Менская сям’я мусіць жыць без прыбіральні і вады

video

Аднаму з дамоў на вуліцы Запарожскай у Менску 60 гадоў. Ён выглядае закінутым: драўляныя дзверы, выбітыя шыбы, адсутнасць каналізацыі… Але тут жывуць людзі.

Яшчэ ў 90-ых яго паабяцалі зруйнаваць, а жыхароў – перасяліць, але даваць новае жытло гарадскія ўлады не спяшаюцца, таму сям’я Карповічаў і цяпер вымушаная жыць у экстрэмальных умовах.

У кватэры Карповічаў няма ні прыбіральні, ні вады – яе трэба набіраць з калонкі ў двары.

За 60 гадоў існавання дом ні разу не рамантавалі. Капітальны рамонт прызначылі на 2002 год, але пасля дом прызналі аварыйным, людзей адсялілі. Сям’і Карповічаў таксама прапанавалі аформіць ільготны крэдыт на набыццё новай кватэры, але ў пенсіянераў не аказалася грошай нават на першы ўнёсак. У выніку суседзі з’ехалі, а Карповічы засталіся жыць на Запарожскай. Цікава, што і да сёння плату за капітальны рамонт аварыйнага дому ЖКГ ім налічвае штомесяц.

«Грошай няма, няма за што будавацца, былі б грошы – пабудаваліся б. Некалькі разоў прапаноўвалі, і збіраліся, але як нам суму скажуць першапачатковую, валасы дыбам устаюць, адкуль узяць такія грошы?», – кажа жыхарка дому Галіна Карповіч.

Карповічы звярталіся і ў адміністрацыю Партызанскага раёну, і ў пракуратуру, пісалі лісты Лукашэнку, але адказ заўсёды атрымлівалі адзін…

«Няма жылых памяшканняў, якія прадугледжаныя для накіравання грамадзянаў у сувязі з гэтым рашэннем», – заўважае начальнік Аддзелу жыллёвай палітыкі адміністрацыі Партызанскага раёну Людміла Пусікава.

Пакуль Карповічы самі вымушаныя змагацца з невыноснымі ўмовамі жыцця: дах цячэ, на сценах з’яўляюцца грыбкі ды цвіль, а аднойчы кавалак даху папросту абваліўся на ложак у спальні – на шчасце, жыхароў тады не было ўдома.

«Калі склалася такая сітуацыя, што жыццё ў пэўным доме небяспечнае для жыцця тых людзей, якія засталіся ў ім, то ўлада мусіць прыкласці ўсе намаганні, каб знайсці варыянты рассялення гэтых людзей», – падкрэслівае Віктар Янчурэвіч з аргкамітэту грамадскага абʼяднання «Экаград».

На думку экспертаў, адзінае, што можа зараз зрабіць сям’я Карповічаў, – звярнуцца ў пракуратуру, каб тая прымусіла адміністрацыю раёну заняцца гэтаю праблемай. Хоць ніякіх гарантыяў на поспех такіх скаргаў эксперты не даюць. Бо няма ў Беларусі структуры адказнай за тое, каб людзі не жылі ў аварыйных умовах.

НХ, Менск

Глядзі таксама
Каментары