Як шаптуха была ў камсамоле, або Каму перададуць свой дар беларускія знахаркі?


«Белсат» выправіўся на Палессе, каб паразмаўляць з тымі, хто дагэтуль валодае старажытнай магіяй слова.

– Ці ёсць у вас тут якія-кольвек шаптухі, кабеты, якія ад хваробаў замаўляюць? – пытаемся ў прадавачкі ў адной з харчовых крамаў у Жыткавічах. Кабета заўсміхалася, больш пільна прыгледзелася да нас ды адмоўна пахітала галавою. Праз секунду, аднак, схамянулася:

– Ёсць тут адна. Я да яе дзіця вадзіла ад сполаху замаўляць. Плакала надта дзіця – не было ніякай рады. Толькі тая жанчына і дапамагла.

Жыткавіцкая знахарка жыве ў доме з чырвонай цэглы. Заходзім на падворак і гукаем. Праз хвіліну нас вітала невысокая жанчына ў хатнім халаце і ў тапках.

– Праходзьце, праходзьце, калі ласка, – запрасіла яна нас у асобны пакой, дзе ўвесь стол быў застаўлены розных памераў іконамі і штучнымі кветкамі. Выглядала, што пакой з адмысловым алтарыкам быў працоўным кабінетам знахаркі. – Я чытаю над людзьмі Божыя малітвы, – распавяла нам аздараўляльніца. – Тут ніякай магіі няма. Я ў царкву хаджу, я – праваслаўная, і бацюшка да мяне нармальна ставіцца.

 

[vc_single_image image=”346787″ img_size=”large”]

Фрагмент замовы, пачутай у Жыткавічах

Дым-дымочак, ляці на раба Божага дварочак,

Дзе астаўся малады слядочак.

Я пайду ўгору, набяру жоўтага пяску,

І насыплю на след яго врагу,

Зоры-зараніцы, вас на небе тры сястрыцы,

Адна – вячэрняя, втарая – палуношная,

Трэцяя – утрашняя, будзьце яму памочніцай.

 

Жанчыну штодзень наведвае некалькі чалавек з рознымі праблемамі – нехта прывозіць дзяцей, бо тыя не могуць спаць ці мочацца ўночы, нехта прыходзіць сам, падарваўшыся пры цяжкой працы, з болем суставаў, спіны, скуламі і крывацёкамі. Каб кабету не абвінавацілі ў чарах, яна чытае малітвы ўслых.

– Бывае, прыйдзе чалавек дадому, а яму дрэнна зробіцца і ён будзе думаць, што гэта я яму нашаптала нечага. А так ён чуе, што я нічога кепскага не гавару.

Кабета распавяла, што апрача варажбы некаторыя знахары ды шаптухі выкарыстоўваюць звычайныя фокусы, да прыкладу, выцягваючы з-пад скуры ці з вопраткі хворага металёвыя іголкі, якія нібыта з’явіліся ў целе ад нагавораў зайздроснікаў. Звычайна за свае паслугі такія людзі бяруць вялікія грошы.

Спадарыня патлумачыла, што атрымала свой дар ад маці, якая жыла ў вёсцы пад Полацкам, і таксама замовамі ды травамі лячыла людзей. Нешта жанчына запазычыла ад дзвюх знаёмых бабулек у Жыткавічах, куды выйшла замуж з паўночнай Беларусі і дзе пражыла ўжо 40 гадоў. «Памагай людзям, то і табе дасць Бог збаўленне», – пакінулі запавет старэнькія бабулі жанчыне. Сеанс звычайна выглядае так, што знахарка змешвае ў бутэльцы звычайную ваду з асвячанай у царкве, і чытае малітву, у якой пералічвае розныя хваробы.

Пра ядзенейка, піценейка і дапамажэнейка

Залатнік-залатнічку, Божы чалавечку,

Па касцях не хадзі, касцей не ламі,

Мацярынскае крыві не разлівай, болі не давай.

Маці цябе нарадзіла, баба шоўкавай ніткай павязала,

Бож’я Мацер на месца пасадзіла.

Сядзь на сваё месцейка, на залатое крэслейка.

Будзе табе ядзенейка, піценейка,

Ад Госпада Бога дапамажэннейка.

 

– Я так пазнаю, якія чалавек мае немачы. Калі частка малітвы, дзе называю пэўную хваробу, цяжка чытаецца, i ў мяне трасуцца рукі, гэта значыць, што гэтая хвароба ёсць у чалавеку, – патлумачыла аздараўляльніца.

Пасля сеансу наведнік мусіць забраць ваду з сабою ды піць яе некалькі разоў у дзень, абмываць твар ды пырскаць на ложак перад сном.

Аздараўляльніца згадзілася прачытаць нам малітву, якая дапамагае ёй вызначыць дыягназ. У малітве ёсць фрагменты на чысцюткай беларускай мове, якія, відавочна, самыя архаічныя, а ёсць і кавалкі густа перасыпаныя царкоўна-славянізмамі.

Пасля таго, як хвароба вызначаная, можна чытаць адмысловыя малітвы на паправу ад канкрэтнага захворвання. Яшчэ адзін метад – «катанне яечка», калі знахарка бярэ курынае яйка і катае яго па балючых месцах. Яйка мае ўвабраць хваробы і дрэнную энергію. Жанчына на нашу просьбу прыклала яечка да спіны і шыі аднаго з нас, а потым яго патрэсла.

– Чуеце? – запыталася. І насамрэч у яйку нешта забулькатала. – Гэта «чарната» выходзіць з цела. Кабета загарнула яйка ў кавалак газеты. – Трэба гэтае яйка спаліць у печцы, а попел выкінуць на скрыжаванні дарогаў – тады хваробы, якія на вас наслалі ворагі, вернуцца да іх. – Ды ў нас няма печкі, і мы цяпер падарожнічаем, – адказваем. – Ну, хоць разбіце тады яечка недзе на скрыжаванні.

Беларускі народны экзарцызм – высыланне хваробы

Прыляціце вароны – забярыце зглаз і іспуг.

Нясіце туды, дзе сонца не свеціць, дзе людзі не ходзяць,

На сухія лозы, на сыпучыя пяскі,

Куды хрышчоны чалавек дарогу не знаець.

Хай у раба Божага ўся бяда прападаець.

Атайдзіце вы ад раба Божага, ідзіце вы к пакойнікам.

Ветрам нанесены, думай надуманы, казам наказаны,

Па касцях не хадзі, касцей не ламі,

Болі не давай, чалавека не гняці.

Ідзі ў лес, лаві воўка, і гняці воўка.

А рабу Божаму дай спаннё, гулянне, добрае спачуванне.

 

Знахарка пажалілася нам, што праз сваю паслугу не мае часу адпачыць ды перадыхнуць.

– Я б і хацела, паляжаць ці кніжку пачытаць, альбо куды паехаць, але няма як, бо заўсёды нехта прыходзіць са сваімі праблемамі. Ён жа чакае, спадзяецца на мяне. Як я магу яго кінуць? Альбо прывезлі жанчыну з крывацячэннем, а мяне ў хаце няма – гэта ж мучэнне толькі для яе. Людзі ж едуць да мяне не на прагулку, а едуць з бядою.

Жанчына сцвярджае, што грошай за свае паслугі не бярэ, але людзі прыносяць ёй цукеркі, печыва, часам булку хлеба, а бывае, што проста кажуць «дзякуй». Да ўсіх кабета стараецца ставіцца аднолькава:

– Адзін прыходзіць – французскімі духамі пахне, другі – мачой. Нікім нельга пагарджаць, грэбаваць. Хай прыйдзе высокі начальнік, і хай прыйдзе той, хто пад плотам ляжыць – я мушу да кожнага аднолькава ставіцца.

Цяжка быць знахаркаю і таму, падкрэслівае жанчына, што трэба праз сябе прапусціць «чарнату» іншых.

– Я чую людзей, заўсёды ведаю, добры ён ці паганы. Прыходзяць часам дзве жанчыны. Адной трэба, а другая – з цікавасці. Тая першая паўтарае: «Вось у мяне зайздроснікі, жыцця ніякага праз іх не маю». Я чую, як ад ейнай сяброўкі холад ідзе. Выходзіць, зайздросніка і самага першага свайго ворага яна з сабою прывяла.

Разам з тым жыхарка Жыткавічаў падкрэслівае, што на ўсё воля Божая, бо, «калі Бог не захоча, то нікога не вылечыш, як бы ні стараўся». Свае ўменні знахарка збіраецца перадаць сваёй нявестцы, з якой жыве ў адным доме.

– Нявестачка мая вельмі добрая, разумнічка – перш закончыла коледж на настаўніцу беларускай мовы, а пасля яшчэ ў Лінгвістычным універсітэце атрымала дыплом выкладчыцы англійскай мовы. Яна прыслухоўваецца і прыглядаецца, што я раблю. Пасля мяне яна гэтым зоймецца.

Моцны сон дае «бабка-начнічка»

Часты звёзды яму сёстры, ясны месяц – брат,

Добры сон – кум і сват.

Бабка-начнічка, мілая сястрычка, вазьмі хлеб-соль,

Дай рабу Божаму крэпкі і спакойны сон.

 

Пытаем пра мясцовую канкурэнцыю сярод знахарак, і аказваецца, што ў гарадку з насельніцтвам у 16 тысячаў ёсць болей тых, хто лечыць людзей замовамі. Адна з гэтых людзей –бабка Вера, якая жыве акурат побач з раённаю лякарняю і прапануе альтэрнатыву афіцыйным метадам лячэння.

Кіруемся, каб пагутарыць з ёю. Калі заходзім у сенцы, нас вітае сухенькая бабуля і заклапочана вохкае:

– Мужчыны прыйшлі, а сёння ж аўторак – жаночы дзень.

– Што значыць жаночы дзень? – пытаемся.

– Гэта значыць, што ў гэты дзень, калі буду замаўляць, то найбольш дапамагае жанчынам. Жаночыя дні – гэта аўторак, чацвер і субота. Рэшта – мужчынскія.

Свой дар знахарка таксама атрымала ад маці-шаптухі, якая пражыла амаль 100 гадоў.

– Мама мая, як перадавала, то казала, каб я не карысталася гэтаю малітваю, пакуль яна жывая, бо прападзе ейная сіла. Як сёння памятаю, калі першы раз давялося замаўляць. Гэта было пасля вайны неяк. Быў пажар у суседзяў, і хлопец моцна абгарэў, крычаў, проста скавытаў з болю. Я яму пашаптала на вуха, як мяне мама вучыла – і лягчэй яму стала, не так моцна ўжо балела, – распавяла бабуля. Сваю малітву яна не чытае ў голас – гэта таямніца. Праўда, былі выпадкі, калі да яе прыходзілі з магнітафонам і спрабавалі таемна запісаць словы, якія яна шэпча.

Пасля вайны спадарыні Веры удалося атрымаць вышэйшую адукацыю. Шмат гадоў яна адпрацавала галоўнаю бухгалтаркаю на пошце ў Жыткавічах. Ейны муж быў начальнікам міліцыі ў горадзе і не меў нічога супраць таго, што жонка часам шаптала дзеля здароўя іншых.

– А як улады ставіліся да таго, што вы замаўляеце ад хваробаў, у савецкія часы? Ці не пераследвалі вас? – цікавімся мы.

 

 

– А дзе там хто пераследваў? – здзівілася шаптуха. – Я сама была ў камсамоле. Партыйныя чыны з гораду ведалі, што я шапчу, ды самі прыязджалі да мяне, калі нешта ім дакучала. Я і ім дапамагала.

– А каму свой дар перадасце?

– Пляменніку свайму, мусіць, – ківае знахарка на мужчыну каля 50-ці гадоў, што прысеў на парог, пакуль мы з ёю размаўлялі. – У мяне няма дзяцей, то перадам яму.

– Ой, не трэба мне гэтага, – адмахнуўся мужчына, які стала жыве ў Менску, а толькі часова прыехаў у Жыткавічы, каб дапамагчы сваячцы з рамонтам. – Навошта яно мне? Толькі людзі будуць парогі абіваць, галаву дурыць, што ні адпачыць, ні расслабіцца. Не хачу!

– Не, мушу перадаць, – не згаджаецца бабуля. – На той свет я гэтага не пацягну. Толькі глядзі, як перадам, не ўжывай тых словаў, пакуль я не памру…, – турбуецца старэнькая жанчына.

Падзякаваўшы, мы выходзім. Да брамкі нас праводзіць пляменнік гаспадыні.

– Ну што тут зробіш? – звярнуўся да нас мужчына. – Не магу я цётку замкнуць, каб яна не шаптала людзям… А зрэшты, тут жа Палессе, лесавікі, вадзянікі ўсялякія… Тут мусяць адбывацца дзівосы…

Максім Ярашэвіч, Якуб Бернат, belsat.eu

Стужка навінаў