-Харам у Нігерыі прымушаюць малых дзяўчатак падрываць сябе на рынках. Некаторыя дзяўчаткі адмаўляліся ды ішлі здавацца ў паліцыю. Калі казаць пра аперацыю высылання такога дзіцяці па-за межы Блізкага Усходу, у Еўропу, то гэта занадта складана. Дзеці самі не арганізоўваюць тэрарыстычных акцыяў», – запэўнівае Вітальд Рэпетовіч.

Што ж рабіць з дзецьмі-забойцамі? Рэкамендацыяў для вайскоўцаў яшчэ не выпрацавалі, пакуль толькі канадскае Міністэрства абароны ўзялося за гэтую няўдзячную працу. Псіхалагічнай рэабілітацыяй былых дзяцей-жаўнераў – дарагой і доўгай – займаецца шэраг міжнародных арганізацыяў. У Беларусі пакуль даводзілася рэабілітаваць толькі дзяцей-уцекачоў з Данбасу, якія не бралі ўдзелу ў баявых дзеяннях.

«Ёсць ахвяры злачынстваў, у тым ліку сексуальных злачынстваў і злачынстваў вайны, калі дзеці былі сведкамі забойстваў або катаванняў іхных бацькоў», – кажа Андрэй Маханько.

Тым не менш, у Данецку і Луганску групоўкі ДНР і ЛНР актыўна ўжываюць дзяцей-баевікоў, хоць гэта і ваеннае злачынства. Расейцы, што ваявалі на Данбасе, актыўна вярбуюць і трэнуюць сабе замену, у тым ліку з няпоўнагадовых беларусаў. У нас найбольш вядомая справа нацыста Аляксея Мільчакова, які вывозіў дзяцей з Віцебску, Друцку і Талачына ў ваенна-патрыятычны лагер у Расею. Для навучання ўжывалі баявую зброю і ваенную тэхніку.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Ці выпадае святкаваць «срэбнае вяселле» дыпламатычных стасункаў Беларусі ды Польшчы? Пра крызіснае сяброўства Лукашэнкі і Маргвэлашвілі? Глядзіце новы выпуск «ПраСвету» з Алінай Кошык.

Глядзі таксама
Каментары