Як украінская каўбаса перамагла расейскі тэлевізар


На рынках і ў крамах памежных украінскіх гарадоў усё часцей можна пабачыць нашых суайчыннікаў. Гэтак, у Чарнігаве гамельчукі масава скупаюць садавіну і гародніну ўкраінскай вытворчасці.

«Садавіна, вось, купілі чарэшні, памідораў, гуркоў… Таму што ўсё свежае і харошае», – гаворыць адзін з беларусаў-пакупнікоў у Чарнігаве.

Чым жа няхораша купляць беларускія гуркі і памідоры? Дый увогуле беларускае? Галоўная прычына – кошты.

У змаганні халадзільніка з тэлевізарам рашучы ўдар па расейскай прапагандзе нанёс беларускі эканамічны цуд. Калі кошты на айчынныя прадукты адчувальна выраслі, беларусы з памежных рэгіёнаў сталі значна менш баяцца міфічных бандэраўцаў, пра якія так шмат казалі крамлёўскія тэлеканалы.

«Цяпер аўтобусаў шмат ходзіць. Спачатку баяліся, а цяпер адзін, другі аўтобус, па 10-20 машын. Нармальна едуць», – зазначае адзін з мясцовых прадаўцоў.

Дзякуючы беларусам зноўку ажылі і зусім малыя памежныя ўкраінскія мястэчкі. Гэта Зарэчнае, Роўненская вобласць. Па серадах, калі працуе мясцовы рынак, зарэчанцы са світанку сустракаюць таварамі нашэсце пінчукоў.

Беларусы з нашага боку Палесся набіраюць вялікія торбы не толькі садавіны-гародніны, але і цукерак, і вопраткі.

Набываюць і сала, і кілбасы, якія трэба везці кантрабандаю. Прычыны тыя ж – меншыя кошты і шырэйшы выбар. А на выходных беларусы ідуць ва ўкраінскія крамы па побытавую тэхніку. Мятуць з прылаўкаў усё.

Але нават на рынку заўважная вялікая розніца між братэрскімі народамі.

«Яны жывуць у Савецкім саюзе. Яны ніколі не размаўляюць наконт палітыкі. Яны баяцца», – падкрэслівае ў гутарцы з «Белсатам» гандляр на рынку.

Бо пра палітыку размаўляць – гэта не кілбасу кантрабандаю вазіць. Страшнавата з нязвычкі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Стужка навінаў