Як у Дзяржынску вясну гукалі ды вяночкі на ялінку кідалі

photo

Масленічны тыдзень з даўніх часоў атаясамліваўся ў беларусаў з выміраннем прыроды ўзімку ды яе перараджэннем на пачатку вясны, таму для селяніна гэта – своеасаблівы пачатак новага года, аднаўлення прыродных ды чалавечых жыватворчых сілаў.

Праводзяць Масленку ў Беларусі па-рознаму: на поўначы жанчыны чапляюць на шыю ці да нагі нежанатых хлапцоў калодку як сімвал фалічнага культу. Юнак павінен адкупіцца або цягнуць яе за сабой. У Гарадоцкім раёне хаваюць раставую ляльку Дзеда і Бабы, а ў некаторых вёсках на поўдні беларускага Палесся, акрамя папулярнай ды больш характэрнай для расейцаў традыцыі спальвання пудзіла Зімы, Масленка звязаная з упрыгожваннем ялінкі. Вечна зялёнае дрэва звязвала жывых са светам памерлых, а на пачатку вясны сімвалічна пачынала «квітнець» папяровымі кветкамі, якімі ўпрыгожвалі яго нежанатыя дзяўчыны.

Глядзіце наш фотарэпартаж з Масленкі ў Дзяржынску:

Гэтак, на гуканне вясны ўпрыгожаную ялінку ў вёсцы Тонеж нясуць да дуба, на які ўзлазіць малады хлопец, каб пакінуць елачку на галінках. Вакол водзяць карагоды, гукаючы вясну – згодна з паверʼем, яе павінныя прынесці з выраю качкі-чырачкі. У суседняй вёсцы Дзяржынск (да 1937-га – Радзівілавічы), напрыканцы масленічнага тыдню ўдзельніцы гурта таксама ўпрыгожваюць ялінку, але да абрадавага дрэва яе нясе нежанатая дзяўчына.

Дзяржынскія старажылы распавядаюць, што спрадвеку напрыканцы масленічнага тыдню вясковыя нежанатыя дзяўчыны з жанчынамі спачатку ішлі збіраць барвенак, а затым плялі з яго вяночкі, упрыгожваючы іх папяровымі кветкамі. Потым з астатнімі жыхарамі вёскі пад веснавыя песні ішлі гукаць вясну да грушкі ці хвойнага дрэва. Вакол абрадавага дрэва жанчыны традыцыйна вадзілі карагоды са спевамі, прасілі ў бога цёплай вясны, добрага ўраджаю, ды здароўя ў гэтым годзе, а незамужняя дзяўчына, якая ўвасабляла веснавую багіню ўрадлівасці, пакідала на дрэве елачку.

На Гуканне вясны ў Дзяржынску ўдзельнікі святкавання спачатку звяртаюцца да бога са сваймі просьбамі, а затым кідаюць вяночкі на абрадавае дрэва: чым вышэй вяночак зачэпіцца за галінку, тым больш шанцаў, што жаданне здзейсніцца (асабліва гэты звычай падабаецца незамужнім дзеўчынам).

Частуюць тут традыцыйнымі смачнымі масленічнымі стравамі: яйкамі, кашай з проса, печывам у выглядзе сінічак ды блінамі з салам (Масленка – апошні дзень, калі можна есці мясныя стравы перад Вялікім пастом). Удзельнікі танчаць ды спяваюць прыпеўкі пад гармонік.

Падчас сёлетняга Гукання вясны ў Дзяржынску сёлета было пахмурна, з моцным ветрам. Калі ўдзельніцы абраду пачалі весці вакол ялінкі карагод, аблокі разышліся ды сціх вецер. У промнях нясмелага сонца дзеўчыны зацягнулі карагодную песню.

А гукаюць вясну ў Дзяржынску так:

Вясна краснашо ты вынясла, ой, шо ты вынясла?
А я вынясла горшок масла, ой, горшок масла.
Горшок масла, голова красна, ой, голова красна.
Ой ходзімо дзевачкі, ой, ходзімо ў лес, небогато нас.

Возьмем дружку-таварышкудружку-таварышку, больш будзе нас.
Ой, усе дзевачкі повыходзілі, толькі мае Галечкі ды не вывелі, ой, ды не вывелі,
бо ў Галечкі да малэ дзіця, ой да малэ дзіця.
Дзіця плачэколыхаць хочэколыхаць хочэ.

Устань стары, поколыш дзіця, ой поколыш дзіця,
А я пойду ды повесную, ой ды повесную.
Дый повесную, дый покрасную, ой, дый покрасную,
Вол бушуе, весну чуе, вол бушуе, весну чуе.

Дзеўка плачэ, замуж хочэ.
Не бушуй воле – пойдзеш ў поле, не бушуй воле – пойдзеш у поле,
Да шчэ ж наорэшся.
Не плач дзеўко – замуж пойдзеш, не плач дзеўко – замуж пойдзеш,
Да шче ж нажывешся.

Ой выйдземо дзевачкі на новае лета, зімовалі не спявалі.
Ой выйдземо дзевачкі на новае лета, зімовалі, не спявалі.

АС

Глядзі таксама
Каментары