Як у Менску шукаюць сотні тысяч долараў інвестыцыяў. Рэпартаж з бітвы стартапаў


Штучны інтэлект будзе падбіраць адзенне замест стыліста, крыптавалюты заменяць разлік банкаўскімі карткамі, турысты будуць знаходзіць паслугі праз мабільнае прыкладанне, – усё гэта праекты з Беларусі і бліжэйшых суседніх краінаў, якія шукаюць інвестараў.

Увечары ў бізнес-клубе «Imaguru» у Менску горача, і ў памяшканні не змяшчаюцца ўсе жадаючыя паназіраць за 105-й «Бітвай стартапаў». За перамогу спрачаюцца 10 праектаў.

У бізнес-клубе «Imaguru» ў Менску. 31 студзеня 2018.

У Беларусі гэта – 5-я бітва, астатнія праходзілі ў іншых краінах свету з ініцыятывы Startup Network – пляцоўкі, якая аб’ядноўвае прафесійных інвестараў і стартапы.

Сяргей Гаўрылка, прадстаўнік і ментар Startup Network распавёў belsat.eu, што раз за разам прэзентацыі становяцца ўсё больш прафесійнымі, цікавымі, якаснымі.

«Я ацэньваю гэтую бітву ў Беларусі як вельмі моцную. З кожным разам узровень стартапаў расце. У гэты раз было 50 прэтэндэнтаў і мы змаглі выбраць сапраўды лепшых, самых цікавых».

Сяргей Гаўрылка, ментар Startup Network прамаўляе перад пачаткам «Бітвы стартапаў»

Удзельнікі 105-й бітвы не толькі з Беларусі, але з розных краінаў СНД. Але ніхто з іх не абазначае тэрытарыяльнай прыналежнасці. Гэта й неістотна, калі гаворка вядзецца пра працу з тэхналогіямі. Да таго ж, сучасныя стартапы адразу арыентуюцца на глабальны маштаб, а не на асобную краіну. Асабліва, беларускія.

«Нашыя стартапы, у асноўным, арыентуюцца на ўвесь свет. Ніхто не стварае нічога асобна для Рэспублікі Беларусь. Магчыма, яшчэ ў Расеі адчуваецца, што яны могуць стварыць нешта мэтанакіраванае на сваю тэрыторыю і насельніцтва, але нашыя адразу арыентуюцца на ўвесь свет, і ў гэтым іх перавага, яны прызвычайваюцца разважаць глабальна», – кажа Дмітрый Матвееў, партнёр юрыдычнай фірмы «Алейнікаў і Партнёры», сябра журы.

3 хвіліны і 400 тысячаў еўра

Назіральнікі, удзельнікі, эксперты тут – усе з ноўтбукамі і смартфонамі ў руках.

Удзельнікі «бітвы» маюць 3 хвіліны на прэзентацыю і 3 хвіліны на пытанні з боку экспертаў.

Адмысловы гадзіннік адлічвае секунды, удзельнікі хвалююцца, у некаторых дрыжыць голас. Хтосьці завучыў свой тэкст назубок, з выразнымі інтанацыямі і ўкладаецца роўненька ў 2 хвіліны 58 секундаў. Іншыя блытаюцца. А хтосьці спакойна прэзентуе праект. Відаць, што не ўпершыню. Усе хваляванні тут зразумелыя. Прадпрымальнікі шукаюць інвестараў на сотні тысячаў долараў.

Адзін з прэзентатараў.

Бітва пачалася з прэзентацыі мабільнага прыкладання для турыстаў, якое павінна звязаць падарожнікаў і мясцовых жыхароў, якія гатовыя прапанаваць нейкія паслугі – трансферт з аэрапорту, жыллё, экскурсіі. Ці то гэта наступны Uber або Airbnb, але лепш. Прынамсі, так абяцае прэзентатар.

Працягвае бітву прапанова гуляць у гульні на мабільны і за выйгрыш атрымліваць зніжкі ў кавярнях ды рэстаранах. Журы крытыкуе: толькі хакей? У гэта не будуць гуляць дзяўчынкі.

Экспертнае журы

Далей – аптымізацыя закупак прадуктаў харчавання для рэстарацыяў.

Гучаць сумы грошай у 100 тысяч долараў, 400 тысяч еўраў… Эксперты задаюць пытанні найбольш крытычныя, націскаюць на слабыя пункты. Але адначасова падкрэсліваюць, куды рухацца, што дадумаць, на што звярнуць увагу, як на ўнікальную асаблівасць ідэі.

Некаторыя з праектаў, заяўленых на бітве, ужо працуюць. Напрыклад, падбор адзення і стылю з дапамогаю прыкладання на мабільным. Маладая жанчына, што прэзентуе праект, распавядае, што ў хуткім часе асноўную працу па падбору стылю карыстальніцам і карыстальнікам па той бок мабільнага экрану будзе выконваць штучны інтэлект. Акрамя таго, гэтая ж праграма будзе дасылаць гатовыя камплекты выбранага адзення бандэроллю наўпрост дадому.

Прадстаўніца стартапу пра мабільнае прыкладанне пра падбор стылю

Тут адчуваеш сябе ў будучыні, у фантастычнай кінастужцы, калі ўявіць сабе, што сапраўды ўсе гэтыя праекты запрацуюць так, як іх задумалі аўтары.

Адзін з прэзентатараў

Пра будучыню паразважалі запрошаныя на бітву эксперты.

«У наступным годзе будуць развівацца тэмы, звязаныя са штучным інтэлектам, як нейронныя сеткі, распазнаванне, кіраванне аўтамабілем. Кожная з гэтых сістэмаў пакуль вузканакіраваная. Адна ўмее гуляць у шахматы, іншая – пазнаць на фотаздымку коціка. Але калі вы папросіце сістэму, якая гуляе ў шахматы, распазнаць коціка, яна не зможа гэтага зрабіць. І вось колькасць такіх сістэмаў будзе расці, яны будуць станавіцца больш разумнымі, спецыялізаванымі. І да канца году павінна з’явіцца нешта, што аб’яднае гэтыя сістэмы між сабой, навучыць іх узаемадзейнічаць. І гэта будзе вялікі крок да стварэння другога пакалення штучнага інтэлекту, які набліжаецца да чалавечага», – кажа Віталь Нікуленка, сябра каардынацыйная савету бізнес-інкубатара ПВТ Беларусі, сябра журы.

Дыскусія экспертаў на «Бітве стартапаў»

Бітва працягваецца прапановаю выкарыстання тэхналогіі блокчэйн для бізнесаў, не звязаных з IT-вытворчасцю. Затым гучыць яшчэ адна задумка падбору адзення з дапамогай мабільных тэхналогіяў, ідэя бізнесу ў Instagram, рэнта рэчаў паміж суседзямі…

Перамагае крыптавалюта

Аляксандр Драздоў, прадстаўнік Crypto Payment System, праекта-пераможцы, адразу пасля абвяшчэння вынікаў.

Пераможцам «бітвы стартапаў» на гэты раз стаў праект Crypto Payment System – аплата паслугаў крыптавалютай праз аператараў мабільнай сувязі. Сістэма павінна замяніць існуючыя тэхналогіі аплаты праз банкаўскія карткі і тым самым зменшыць выдаткі на камісіі банкаў.

Прыз «бітвы» – тытул. Пакуль што без грошай. Але гэта надасць аўтарытэту аўтарам у вачах патэнцыйных інвестараў.

«Магчымасць казаць, што ён перамог у «Бітве стартапаў». Гэта паўплывае на далейшае распаўсюджанне і пошук грошай. Бо перамагчы тут – гэта прызнанне высокага ўзроўню», – кажа Сяргей Гаўрылка.

Перад абвяшчэннем вынікаў галасавання журы

Crypto Payment System – сумесны расейска-украінскі праект. Яны ўжо зрабілі першую працоўную версію прадукту і зараз шукаюць інвестараў для развіцця і запуску праекту для шырокага кола карыстальнікаў.

Сяргей Гаўрылка, Startup Network, і Аляксандр Драздоў, Crypto Payment System.

«Перамога ў Менску – гэта прыемна, – распавёў belsat.eu Аляксандр Драздоў, прадстаўнік Crypto Payment System. – Шчыра кажучы, мы не чакалі. Ідэя нашага праекту не самая простая і мы некалькі разоў сутыкаліся з тым, што людзі яе не разумелі. У гэтых выпадках прызы сыходзілі да праектаў з больш простымі і масавымі ідэямі. А ў Менску, відаць, аўдыторыя і журы былі дастаткова «у тэме», і нас, нарэшце, пачулі. Было вельмі прыемна бачыць, колькі сабралася людзей і якія правільныя пытанні задавалі ўдзельнікам».

Наступныя «бітвы» пройдуць увесну ў Маскве, потым – у Харкаве, затым – у Алматы, а таксама ў Сіліконавай даліне ў ЗША.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў