Як танна і з густам згуляць вяселле, якое запомніцца на ўсё жыццё?


Ірына Платонава, арганізатарка вяселляў, распавяла ў праграме «54 %», якія памылкі робяць маладыя пры планаванні вяселля, чаму танней правесці ўласную ўрачыстасць за мяжою і якім чынам можна ажыццявіць казачныя мары без выдадкоўвання вялізарных грошай.

Спадарыня Ірына зазначае, што вяселле не павінна ўцягваць маладых у даўгавую яму.

«Лепей проста распісацца і зʼездзіць у вандроўку за 1000 долараў. Вяселле за мяжою падаецца нязбытнаю марай, але гэта не так. Збіраем самых блізкіх і едзем у іншую краіну. Статус маладых да дзевяці месяцаў дае зніжку на гатэлі да 30 %. На Кубе, калі едзеш прынамсі на сем дзён, наагул робяць  бясплатную цырымонію», – распавядае Ірына Платонава.

Не варта апраўдвацца перад сябрамі, сваякамі і знаёмымі, чаму вы едзеце толькі ўдвух і не робіце ніякіх імпрэзаў удома. Бо за тыя самыя грошы вы атрымаеце не толькі само вяселле, але і мядовы месяц, шыкоўныя эмоцыі і процьму прыемных уражанняў.

«Баяцца сваіх эмоцый і жаданняў пры планаванні вясельнай імпрэзы не варта. Калі, напрыклад, маладыя любяць рок, чаму не зрабіць у гэтым стылі вяселле? Усе госці запомняць гэты момант на ўсё жыццё», – дадае Ірына Платонава.

Фота whitearmor.net

Арганізатарка вяселляў распавядае і пра тыповыя памылкі падчас рыхтавання святочнай падзеі.

«Фатографы, відэёграфы, вядоўцы ды іншыя падраднікі ставяць мэту зняць сабе партфоліа і не думаюць пра маладых, пра іхныя пачуцці і пажаданняі», – прызнаецца Ірына Платонава.

«Сядайце, запішыце на кавалку паперы, памарце, як вы хочаце і што вы хочаце. Сапраўдны прафесіянал гэтыя традыцыі прыгожа ўкараніць. Незвычайныя і самавітыя вяселлі, як правіла, самыя яскравыя і запамінальныя», – дадае арганізатарка вяселляў Ірына Платонава.

Глядзець цалкам выданне «54%» прысвечанае вяселлям

Гарась Валатовіч, Белсат

Стужка навінаў