Як у Кузьмічах Русалку абіралі ды потым ад яе ўцякалі


Лічыцца, што ў русалак пераўтвараюцца памерлыя ў цноце дзяўчыны. Ім бракуе людскога кахання і цеплыні, а таму яны выходзяць з вады, лесу або жыта падчас русальнага тыдня. На Любаншчыне рэканструявалі адзін з найстарэйшых беларускіх абрадаў – Провады русалкі. Глядзіце фотарэпартаж belsat.eu.

Провады русалкі на Любаншчыне

Увечары ў нядзелю, напрыканцы Русальнага тыдня, на краю вёскі Кузьмічы Любанскага раёну з’явіліся адразу некалькі дзяўчын-русалак, упрыгожаных кляновымі вянкамі і кветкамі.



Мясцовыя жанчыны ды госці спачатку правялі прыгажуняў па вёсцы, а потым абкружылі іх трыма карагодамі.



Адзін з самых старажытных беларускіх абрадаў – Провады русалкі – адбываўся ў вёсцы Кузьмічы згодна з лакальнай традыцыяй Любанскага раёну: каля двух вогнішчаў. У першае, абрадавае вогнішча ў выглядзе калодзежа, удзельніцы абраду кідалі разам з рытуальнымі словамі свае траечныя вянкі, галінкі клёну ды бярозы каб пазбавіцца ад старых нягодаў, балячак, ці каб «набыць» сабе на наступны год каханага і нават зацяжарыць.

Таксама вянкі кідалі і дзяўчыны-русалкі, але – насустрач мясцовым хлопцам, якія хутчэй павінны былі злавіць вяночак і знайсці па ім сваю русалку, каб потым павязаць ёй фартушок ды заплесці касу. Згодна з традыцыяй лічыцца, што памерлым цнатлівымі дзяўчатам, што ператварыліся ў русалак, бракуе зямнога людскога кахання, таму падчас русальнага тыдня яны выходзілі да паселішчаў ды спакушалі хлопцаў ці мужыкоў, а потым маглі заласкатаць іх нават да смерці.



Затым з русалак абіралі самую галоўную праз рытуальнае праліванне вады праз верх у глечыку. Русалкі акрапілі вадою ўсіх прысутных, каб тыя былі здаровыя і пладавітыя.

Калі амаль што сцямнела, усе дзяўчыны-русалкі на чале з галоўнай, пайшлі да ракі каб кінуць туды свае вянкі з пажаданнямі кахання і ўрадлівасці.

Абарваўшы кляновыя галінкі з галавы галоўнай русалкі, дзяўчыны пачалі ўцякаць, каб яна іх больш не чапала ажно да наступнага Русальнага тыдню.

Пасля сімвалічнага пераносу на трох шастах запаленага на рытуальным вогнішчы драўлянага кола-сонца ўдзельніцы абраду пачалі смажыць на вогнішчы яешню паводле традыцыйнага сельскага рэцэпту ды частаваць гасцей.

Рэканструяваны абрад провадаў русалкі ў Любанскім раёне па-ранейшаму застаецца адным з самых прыгожых ня толькі на Любаншчыне, але і ва ўсёй Беларусі.

Глядзіце ўсе фота:

Провады русалкі на Любаншчыне

Фота і тэкст – Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu

Стужка навінаў