Як суддзя Бубенчык за памяць пра Каліноўскага караў


У гарадзенскім судзе Ленінскага раёну судзілі грамадскіх актывістаў за ўдзел у традыцыйным свіслацкім фэсце памяці паўстанцаў 1863 году. Гэтым разам асуджаныя былі праваабаронцы Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч ды грамадскі актывіст Сяргей Верамеенка.

Актывістаў судзілі за адміністратыўнае правапарушэнне парадку аб правядзенні масавых мерапрыемстваў па артыкуле 23.34 частцы 3. У якасці сведкаў выступілі працаўнікі свіслацкай міліцыі. У выніку суддзя Дзмітрый Бубенчык прысудзіу Уладзіміру Хільмановічу штраф у памеры 40 базавых велічыняў – 840 беларускіх рублёў, а Віктара Сазонава пакаралі 35 базавымі велічынямі – 735 беларускіх рублёў. Сяргей Верамеенка быў аштрафаваны на 15 базавых велечыняў – 315 беларускіх рублёў.

Раней гэты суддзя быў заўважаны толькі аднойчы ў палітычнай справе, калі судзіў за быццам бы за адміністратыўнае парушэнне Вольгу Крапоціну – грамадскую актывістку, якая раздавала ўлёткі пра акупацыю Крыма.

Пад час судовага паседжання актывісты патрабавалі каб працэс ішоў па-беларуску, але суддзя адхіліў гэтае патрабаванне. Таксама падсудныя запыталі ў міліцыянтаў-сведкаў, ці для іх Каліноўскі зʼяўляецца героем, але суддзя гэтае пытанне адхіліў.

Віктар Сазонаў адзначае, што на Гарадзеншчыне была дадзена каманда зверху, каб аштрафаваць пэўную колькасць актывістаў: «Асуджаныя ўжо актывісты з Мастоў, некаторыя актывісты са Слоніма ці Свіслачы, з Ваўкавыска, з Горадні ўжо таксама асуджаныя, ці атрымалі павесткі ў суд. І калі параўноўваць з іншымі рэгіёнамі, то такое робіцца ўражанне, што ў тым жа Менску чакаюць калі пройдуць два месяцы, каб «спіхнуць» гэтую справу, якая «шытая белымі ніткамі», а на Гарадзеншчыне маніякальнае жаданне перахапаць усіх».

Актывісты заявілі, што будуць абскарджваць прысуд у абласным судзе.

МД, belsat.eu

Стужка навінаў