Як у расейскім крымінальным серыяле паказалі беларускамоўных нелегалаў

video

Беларускамоўная пара – Міхась і Алеся Вайновічы – сталіся замешанымі ў крымінальную справу са стралянінай і забойствам, пра гэта вядзецца ў адной з серыяў расейскага серыялу «ОСА».

65-ая серыя расейскага крымінальнага кінацыклу можа быць паказальнай пад гледзішчам таго, як у Расеі ўспрымаюць беларусаў.

Паліцыя прыязджае на выклік у адзін з катэджаў у пасёлку пад Масквой. У доме на падлозе яны знаходзяць таямнічую жанчыну з агнявым раненнем ды запаленнем лёгкіх, гэтак выбудоўваецца інтрыга серыі.

Хто гэтая жанчына – зусім невядома. Няясна таксама, як яна аказалася ў чужым катэджы ды яшчэ ў вопратцы ўладальніцы дому.

Пазней глядач даведваецца, што на наступны дзень у гэтым жа катэджы забілі самую гаспадыню – прадпрымальніцу Любоў Гаравую – ды ранілі ейнага мужа Канстанціна. Паводле гаспадара дому, страляў невядомы нападнік у масцы.

Следства паказала, што раней у загадкавую незнаёмку стралялі з таго самага ружжа, з якога забілі і гаспадыню.

Раненая таямнічая жанчына

За справу ўзялася група Асаблівай следчай аналітыкі (па-расейску «Особая следственная аналитика» – адсюль і назва серыялу «ОСА»). Адмыслоўцы звярнулі ўвагу на дзіўны для іх акцэнт, з якім гаварыў невядомы мужчына, што выклікаў хуткую дапамогу для першай пацярпелай – таямнічай незнаёмкі. Дэтэктывы звярнуліся па кансультацыю да эксперта-лінгвіста, прафесара Севярʼяна Папова. Той, паслухаўшы аўдыязапіс з голасам мужчыны, прыйшоў да высновы, што незнаёмец гаворыць на «трясянке».

«Гэта дыялект, на якім размаўляюць у беларускіх вёсках. Характэрныя асаблівасці – выкарыстанне расейскіх і беларускіх словаў уперамешку, спецыфічнае «дзеканне», мяккае «ц», – заўважыў лінгвіст у фільме.

Серыяльны прафесар па-дылетанцку вызначыў, што мужчына, які званіў, паходзіць з паўднёвага захаду Беларусі, бо вымаўляе «шчэ», а гэта нібыта ўплыў польскай мовы. Той жа, хто тэлефанаваў, казаў хутчэй як выхадзец з паўночнай часткі Беларусі: «Жанчына паміраець».

Падобна гаварыла таксама раненая таямнічая жанчына, трызнячы без свядомасці ў шпіталі. Праз некаторы час яна ўцякла з лякарні, размаўляючы амаль чыста па-беларуску нават з гастарбайтарам з Сярэдняй Азіі на вуліцах Масквы.

С сюжэту вынікае, што жанчына вельмі баялася трапіць у рукі паліцыі. Калі да яе наблізіліся праваахоўнікі, яна разбіла бутэльку і падставіла сабе «ружачку» пад горла, абы яе не затрымалі.

Як муж стрэліў у жонку, каб ёй дапамагчы

Жанчына – нелегальная працаўніца з Беларусі Алеся Вайновіч. Працуючы з мужам на будоўлі ў падмаскоўным катэджным пасёлку, яна моцна прастудзілася, але баялася трапіць у лякарню, бо меркавала, што яе могуць дэпартаваць у Беларусь. З фільму высвятляецца, што Алеся і Міхась працавалі раней у Беларусі на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве, адкуль не маглі звольніцца паводле пастановы ўладаў. Проста не хадзіць на працу яны таксама не маглі, бо за кожны прагул налічваўся штраф. Фактычна, іхнае становішча было вельмі падобным да рабскага. Таму Вайновічы ўцяклі з Беларусі ды прыехалі працаваць будаўнікамі-нелегаламі ў Расею.

 У Беларусі Алеся Вайновіч хадзіла ў кашулі з беларускімі ўзорамі

Гледзячы на хворую і знясіленую жонку, ейны муж Міхась вырашае дзейнічаць. Ён залез праз акно ў адзін з катэджаў у пасёлку, завёў туды напаўпрытомную Алесю, пераапрануў яе ў знойдзеную вопратку ды знарок выстраліў у складку скуры на жываце жанчыны. Міхась меркаваў, што паліцыя дапаможа ягонай жонцы і не адправіць яе назад у Беларусь толькі тады, калі гэта будзе звязана з нейкім крыміналам.

Уладальніцу катэджа Любоў Гаравую забіў, як пазней высветлілася, ейны муж Канстанцін, вырашыўшы, што забойства спішуць на нападніка, які стрэліў раней у «нейкую цётку» ў ягоным катэджы.

Адметна, што Міхась і Алеся Вайновічы размаўляюць у серыяле па-беларуску з невялікім дадаткам расейскіх словаў. Муж нават спявае хворай жонцы песню, падобную да беларускай калыханкі. Відаць, гэтыя ролі загралі акторы – беларусы, якія, магчыма, самі падаліся ў Расею «па доўгі рубель».

Цікава таксама, што беларускай мовай зацікавіліся некаторыя іншыя героі серыялу. Да прыкладу, кіраўнік Асаблівай следчай аналітыкі генерал-маёр Аляксей Зотаў, паразмаўляўшы з прафесарам Паповым пра беларускую мову, сам даволі хутка вывучыў некалькі фразаў па-беларуску. Зотаў спрабуе гаварыць на нашай мове са сваймі падначаленымі ды, пазваніўшы ў Беларусь да дачкі Вайновічаў, намагаецца распавесці ёй па-беларуску пра лёс ейных бацькоў.

Галоўны герой серыялу генерал-маёр Аляксей Зотаў зацікавіўся беларускай мовай

«Вельмі добра, гукі – крыху мякчэй», – пракаментаваў беларускае маўленне генерала-маёра прафесар Папоў.

«Упершыню бачу такое цемрашальства», – выказаўся пра беларусаў, якія баяліся дэпартацыі з Расеі, адзін з прадстаўнікоў следчай групы.

«Не цемрашальства, а адчай», – запярэчыў яму ягоны кіраўнік. «Людзі прыехалі на заробкі, каб пракарміць сваю дачку і ейных малых дзяцей, якіх кінуў бацька. Да якой крайнасці трэба было дайсці, каб страляць ва ўласную жонку?», – хутчэй з сімпатыяй прамовіў у фільме галава Асаблівай следчай групы.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары