Як сёлета ў Беларусі будуць адзначаць гадавіну Слуцкага збройнага чыну?


У Менскі абласны выканаўчы камітэт падалі заяўку на правядзенне імпрэзаў з нагоды 94-й гадавіны Слуцкага паўстання.

Заяўка пададзеная ад імя старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча і кіраўніка слуцкай арганізацыі партыі Віталя Амяльковіча, падаюць naviny.by.

Плануецца, што 29 лістапада ў памяць слуцкіх паўстанцаў пройдуць урачыстыя сходы ў населеных пунктах, звязаных з падзеямі 1920 года, – у Грозаве, Семежаве і Вызне (Чырвоная Слабада). Таксама пададзена заяўка ў Слуцкі гарвыканкам на правядзенне мітынгу і ў самым Слуцку.

Як адзначае Аляксей Янукевіч, у адпаведнасці з заканадаўствам перад атрыманнем дазволу ўладаў забаронена паведамляць канкрэтныя час і месца правядзення масавых імпрэзаў.

«Мы чакаем, што адказы на заявы аб правядзенні мітынгаў мусяць быць дадзеныя не пазней 24 лістапада. Слуцкае паўстанне – адзін з яркіх прыкладаў праявы мужнасці і адвагі беларусаў, што вельмі актуальна цяпер у сітуацыі відавочнай пагрозы для нашай незалежнасці з боку агрэсіўнай Расеі», – адзначыў лідар Партыі БНФ.

Па словах Янукевіча, у апошнія гады ўлады дазвалялі мітынгі ў Слуцку, але пераследавалі ўдзельнікаў памятных акцыяў у іншых месцах рэгіёну. Разам з тым, адзначыў ён, у 2012 годзе мітынг быў забаронены.

«Таму, каб зменшыць рызыку рэпрэсіяў, мы падрыхтавалі заяўкі на правядзенне сходаў ва ўсіх месцах, дзе плануецца ўскладанне кветак і ўрачыстыя імпрэзы ў гонар герояў паўстання. Але мы таксама разумеем, што пры набліжэнні важных палітычных падзеяў, такіх як будучая кампанія па выбарах прэзідэнта, павялічваецца верагоднасць процідзеяння з боку ўладаў. Акурат цяпер ажыццяўляецца пераслед сябраў Партыі БНФ, якія сёлета ў кастрычніку прымалі ўдзел ва ўшаноўванні герояў паўстання Каліноўскага ў Свіслачы», – цытуе Янукевіча БелаПАН.

Слуцкі збройны чын 1920 года быў спробай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку. Цягам месяца, у лістападзе і снежні, вайсковыя атрады, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў савецкім войскам.

МЯ, belsat.eu, паводле naviny.by

Стужка навінаў