Як у Рыме згадваюць беларускі выган ды пастухоў

photo

Рым – былая сталіца старажытнай Рымскай імперыі

Недалёка ад Калізею ў Вечным Горадзе ёсць невялічкая старая царква, гісторыя якой моцна звязаная з мінуўшчынай Беларусі. У гэтай святыні маліўся адзін з пантыфікаў, а шмат хто лічыць, што тут адбываліся сапраўдныя цуды.

Ліцвіны ў Рыме

Невялікая царква святых Сяргея і Вакха ў Рыме некалі была асаблівым месцам для паломнікаў з Вялікага княства Літоўскага. Святыня знаходзіцца на адной з вузенькіх рымскіх вулічак, а яе дах вянчае шасціканцовы крыж, падобны да таго, што знаходзіцца на шчыце «Пагоні». Насупраць – фантан, у якім купаюцца галубы. Побач – невялікія кавярні, у якіх любіць адпачываць моладзь. Зусім недалёка – Калізей, месца гладыятарскіх бітваў ды мучаніцтва першых хрысціянаў, якіх дзеля забавы рымлянаў выганялі ў старажытнасці да галодных ільвоў.

Царква святых Сяргея і Вакха

Царкву святых Сяргея і Вакха неаднаразова перабудоўвалі, нешта змянялі, дадавалі ці касавалі. Першыя ж звесткі пра сакральную спаруду на гэтым месцы сягаюць пачатку IX стагоддзя.

У 1596 годзе, пасля падпісання Берасцейскай царкоўнай уніі, у Вялікім княстве Літоўскім узнікла новая рэлігійная супольнасць – Грэка-Каталіцкая Царква, у якой захоўвалася ўсходняя, візантыйская абраднасць, але дагматыка была аднолькавай з Каталіцкім Касцёлам.

Рымскія разваліны

Уніяцкія іерархі ВКЛ пачалі шукаць месца ў Рыме, дзе б мог пасяліцца іх прадстаўнік пры пантыфіку. Турбавала іх таксама пытанне, а дзе маглі б прыпыніцца паломнікі-ліцвіны ў Вечным Горадзе. У 1641 годзе Папа Рымскі Урбан VIII перадаў касцёл святых Сяргея і Вакха ўніятам з Рэчы Паспалітай. На патрэбы пілігрымаў з беларускіх ды ўкраінскіх земляў аддалі таксама прылеглыя будынкі. У Рыме пачалі вучыць будучых уніяцкіх святароў для ВКЛ і Кароны Польскай – адчынілася гэтак званая Русінская калегія (Ruteno Collegio). Выкладаць у ёй прыехалі манахі-базыльяне са славутага на ўсё Вялікае княства Літоўскага манастыра ў Жыровічах. Дагэтуль на адмысловай пліце ў рымскай царкве віднее прозвішча жыровіцкага настаяцеля, абвешчанага каталіцкім святым, – Язафата Кунцэвіча. Ёсць і прозвішча Рафаіла Корсака, нарадзінца Наваградчыны ды вучня езуіцкага калегіума ў Нясвіжы, які пазней стаў мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі.

Рым называюць «Вечным Горадам» праз яго старажытнасць

Увесь Рым загаварыў пра ўніяцкую царкву

З моманту з’яўлення першых базыльянаў у Рыме прайшло каля 100 гадоў, і ўвесь Рым нечакана загаварыў пра маленькую царкву Сяргея і Вакха. Святыня стала знакамітай, бо пры рамонце прылеглага манастыра майстар выпадкова знайшоў пад тынкам невядомую фрэску Маці Божай, якая туліла да сваёй шчакі малога Ісуса. Пра гэта падаюць хронікі ордэну базыльянаў. Акурат у гэты час настаяцелем базыльянаў у Рыме быў манах-ліцвін з Жыровіч, які пазнаў у фрэсцы выяву Маці Божай Жыровіцкай, надзвычай шанаваную вернікамі розных канфесіяў у Вялікім княстве Літоўскім. Базыльянін з ВКЛ, падобна, не мог паверыць уласным вачам – гэтак уразіла яго тое, што так далёка ад Радзімы ён знайшоў абраз Багародзіцы з роднага мястэчка.

У Рым штодзённа тысячамі прыбываюць паломнікі, каб наведаць старажытныя хрысціянскія святыні

Вестка пра гэту падзею надзвычай хутка распаўсюдзілася ў Рыме, а гараджане пачалі лічыць выпадак цудам. З вуснаў у вусны людзі перадавалі, што хворыя, памаліўшыся да Маці Божай перад фрэскай, неўзабаве атрымлівалі аздараўленне. У манастыр базыльянаў раптам скіраваліся цэлыя натоўпы – людзі ішлі на мыліцах, апіраючыся на кійках, некаторых хворых прыносілі, іншых – вялі пад пахі.

Манахі спалохаліся, бо ад паломнікаў нельга было праціснуцца на калідорах, а малельнікі, часам блытаючыся, заходзілі нават у манаскія келлі. Базыльяне паскардзіліся гарадскім уладам. Тыя далі жаўнераў, якія, стаўшы пры ўваходзе, не пускалі больш вернікаў у кляштар. Хворыя ж пачалі тады кленчыць ды маліцца звонку – пры сценах. Бачачы ўсё гэта, манахі пастанавілі выбіць кавалак сцяны з фрэскай ды перанесці яго ў царкву для прылюднага ўшанавання. У святыню ж пачалі прыбываць таксама вельмі багатыя гараджане. Некаторыя з іх, ацаліўшыся з немачаў, ахвяравалі царкве і кляштару значныя сумы грошай, якія дазволілі зрабіць там грунтоўны рамонт.

Рым прываблівае турыстаў сваёй архітэктурнай разнастайнасцю

Погаласка пра цуды каля абраза Багародзіцы з Жыровіч яшчэ доўга трывала ў Рыме. У 1801 годзе царкву наведаў Папа Пій VII, а ягоны наступнік Леў XII сваім дэкрэтам прысвяціў царкву Багародзіцы з Жыровіч.

Рымлянам жа надзвычай цяжка было прамовіць назву беларускага мястэчка, таму яны пачалі называць абраз «La Madonna del Pascolo» – Багародзіца з пашы. Праз гэта падкрэслівалася, згодна з рэлігійным паданнем, што выява Жыровіцкай Божай Маці аб’явілася дзецям на грушы-дзічцы, якая расла на выгане каля ракі Шчары. Тыя дзеці былі беднымі пастухамі, што наймаліся летам пільнаваць гавяду.

Вобраз Маці Божай Жыровіцкай аб’явіўся ля берагоў Шчары і Тыбра

Абраз мог з’явіцца праз сум па Бацькаўшчыне

Цяпер царква святых Сяргея ды Вакха належыць украінскім грэка-каталікам. Штодзень у ёй адбываюцца набажэнствы, на якія перадусім прыязджаюць з Рыму ды ваколіц украінскія студэнты ды працоўныя эмігранты.

Настаяцель айцец Іван Кулык тлумачыць: усе прыхаджане ведаюць, што ў іх галоўным алтары знаходзіцца абраз з беларускім радаводам. «Ведаеце, зусім не абавязкова, што з’яўленне выявы Маці Божай Жыровіцкай у Рыме – гэта цуд, – тлумачыць святар. – Магчыма, што фрэску вельмі даўно намалявалі першыя манахі-базыльяне з Жыровіч, якія сумавалі па Бацькаўшчыне. Потым пра фрэску забылі, калі яна стала бляклай, яе замазалі тынкам. Калі фрэску зноў адкрылі, то настаяцель таксама праз тугу па Бацькаўшчыне мог успрыняць гэта як цуд».

Абраз Маці Божай Жыровіцкай у галоўным алтары рымскай царквы

Айцец Іван пацвярджае, што каля іконы раней адбываліся аздараўленні, аднак падрабязных апісанняў цудаў не захавалася. «Ці адбываюцца цуды ў нашыя часы?», – пытаюся. Святар адказвае, што вернікі не перастаюць верыць у заступніцтва Маці Божай Жыровіцкай і цяпер. «Адна жанчына пакутавала на моцную мігрэнь, але, памаліўшыся перад іконай, пазбавілася болю. Іншая верніца мела праблемы ў зносінах з дачкою. Яна верыць, што Жыровіцкая Багародзіца дапамагла ёй наладзіць стасункі са сваім дзіцём. Можа, і яшчэ былі цуды, пра якія я не ведаю…» – адзначае настаяцель.

Царскія брамы ў царкве святых Сяргея і Вакха

Царква Сяргея ды Вакха сталася на сёння для ўкраінцаў цэнтрам не толькі рэлігійнага, але і культурнага жыцця: тут часта ладзяцца канцэрты, імпрэзы, творчыя спатканні і гэтак далей. Паўсюль у царкве ўкраінскія надпісы, вышываныя ручнікі ды абрусы, малітоўнікі ды спеўнікі на ўкраінскай мове. У царскіх брамах – ікона Маці Божай, у строі якой можна распазнаць украінскія ўзоры.

За парадкам у святыні сочаць манахіні-базыльянкі. Падыходжу да дзвюх з іх і чую, што яны перамаўляюцца паміж сабой па-ўкраінску, але з невялічкім акцэнтам.

Убранства ў царкве святых Сяргея і Вакха

«Гэтыя сёстры нарадзіліся ва ўкраінскіх сем’ях у Аргентыне, – тлумачыць айцец Іван. – Украінскую мову яны ведаюць ад сваіх бацькоў, якія некалі паехалі за акіян за «доўгім рублём». Сёстры добра ведаюць, што значыць быць эмігрантам, ды самі цяпер працуюць сярод эмігрантаў з Украіны».

У царкве Сяргея і Вакха часам збіраюцца беларускія грэка-каталікі, службы для якіх правіць пры нагодзе нехта з беларускага духавенства падчас прыезду ў Рым.

Рым прыцягвае турыстаў і пілігрымаў з усяго свету

«Думаю, беларусаў у Рыме не так шмат. Некаторыя з іх прыходзяць на ўкраінскія набажэнствы, але пра асобную беларускую царкву ў Рыме я ніколі не чуў, – кажа айцец Іван. – Сардэчна запрашаем беларускіх пілігрымаў да нас у царкву. Тут іх чакае ўспамін пра Бацькаўшчыну».

Безумоўна, царква святых Сяргея і Вакха – гэта месца, якое варта наведаць кожнаму беларускаму турысту ў Вечным Горадзе.

Царква месціцца ў Рыме па адрасе: Piazza della Madonna dei Monti, 3.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары