Як Стывен Сігал рэкламуе беларускую гульню «World of Warships». Відэафакт


У сеціве зʼявілася відэарэклама кампʼютарнай гульні «World of Warships», якую прыдумалі і распрацоўваюць у Беларусі.

Ролік быў апублікаваны на YouTube-канале праекту.

На відэа Сігал пад эпічную музыку навучае заблуканага падарожніка асновам айкідо, прымушае разбіваць дошкі і потым праводзіць з ім спарынг. Падарожнік прызнаецца, што на самой справе зайшоў да Сігала, каб падключыцца да інтэрнэту, каб пагуляць у «World of Warships». Ён расказвае актору пра сутнасць гульні, пасля чаго той сыходзіць у яе з галавой.

У апісанні роліка таксама ўдакладняецца, што гульцам будзе даступны новы персанаж – Стывен Сігал у вобразе капітана карабля. Аднак, мяркуючы па каментарах, далёка не ўсім карыстальнікам сеткі спадабалася падобная рэклама. «Крыўдна за Сігала… А некалі ён быў брутальны», – адзначыў адзін з іх.

«World of Warships» – кампʼютарная гульня ў жанры шматкарыстальніцкага онлайн-сімулятара марскіх бітваў часоў Другой сусветнай вайны. Яе распрацоўкай займаецца беларуская кампанія «Wargaming» са штаб-кватэрай на Кіпры і асноўным цэнтрам працы ў Менску.

Сёлета ў жніўні Стывен Сігал наведаў Беларусь і спаткаўся з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам. З рук лідара Беларусі актор паспрабаваў беларускую моркву.

МЯ, паводле lenta.ru

Стужка навінаў