Ці ў вас могуць забраць дзіця? Прайдзіце наш ТЭСТ!


Алкаголікі і злачынцы – гэткія вобразы ўзгадваюцца, калі вядзецца гаворка аб сям’і ў сацыяльна небяспечным становішчы. Але ж беларускае заканадаўства дазваляе надаваць статус сям’і ў сацыяльна небяспечным становішчы праз запазычанасць па камунальных паслугах, за тое, што бацькі дзіцяці – «дармаеды», або таксама за тое, што сям’я звяртаецца з просьбамі аб дапамозе ў дабрачынныя арганізацыі. Дзе тут здаровы сэнс і што рабіць, каб не трапіць у пастку?

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
  • Ці пагражае вам атрыманне стутусу сям“і ў сацыяльна-небяспечным становішчы?

Будзьце ўважлівыя ў дачыненнях са школай

Бо менавіта школа становіцца ініцыятарам у наданні сем’ям статусу сацыяльна-небяспечных

Школа №217 Фрунзенскага раёну.

Класныя кіраўнікі забавязаныя наведваць сем’і сваіх вучняў, пасля чаго складаюць так званыя акты жыллёва-бытавых умоваў, якія перадаюць сацыяльным педагогам і завучам па выхаваўчай рабоце. Як распавяла belsat.eu Вольга, настаўніца малодшых класаў адной з менскіх школаў на Каменнай горцы, распавядае, да каго педагогі мусяць прыходзіць з правяраннем.

«Агулам, я павінна схадзіць да ўсіх, але ў першую чаргу – да шматдзетных і льготнікаў. У маім класе такіх 13 сем’яў. Пасля ў акце я павінна напісаць, ці ёсць у дзіцяці крэсла, стол, ложак, кніжкі, гульні, – распавядае Вольга. – Я павінна зазірнуць у лядоўню, ці ёсць у дзіцяці ежа, а таксама спраўдзіць, ці ёсць асабістая зубная шчотка».

Настаўнікі робяць гэта ў свой вольны час, па-за працаю ў класе. Часцей за ўсё ходзяць па сем’ях увечары, каб застаць бацькоў, якія працуюць. Стараюцца хадзіць удваіх, бо невядома як прымуць нечаканых гасцей.

«У мяне ёсць вялікія сумневы ў дапушчальнасці такой дзейнасці з боку класнага кіраўніка. Якое права я маю прыходзіць да кагосьці ў кватэру і інспектаваць яе? Да таго ж, школа не дае настаўнікам ніякіх дакументаў або пасведчанняў на гэта. Калі я прыйду і атрымаю ў твар ад нецвярозых жыхароў кватэры, спытаць за гэта са школы я не змагу, бо гэта адбылося ў мой вольны час і пры мне – ніякіх пацверджанняў, што гэта – мая праца», – кажа настаўніца.

Вольга распавядае, што патэнцыйна сацыяльна-небяспечныя сем’і бачна адразу з парогу праз атмасферу ў доме, праз выгляд бацькоў.

«У маім класе ёсць сям’я, якую можна ставіць у сацыяльна-небяспечнае становішча, але пакуль наконт іх яшчэ вырашаецца. Калі я прыйшла да іх, гэта быў проста жах. Я зайшла ў кватэру, маці п’яная, бацька п’яны дзесьці валяецца ў пакоі, голыя сцены, папіросны дым. Няма электрычнасці, адпаведна не працуе лядоўня. Я не заходзіла далей за парог, бо мне было страшнавата».

Настаўніца кажа, што ніколі не паставіць мінус, калі раптам у хаце апынулася непрыбрана, але бачна, што агулам у сям’і дружна, утульна. Але так індывідуальна падыходзяць да справы не ўсе настаўнікі. Калі ведаеце, што да вас могуць завітаць з правяраннем, лепш трымаць дом у парадку і свежую ежу ў лядоўні.

Нагодаю для візіту можа стаць, напрыклад, тое, што бацькі не набываюць у школе стоадсоткавае гарачае харчаванне для дзіцяці. Гэта – знак, быццам ў сям’і няма грошай. Яшчэ адна звычайная нагода – калі ў дзіцяці шмат прапушчаных заняткаў.

Так адбылося з сям’ёй Міронавых. 8-гадовую Эльвіру забралі з сям’і 31 жніўня, перад пачаткам навучальнага году. Прычына – быццам бацькі забаранялі дзяўчынцы хадзіць у школу. Фармальна гэтак і адбылося – Эльвіра не хадзіла ў школу амаль увесь першы клас. Але, па словах маці, не праз тое, што ёй забаранялі – проста не было куды. Пасля канфлікту ў папярэдняй школе маці не магла знайсці новага месца для дачкі і безвынікова прасіла дапамогі ў камітэце па адукацыі менгарвыканкама. У выніку дзяўчынку забралі з сям’і ў прытулак.

Маці Таццяна Міронава сцвярджала, што іх ніхто не папярэдзіў, а проста гвалтам забралі дзіця.

Таццяна Міронава, маці 8-гадовай Эльвіры.

Але на судовым паседжанні, што адбывалася па справе вяртання маленькай Эльвіры Міронавай у сям’ю, прадстаўнікі камісіі па справах непаўнагадовых і аддзелу адукацыі сцвярджалі, што намагаліся выйсці на кантакт з сям’ёй, але ў іх нічога не атрымалася.

Тое ж самае кажа і настаўніца Вольга – проста так дзіця з сям’і не забіраюць, гэта – скрайняя захада. Спачатку выстаўляецца папярэджанне пра сацыяльна-небяспечнае становішча, з бацькамі праводзяцца прафілактычныя размовы, іх выклікаюць у школу, выдаюць рэкамендацыі, некалькі разоў наведваюць. Толькі калі няма паляпшэнняў або сям’я не выходзіць на сувязь – забіраюць дзіця.

«Могуць дасылаць лісты, выклік на савет прафілактыкі. Наколькі добрасумленна гэта выконваецца паўсюль – не магу сказаць», – кажа Вольга.

Прынцып Дэкрэту № 18

Статус сацыяльна-небяспечнай сям’і, а таксама дзеянні па змяшчэнні дзіцяці пад дзяржаўную апёку вызначаюцца Дэкрэтам №18 і актамі іншый дзяржаўных органаў, распрацаваных дзеля выканання гэтага дэкрэту.

Паводле праграмы, прыкметамі сацыяльна-небяспечнай сямʼі разам з алкагалізмам і нядбайнасцю могуць стаць частыя звароты па дапамогу да дзяржаўных і недзяржаўных арганізацыяў, «дармаедства» або беспрацоўе бацькоў, запазычанасць за камунальныя паслугі.

«Ні паводле міжнародных нормаў, ні па нацыянальным заканадаўстве толькі адзін з названых крытэраў сам па сабе не можа стаць падставай для адбірання дзіцяці з сям’і. – Патлумачылі belsat.eu у фондзе ЮНІСЕФ у Беларусі. – Вызначэнне становішча дзіцяці павінна насіць комплексны характар, утрымліваць аналіз па шэрагу паказнікаў, наяўнасці рызыкі здароўю і жыццю дзіцяці. Любое рашэнне павінна прымацца ў індывідуальным парадку і найперш з мэтай бяспекі і абароны дзіцяці, быць накіраваным на выкананне яго ці яе правоў у адпаведнасці з прынцыпам недыскрымінацыі. У тым выпадку, калі дзіця забіраюць з сям’і на падставе адзінага паказніка, гэтая практыка не адпавядае прынцыпу найлепшай карысці для дзіцяці».

У той жа час, менавіта фінансавыя цяжкасці часта становяцца прычынай канфліктаў паміж сем’ямі і чыноўнікамі. У Дзярэчыне на Слонімшчыне шматдзетная сям’я змагаецца з мясцовай адміністрацыяй.

Алёна Косцікава, маці 4-х дзяцей у Дзярэчыне. Васіль Малчанаў/ Белсат

Калі маці Алена нарадзіла ў чарговы раз, у радзільні ёй сказалі, што не аддадуць дзіця з-за таго, што ў іх няма дастатковай жыллёвай плошчы. Пазней сям’ю звінавацілі ва ўжыванні алкаголю, але маці лічыць, што гэта робіцца, каб пазбавіць сям’ю фінансавай дапамогі.

Сям’і Мокас з Дзяржынску надалі статус сацыяльна небяспечнай праз запазычанасць за электраэнергію. Заробку бацькі і сацыяльнай дапамогі не хапае, каб у час плаціць усе камунальныя паслугі. Сям’я звярнулася да тэлеканалу «Белсат» з надзеяй, што розгалас дапаможа абараніцца і захаваць дзяцей у сям’і.

Як распавялі нам у ЮНІСЕФ, паводле з прынцыпауў ААН фінансавая і матэрыяльная патрэба не можа быць падставай для таго, каб пазбавіць дзіця бацькоўскага нагляду, але ёсць сігналам аб неабходнасці дапамагчы такой сям’і.

«Такім чынам, у выпадку, калі сям’я, што выхоўвае дзяцей, мае цяжкасці па аднаму або некалькім крытэрам, ёй у першую чаргу павінна быць аказаная дапамога для таго, каб перадухіліць адбіранне дзіцяці, калі гэта магчыма. Такая дапамога можа выглядаць як узаемадзеянне бацькоў з асобнымі спецыялістамі, або як адрасаваная сацыяльная падтрымка», – распавялі ў ЮНІСЕФ.

Што рабіць, калі бацькі лічаць пастанову ў сацыяльна-небяспечнае становішча або адабранне дзіцяці беспадстаўным?

Не баяцца розгаласу і адстойваць свае правы ў дзяржаўных установах.

Маці Таццяна Міронава паказвае лісты і дакументы – карэспандэнцыя з камітэтам па адукацыі, школамі, камітэтам па даглядзе за непаўнагадовымі.

Па-першае, запатрабаваць усе дакументы, на падставе якіх забралі дзіця або надалі статус сям’і ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта можна зрабіць у школе, калі ініцыятарам з’яўлялася школа, у камітэце па справах непаўнагадовых, які з’яўляецца наступнай інстанцыяй у такіх выпадках.

Па-другое, сабраць доказы сваёй невінаватасці, адсутнасці ў сям’і пагрозы жыццю або здароўю дзіцяці і звярнуцца ў суд з абскарджаннем рашэння аб адабранні дзіцяці, або пастановы аб прызнанні сям’і ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

У выпадку, калі беларускія суды да апошняй інстанцыі не вырашаць справу на карысць бацькоў, беларускія грамадзяне могуць звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ў ААН. Прадстаўніцтва ААН у Беларусі можа тэхнічна дапамагчы з афармленнем такой скаргі.

Нарэшце, не баяцца розгаласу сваёй справы. Грамадскае абурэнне, асвятленне ў медыях падвышае шанец, што чыноўнікі не будуць свавольнічаць і прымуць меры згодна з заканадаўствам і здаровым сэнсам. Так адбылося, напрыклад, у выпадку сям’і Ганны ды Анатоля Бахураў, у якіх праз інваліднасць бацькоў хацелі забраць дзіця. Рэзананс у медыях прывёў да ўмяшання ў сітуацыю тагачаснае міністаркі працы Марыяны Шчоткінай, і сын Косця застаўся з бацькамі.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў